Top.Mail.Ru

У Палаце прадстаўнікоў прайшла сустрэча з членамі Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў

З акцэнтам на духоўнасць і маральнасць



На мерапрыемстве, прымеркаваным да Дня маці, у адрас прадстаўніц арганізацыі, а таксама ўсіх жанчын, якія выхоўваюць дзяцей, прагучалі віншавальныя словы ад дэпутацкага корпуса краіны. У Авальнай зале, дзе прымаюцца найважнейшыя заканадаўчыя рашэнні, абмяркоўваліся пытанні, якія хвалююць шматдзетныя сем’і. Сярод іх — абарона дзяцей ад негатыўнага ўплыву інфармацыйнага асяроддзя, увядзенне мер, накіраваных на забарону выкарыстання ў маладзёжным асяроддзі вэйпаў, добраўпарадкаванне сталічнага раёна гульнявымі і спартыўнымі зонамі. Асобным блокам прагучала тэма выхавання падрастаючага пакалення з апорай на духоўна-маральныя каштоўнасці.

Як звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, Прэзідэнт неаднаразова падкрэсліваў, што мацярынства — самае высокае прызванне жанчыны, а пакланенне перад маці, шанаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў з’яўляюцца аднымі з ключавых асаблівасцяў сучаснага грамадства. 

«Думаю, што дзяржаўную падтрымку многія з вас, асабліва жанчыны маладога ўзросту, паспелі адчуць, — канстатаваў спікер. — Гэта і сямейны капітал, які з’явіўся ў суверэннай Беларусі, і адрасная сацыяльная дапамога. Я ўжо не кажу пра трохгадовы дэкрэтны водпуск, які аплачваецца. І гэта не ўсе гарантыі і сацыяльныя выгады». 

Па словах Ігар Сергяенкі, пытанні падтрымкі мацярынства і дзяцінства ўвасоблены ў рэальных заканадаўчых і іншых нарматыўных прававых актах.

«Сёння ў нас амаль 10 % сем’яў — шматдзетныя, — адзначыў спікер. — За апошнія шэсць гадоў адзначаецца рост: цяпер у краіне больш чым 120 тысяч шматдзетных сем’яў (у 2019 годзе іх было 106 тысяч). У шматдзетных сем’ях выхоўваецца звыш 400 тысяч дзяцей. Гэта фактычна кожнае пятае дзіця нашай краіны. А гэта ўжо пытанне дэмаграфічнай бяспекі».

Старшыня Палаты прадстаўнікоў заўважыў, што праблема змяншэння насельніцтва з’яўляецца даволі вострай. На гэта ў тым ліку ўплывае і тое, што з кожным годам маладыя людзі ўсё пазней заключаюць шлюбы, адкладаюць нараджэнне першага дзіцяці на потым. Пры гэтым, як удакладніў Ігар Сергяенка, Беларусь займае 25-е месца ў рэйтынгу самых камфортных для мацярынства краін. Усяго ў гэтым спісе — 179 дзяржаў. 

Аднак не могуць не радаваць адносіны моладзі да традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. «Апытанне, праведзенае Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі ў першым квартале бягучага года, сведчыць аб тым, што прыярытэтамі сярод моладзі з’яўляецца выхаванне дзяцей (68 %), важнасць сям’і (65 %), — канкрэтызаваў спікер. — Гэта сведчыць аб тым, што традыцыйныя сямейныя каштоўнасці знаходзяць сваё ўвасабленне і ва ўспрыняцці моладзі». 

Ігар Сергяенка звярнуў увагу на тое, што сям’я аказвае важную дапамогу дзяржаве ў пытанні патрыятычнага выхавання грамадства. Па яго словах, сёння шмат гаворыцца аб тым, што фарміраванне грамадзяніна нашай краіны адбываецца ў школе. «Аднак усё-такі першаасновай для выхавання годнага грамадзяніна нашай краіны з’яўляецца сям’я, — падкрэсліў спікер. — Ад таго, якія каштоўнасці закладваюцца ў сям’і, будзе залежыць і далейшы рух грамадства, і тое, якімі будуць расці нашы дзеці. І асабісты прыклад кожнага з бацькоў адыгрывае сур’ёзную ролю. Гэта і працавітасць, і павага да старэйшых, і любоў да Радзімы, гатоўнасць абараняць яе, калі спатрэбіцца, цаной уласнага жыцця. Разглядаючы пытанні матэрыяльнай падтрымкі, нельга адыходзіць і ад пытанняў духоўна-маральнага выхавання. Гэта, напэўна, сёння больш важна і актуальна». 

Як падзялілася ў размове з журналістамі маці пецярых дзяцей Алена ЖУРАЎЛЁВА, дзяржаўную падтрымку шматдзетныя сем’і адчуваюць ва ўсіх сферах. «Адносіны да нас і з боку работадаўцы, і з боку школы, дзіцячага садка вельмі добразычлівыя, — канстатавала шматдзетная маці. — Заўсёды можна дамовіцца аб больш вольным графіку. Калі дзецям патрэбна ўдзельнічаць у дадатковых мерапрыемствах, дастаткова лёгка вырашаецца пытанне з графікам навучання ў школе. Акрамя той каласальнай матэрыяльнай падтрымкі, якую атрымліваюць шматдзетныя сям’і, з кожным годам усё больш адчуваем маральную падтрымку, якая, на мой погляд, важнейшая, чым матэрыяльная».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

У тэму

У Беларусі стартуе Тыдзень бацькоўскай любові

Сёння ў краіне адзначаецца Дзень маці, які святкуецца ў Беларусі з 

1996 года. З гэтага ж дня пачынаецца і Тыдзень бацькоўскай любові, які завершыцца Днём бацькі 21 кастрычніка. 

У гэтыя дні пройдзе шэраг тэматычных мерапрыемстваў, прысвечаных самым важным у жыцці кожнага чалавека людзям.

У абласных, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтах арганізаваны ўрачыстыя прыёмы па ўзнагароджанні ордэнам Маці жанчын, якія з’яўляюцца прыкладам мацярынства, любові і адказнага выхавання дзяцей. Сёлета гэтай дзяржаўнай узнагароды ўдастоена 458 жанчын, а ўсяго з 

1998 года — больш за 14 тысяч маці.

Гэтымі днямі будуць падведзены вынікі творчага конкурсу сярод сродкаў масавай інфармацыі «Моцная сям’я — моцная дзяржава», сямейнага конкурсу органаў унутраных спраў «Сям’я — служым разам», конкурсу МНС «Сямейнае прызванне», конкурсу ў сістэме адукацыі «Гісторыя маёй сям’і». Традыцыйна запланаваны рэспубліканскія акцыі ў радзільных дамах «Павіншуем матулю з малышом», у арганізацыях — «Павіншуем маці і тату разам», у органах ЗАГС бацькоў павіншуюць пры рэгістрацыі шлюбу і нараджэнні дзіцяці, а сямейных юбіляраў — з памятнымі датамі сумеснага жыцця. Учора стартаваў марафон сямейных ролікаў у TikTok «Усё пачынаецца з сям’і», дзе кожны можа далучыцца і расказаць, што адбываецца ў беларускіх сем’ях.

У Полацку 14–15 кастрычніка пройдзе мерапрыемства «Размова пра важнае: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава», у Мінску на пляцоўцы мінскага тэхнапарка 17 кастрычніка будзе арганізаваны форум з удзелам працоўнай моладзі «Час сямейных каштоўнасцяў», а 21 кастрычніка — сямейнае свята «З татам разам».

15 кастрычніка адбудзецца Адзіны дзень кансультавання па пытаннях сацыяльнай абароны сямей з дзецьмі, а 14 і 21 кастрычніка адвакаты і натарыусы правядуць бясплатнае прававое кансультаванне па пытаннях шлюбнага сямейнага заканадаўства. Поўны пералік мерапрыемстваў, запланаваных на Тыдзень бацькоўскай любові, можна паглядзець на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

— Асноўныя мэты нашага святочнага тыдня — аб’яднаць намаганні дзяржавы, усіх жыхароў Беларусі для павышэння прэстыжу мацярынства і бацькоўства і яшчэ раз паклапаціцца пра нашых дзяцей, — адзначыла намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Юлія БЕРДНІКАВА. — Умацоўваць інстытут сям’і, захоўваць сямейныя каштоўнасці і перадаваць 

традыцыі — значыць умацоўваць шчаслівую будучыню нашай дзяржавы.

Намеснік міністра падкрэсліла, што сацыяльная арыентаванасць — асаблівасць нашай дзяржавы. Шчаслівая сям’я з’яўляецца адным з прыярытэтаў бягучай пяцігодкі і сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Сёння ў Беларусі рэалізоўваецца комплекс мер для падтрымкі сям’і пры нараджэнні і выхаванні дзяцей, створаны ўмовы для ўдзелу абодвух бацькоў у доглядзе дзяцей. Сацыяльная абарона сям’і, мацярынства і бацькоўства забяспечваюцца праз дзяржаўныя дапамогі пры нараджэнні і выхаванні дзяцей, сямейны капітал пры нараджэнні трэцяга і наступнага дзяцей, адрасную сацыяльную дапамогу і сацыяльныя паслугі, гарантыі ў сферы працы, пенсіённыя забеспячэнні, жыллёва-крэдытныя адносіны і іншае.

Як адзначыла начальнік Упраўлення інфармацыйнай палітыкі і ідэалагічнай работы Міністэрства інфармацыі Варвара АЛЕКСАНДРОВІЧ, ведамства адсочвае, якія каштоўнасці дамінуюць у нашым інфармацыйным полі, і трэнд у медыяполі на сям’ю ўзмацняецца.

— Наша задача — фарміраваць у моладзі разуменне таго, што вялікая сям’я — гэта актуальна, правільна і да гэтага трэба імкнуцца, — падкрэсліла Варвара Александровіч, дадаўшы, што найлепшых журналістаў, якія працавалі над тэмай сям’і, узнагародзяць 

21 кастрычніка

Алена КРАВЕЦ

Чытайце таксама: У Мінпрацы расказалі пра падтрымку сем’яў з дзецьмі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю