Top.Mail.Ru

У Палаце прадстаўнікоў падчас семінара-нарады дэталёва вывучылі прававое рэгуляванне фінансавых інструментаў, якія карыстаюцца попытам у насельніцтва


Крэдыты, мікразаймы, лізінг 

Як адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, адкрываючы семінар-нараду, фінансаваму рынку належыць істотная роля ў фарміраванні эканамічнага патэнцыялу краіны. Сусветны вопыт паказвае, што для якаснага функцыянавання фінансавага рынку неабходна дынамічнае развіццё ўсіх яго сегментаў, у тым ліку мікрафінансавых інструментаў. 

«9 верасня 2025 года на нарадзе з апаратам Нацыянальнага банка і кіраўніцтвам банкаў кіраўнік дзяржавы пазначыў ключавыя кірункі і прыярытэты развіцця для банкаўскай сістэмы. У гэтым плане многае зроблена. Сёння айчыннае прававое поле рэгулявання інструментаў грашовай падтрымкі насельніцтва будуецца на спалучэнні норм Банкаўскага кодэкса, профільных законаў, указаў кіраўніка дзяржавы, нарматыўных актаў Нацыянальнага банка і Міністэрства фінансаў», — адзначыў спікер. 

У мінулым годзе быў прыняты новы закон аб спажывецкім крэдыце і спажывецкай мікрапазыцы, унесены карэкціроўкі па пытаннях прадастаўлення пазыкі, накіраваныя на ўзмацненне барацьбы з нядобрасумленнымі даўжнікамі, абарону правоў і маёмасных інтарэсаў нашых грамадзян. «У лістападзе 2025 года ў Палаце прадстаўнікоў прайшоў працэдуру першага чытання праект Закона „Аб лізінгавай дзейнасці“, якім прадугледжана комплекснае рэгуляванне лізінгавых адносін. Спажывецкія крэдыты, мікразаймы, лізінг — гэта формы, якія дазваляюць грамадзянам і суб’ектам гаспадарання вырашаць розныя задачы — ад куплі тавараў і паслуг да часовага карыстання маёмасцю. З мэтай дэталёвага вывучэння фінансавых інструментаў для насельніцтва, якія выкарыстоўваюцца ў краіне, і было прынята рашэнне арганізаваць гэты семінар», — дадаў Ігар Сергяенка. 

Навошта і хто бярэ крэдыты 

Як расказаў член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Аляксей РАЙКО, спажывецкія крэдыты, лізінг, мікрапазыкі — гэта тыя фінансавыя інструменты, пры дапамозе якіх нашы грамадзяне могуць рэалізаваць свае асабістыя патрэбы. «Па стане на 1 студзеня 2026 года ў Беларусі было заключана больш за 5 мільёнаў 200 тысяч крэдытных дагавораў, — адзначыў парламентарый. — Штомесяц заключаецца каля 163 тысяч крэдытных дагавораў. Калі мы гаворым пра тое, хто іх бярэ, то гэта фізічная асоба ва ўзросце ад 26 да 45 гадоў. Пераважна крэдытамі карыстаюцца жанчыны, але сума крэдытнага дагавора вышэй у мужчын. Калі ж разглядаць тэрытарыяльную прыкмету, то колькасць крэдытных дагавораў у адносінах да працаздольнага насельніцтва і старэйшага, больш за ўсё заключаецца ў Магілёўскай вобласці, менш за ўсё — у горадзе Мінску. У цэлым, калі мы разглядаем лізінг, то практычна 50 % лізінгаатрымальнікаў размяшчаюцца ў Мінску і Мінскай вобласці. Нашы грамадзяне 70 % такога фінансавага інструмента, як лізінг, выкарыстоўваюць для куплі транспартных 
сродкаў». 

На бягучы момант у Палаце прадстаўнікоў рыхтуецца да другога чытання законапраект «Аб лізінгавай дзейнасці», адзначыў Аляксей Райко. «Гэта першы ў гісторыі нашай суверэннай краіны закон, які рэгулюе гэтыя адносіны, — дадаў ён. — Мы бачым, што дадзены законапраект карыстаецца папулярнасцю як у лізінгавых арганізацый, так і ў фізічных асоб, таму што сфера, якую ён рэгулюе, досыць аб’ёмная ў нас у краіне». 

Нацбанк чакае росту спажывецкага крэдытавання ў 2026 годзе на ўзроўні 9 % 

Гэта адзначыў першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр ЯГОРАЎ.  

«З пункту гледжання дынамікі спажывецкага крэдытавання мы сабе закладваем, што аб’ём у цэлым крэдытавання насельніцтва будзе больш на 9 %. Але канкрэтных лічбаў пакуль мы банкам не даводзім, таму што для нас больш важна менавіта павелічэнне долі крэдытаў на тавары айчыннай вытворчасці. Банкам неабходна будзе прымяніць мастацтва балансавання, каб і выканаць задачы, якія стаяць па асноўных кірунках грашова-крэдытнай палітыкі, інвестыцыйнаму крэдытаванню, долі крэдытавання айчынных вытворцаў, і нарасціць іншае крэдытаванне». 

Што датычыцца планаў інвестыцыйнага фінансавання, задача на бягучы год —павялічыць аб’ём выдачы інвестыцыйных крэдытаў мінімум на 13 % у параўнанні з вынікамі мінулага года. 

Рынак лізінгу займае вялікую ўдзельную вагу ў эканоміцы краіны 

Гэта ў размове з журналістамі падкрэсліў дырэктар Асацыяцыі лізінгадаўцаў Беларусі Сяргей ШЫМАНОВІЧ. «Па мінулым годзе ўдзельная вага лізінгавых аперацый у частцы перададзеных прадметаў складала 2,4 % унутранага валавога прадукту краіны. Нарматыўнае рэгуляванне, якое цяпер існуе, з’яўляецца дастаткова гарманічным і дазваляе галіне развівацца. Аднак за апошнія гады назапасіўся шэраг праблемных пытанняў, якія мы абмяркоўвалі разам з Нацыянальным банкам, з іншымі органамі дзяржкіравання. У выніку было прынята рашэнне аб прыняцці Закона „Аб лізінгавай дзейнасці“, які ўжо прайшоў першае чытанне. Спадзяюся, што ў гэтым паўгоддзі закон будзе прыняты і ўнясе шэраг навацый. У прыватнасці, дасць дадатковыя паўнамоцтвы Нацыянальнаму банку як рэгулятару лізінгавай галіны. Дадатковыя паўнамоцтвы дазволяць яшчэ больш гарманізаваць рынак, ліквідаваць нейкія магчымасці дысбалансу і павысіць ступень абароненасці лізінгавых атрымальнікаў», — сказаў Сяргей Шымановіч. 

У першую чаргу гэта датычыцца фізічных асоб, дадаў ён. Паколькі рынак лізінга фізічных асоб займае досыць істотную долю. «Гэта каля 25 % ад усіх лізінгавых аперацый. У рамках дадатковых паўнамоцтваў Нацбанка, якія будуць прадастаўлены законам, мяркуецца ўзмацненне адказнасці, кантролю, што дабратворна адаб’ецца на сацыяльнай абароненасці грамадзян і большым задавальненні іх патрэб пры набыцці маёмасці з дапамогай лізінгу», — адзначыў дырэктар Асацыяцыі лізінгадаўцаў Беларусі. 

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю