У рамках рэспубліканскай акцыі «Жанчыны, якія стварылі эпоху», прымеркаванай да Года беларускай жанчыны, у фае Авальнай залы Дома ўрада адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі пра 22 жанчын — Герояў Сацыялістычнай Працы. Выстаўка падрабязна раскрывае вобраз жанчыны як паўнапраўнага ўдзельніка развіцця краіны, спалучаючы дэманстрацыю працоўных дасягненняў з унікальнымі гістарычнымі фактамі з жыцця працаўніц.
Падчас урачыстага адкрыцця выстаўкі намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзім Іпатаў нагадаў, што абвешчаны кіраўніком дзяржавы Год беларускай жанчыны — падстава ўспомніць усіх тых, хто сваёй працай прымнажаў нацыянальны дабрабыт, яшчэ раз пагаварыць пра гэтых людзей, паказаць прыклад будучаму пакаленню. «І Палата прадстаўнікоў не знаходзіцца ў баку ад гэтага важнага элемента нашага жыцця — ініцыявала шэраг мерапрыемстваў, якія звязаны з Годам беларускай жанчыны, — падкрэсліў ён. — Зусім нядаўна мы ўшаноўвалі жанчын, якія аддаюць сваю працу, сваё жыццё сельскай гаспадарцы. Сёння стартавала рэспубліканская акцыя, таксама ініцыяваная Палатай прадстаўнікоў, „Жанчыны, якія стварылі эпоху“. У рамках гэтай акцыі мы ўспамінаем Герояў Сацыялістычнай Працы, кавалераў ордэна Працоўнай Славы. Гэта тыя жанчыны, якія сваёй працай паказвалі нам прыклад стаўлення да сваёй прафесіі, сваёй справы».

Вадзім Іпатаў анансаваў, што 1 мая на пляцоўцы парку Перамогі адбудзецца ўшанаванне сямейных працоўных дынастый з 14 галін эканомікі. Агульны працоўны стаж гэтых сем’яў — ад 60 да 354 гадоў. «Сёння ж мы адкрываем экспазіцыю, дзе прадстаўлены 22 працаўніцы. Прычым не проста працаўніцы, а Героі Сацыялістычнай Працы. За плячыма гэтых жанчын, якія вадзілі трактары, гадавалі дзяцей, будавалі дамы, — не толькі жыццё і працоўная слава, але і працоўны подзвіг», — заявіў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў. Вадзім Іпатаў расказаў пра адну з іх — сваю «калегу» Зінаіду Міхайлаўну Бычкоўскую, якая ў 1975 годзе была выбрана намеснікам Старшыні Вярхоўнага Савета БССР, а з 1976 да 1977 год выконвала абавязкі Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.
У размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Ірына Касцевіч расказала пра гісторыю стварэння выстаўкі. Так, у абвешчаны кіраўніком дзяржавы Год беларускай жанчыны парламентарыі сталі генерыраваць ідэі, як зрабіць гэты год асаблівым. «І так з’явіўся цэлы шэраг мерапрыемстваў. Адно з іх адбылося ў сакавіку — гэта форум „Жанчына і будучыня вёскі“. Наступным мерапрыемствам стала ўнікальная рэспубліканская акцыя „Жанчыны, якія стварылі эпоху“. Яе ідэя — расказаць усёй краіне пра такіх унікальных жанчын — Герояў Сацыялістычнай Працы, — канкрэтызавала Ірына Касцевіч. — Мы паглыбіліся ў архівы, сталі глядзець матэрыялы і па факце ўбачылі, што з 213 жанчын — Герояў Сацыялістычнай Працы ў жывых у нас засталіся толькі 6. Мы паглядзелі поўных кавалераў ордэна Працоўнай Славы — такіх 10 чалавек».

Падчас работы ў архівах у дэпутатаў нарадзілася яшчэ адна ідэя — стварыць унікальную выстаўку, адкрыццё якой адбылося ў Палаце прадстаўнікоў дзякуючы ў тым ліку калектыву Прэзідэнцкай бібліятэкі. Як адзначыла Ірына Касцевіч, у ходзе работ быў знойдзены ўнікальны альбом, выдадзены ў Міжнародны год жанчын (1975-ы). І ўсе 22 жанчыны — Героі Сацыялістычнай Працы з гэтага альбома прадстаўлены на выстаўцы ў фае Авальнай залы. «У выніку гэта акцыя сабрала цэлую эпоху, эпоху жанчын з рознымі лёсамі, з рознымі гісторыямі. Але самае галоўнае і ключавое — гэтыя жанчыны зрабілі асаблівы ўнёсак у развіццё нашай Беларусі», — звярнула ўвагу Ірына Касцевіч. Сярод іх — Алена Міронаўна Чухнюк — адна з першых у Савецкім Саюзе чыгуначніц, якім за заслугі ў забеспячэнні перавозак для фронту прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. 9 мая 1999 года, калі Алене Чухнюк было ўжо 82 гады, яна асабіста прывяла на Паклонную гару ў Маскве спецыяльны цягнік з ветэранамі-чыгуначнікамі.
Пасля ўрачыстага адкрыцця з выстаўкай азнаёміліся выкладчыкі і студэнты Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога. Работа выстаўкі будзе разгорнута 1 мая ў парку Перамогі і на працягу ўсяго года ў фае Авальнай залы Дома ўрада.



Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Лізаветы ГОЛАД