Мерапрыемства прайшло ў рамках рэспубліканскай акцыі «Ад усёй душы». Сярод удзельнікаў сустрэчы — спікеры мінулых скліканняў Уладзімір Андрэйчанка і Уладзімір Канаплёў.
Павіншаваўшы ўдзельнікаў сустрэчы з Новым годам і Раством Хрыстовым, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка тэзісна спыніўся на асноўных грамадска-палітычных падзеях, якія фарміравалі парадак дня мінулага года. «Па абноўленай Канстытуцыі прайшлі выбары ў Адзіны дзень галасавання, — нагадаў ён. — У сакавіку 2024 года адбылася знакавая сустрэча кіраўніка дзяржавы з дэпутатамі сёмага склікання, на якой была дадзена найвышэйшая адзнака работы парламентарыяў, уручаны заслужаныя дзяржаўныя ўзнагароды. У красавіку прайшоў Усебеларускі народны сход у новым, канстытуцыйным, статусе. Усе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з’яўляюцца дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу».
Па словах Ігара Сергяенкі, самае галоўнае, што ў мінулым годзе ў краіне былі забяспечаны мір, стабільнасць, суверэнітэт, эканамічная бяспека і нацыянальная бяспека ў цэлым.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў праінфармаваў аб дзейнасці дэпутатаў восьмага склікання. «Вядома, пэўны задзел быў пакінуты дэпутатамі сёмага склікання ў выглядзе разгледжаных у першым чытанні законапраектаў. І ў гэтым бачная пераемнасць шматлікіх скліканняў, розных пакаленняў — так было, так ёсць і так будзе і ў далейшым, — адзначыў ён. — Гэта найважнейшыя законапраекты, звязаныя з бюджэтам краіны, унесены змяненні ў Кодэкс аб адукацыі, даволі доўга дыскутавалі наконт законапраекта аб ветэранах, дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці. У бліжэйшы час разгледзім змяненні ў крымінальнае заканадаўства».
Пры гэтым спікер звярнуў увагу, што ў такія сур’ёзныя законы часта ўрывацца нельга. Але калі неабходнасць змяненняў прадыктавана самім жыццём або практыкай прымянення заканадаўства, парламентарыі, па словах Старшыні Палаты прадстаўнікоў, павінны на гэта рэагаваць.
«Мы працягваем работу па ўзмацненні міжнароднага аўтарытэту парламента, — удакладніў Ігар Сергяенка. — Узмацняем і пашыраем узаемадзеянне з асноўнымі нашымі партнёрамі. У першую чаргу, з Дзяржаўнай Думай Расійскай Федэрацыі ў рамках Парламенцкага Сходу Беларусі і Расіі. Працуем на пляцоўках Парламенцкай Асамблеі АДКБ, Парламенцкай Асамблеі СНД. Створаны 42 рабочыя групы па супрацоўніцтве з парламентамі. Вы ведаеце, што на заходнім вектары ў сілу пэўных прычын работа пастаўлена ў некаторай ступені на стоп, але тым не менш гэта не сведчыць аб тым, што мы не працуем у гэтым кірунку. Намеціліся пазітыўныя кантакты са Славакіяй, з Балгарыяй, з той жа Сербіяй яны не сыходзілі нікуды».
Наладжана супрацоўніцтва і з парламентамі Далёкай дугі, Лацінаамерыканскім парламентам (Парлаціна), Міжпарламенцкай асамблеяй Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі, устаноўлена ўзаемадзеянне з Панаафрыканскім парламентам.
Асобна спікер спыніўся на асаблівасцях работы дэпутатаў у выбарчых акругах. «Працуючы на месцах, у канкрэтных рэгіёнах, усе дэпутаты, як і вы ў свой час, абапіраюцца на мясцовыя органы ўлады, — канстатаваў ён. — Гэтаму кірунку мы ўдзяляем павышаную ўвагу. Летась правялі цыкл сустрэч парламентарыяў кожнай вобласці з кіраўніцтвам таго ці іншага рэгіёна. З наведваннем канкрэтных аб’ектаў, абмеркаваннем тэм з мэтай выпрацоўкі агульных падыходаў у рабоце, у тым ліку інфармацыйна-прапагандысцкай, і павышэння статуса дэпутата ў вачах і выканаўчай улады, і грамадскасці на месцах».
Сённяшнія парламентарыі разлічваюць на падтрымку дэпутатаў мінулых скліканняў у выглядзе канкрэтных прапаноў і ініцыятыў. А яны ёсць — аб чым сведчыў канструктыўны і вельмі цікавы дыялог.
Фота БелТА