Якасная мабільная сувязь і доступ да высакахуткаснага інтэрнэту
Сёння ўжо немагчыма ўявіць наша жыццё без мабільных тэлефонаў і інтэрнэту, якія злучаюць людзей нават на супрацьлеглых канцах свету, не кажучы ўжо пра суседні горад. Дзякуючы з’яўленню высакахуткаснага інтэрнэту пачалі ўкараняцца тэлемедыцына і сістэмы дыстанцыйнага маніторынгу здароўя, забяспечваецца эфектыўны маніторынг навакольнага асяроддзя, выкарыстоўваюцца новыя тэхналогіі дакладнага земляробства, рэалізуюцца канцэпцыі разумных рэгіёнаў і гарадоў Беларусі. Пры гэтым заўсёды ёсць адваротны бок медаля — адначасова з пашырэннем тэхнічных магчымасцяў у галіне электрасувязі расце колькасць махлярстваў у сферы тэлекамунікацый. Гэтыя і многія іншыя пытанні, якія звязаны з сувяззю і інтэрнэтам, абмеркавалі сёння ў Авальнай зале Дома ўрада на семінары-нарадзе «Актуальныя пытанні павышэння якасці паслуг сувязі і эфектыўнасці іх аказання».
Як адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, тэма семінара-нарады была выбрана невыпадкова, бо пытанні якасці сувязі пастаянна ўзнімаюцца выбаршчыкамі ў канкрэтных рэгіёнах: «У Дырэктыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь „Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва“ ўраду была пастаўлена задача па ахопе насельніцтва ў сельскай мясцовасці паслугамі сотавай сувязі і прадастаўленні шырокапалоснага доступу да сеткі Інтэрнэт», — нагадаў спікер. Ігар Сергяенка звярнуў увагу, што заканадаўчая база дазваляе праводзіць лічбавізацыю, фарміраваць інфраструктуру, укараняць новыя тэхналогіі. «Сярод найбольш значных у гэтых сферах — Закон „Аб электрасувязі“, указы Прэзідэнта „Аб аказанні паслуг сотавай мабільнай электрасувязі“, „Аб будаўніцтве аб’ектаў сотавай сувязі“, „Аб некаторых мерах па развіцці сеткі перадачы даных у Рэспубліцы Беларусь“ і іншыя. Аднак у шэрагу выпадкаў арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы, якія праводзяцца, не садзейнічаюць павышэнню якасці сувязі, што выклікае абгрунтаваныя прэтэнзіі з боку насельніцтва», — заўважыў Ігар Сергяенка.
«Якасная мабільная сувязь, доступ да высакахуткаснага інтэрнэту ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь сталі дэ-факта сацыяльным стандартам, — заявіў міністр сувязі і інфарматызацыі Кірыл Залескі. — Імклівая лічбавізацыя ўсіх галін эканомікі і сацыяльнай сферы выклікае такі ж імклівы рост попыту жыхароў і бізнесу на сучасныя паслугі сувязі адпаведнага ўзроўню».
Паводле афіцыйнай статыстыкі, сёння ахоп насельніцтва Беларусі паслугамі сотавай і мабільнай электрасувязі стандарту 4G складае 99,6 %, ахоп тэрыторыі — 94 %. Пры гэтым ахоп насельніцтва паслугамі сотавай сувязі па тэхналогіі 3G складае 99,9 %, тэрыторыі — 98,6 %. «Пры такіх лічбах ахопу ўзнікае заканамернае пытанне якасці паслуг мабільнай сувязі. Спажыўцу важна не наяўнасць сігналу як такога, а хуткасць і стабільнасць злучэння мабільнага інтэрнэту ў канкрэтным пункце.
Менавіта ў дадзеным кантэксце мы атрымліваем справядлівыя нараканні, асабліва ў сельскай мясцовасці. Можам канстатаваць і такі факт: спажыванне трафіку мабільнага інтэрнэту ў Беларусі за апошнія 5 гадоў вырасла ў 3 разы. І штогод гэты рост складае прыкладна 40 %», — сказаў міністр.
Што датычыцца якасці мабільнай сувязі, яна залежыць ад двух галоўных фактараў. «Першы — прапускная здольнасць сеткі ў канкрэтным пункце. Яна залежыць ад таго, колькі базавых станцый пабудавана і як часта яны расстаўлены па тэрыторыі. Другі фактар — нагрузка на сетку. Яна залежыць ад таго, колькі абанентаў і з якой актыўнасцю падключаны да сеткі праз канкрэтную базавую станцыю, — тлумачыць Кірыл Залескі. — У сваіх зваротах грамадзяне нярэдка скардзяцца на рэзкае пагаршэнне якасці мабільнай сувязі ў канкрэтным населеным пункце. Як яна магла пагоршыцца, калі базавыя станцыі ніхто не дэманціруе? Гэта азначае, што абаненты, якія знаходзяцца бліжэй, чым праблемная зона, да самой базавай станцыі, сталі спажываць больш гэтага рэсурсу. Таму тым, хто знаходзяцца далей, гэтага рэсурсу стала не хапаць. І тут, вядома, рашэнне — будаўніцтва базавых станцый з больш частай расстаноўкай па тэрыторыі. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі вядзе работу па абодвух гэтых кірунках. Нашы меры накіраваны як на максімальнае паскарэнне будаўніцтва новых аб’ектаў інфраструктуры, так і на больш збалансаваную нагрузку на сеткі сотавай сувязі».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ