Top.Mail.Ru

У Палаце прадстаўнікоў абмеркавалі работу дэпутатаў у акругах

Жыць праблемамі выбаршчыкаў 


Падчас нарады былі пазначаны асноўныя моманты, якія варта ўлічваць пры рабоце на месцах у міжсесіённы перыяд.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка падкрэсліў, што дэпутатам у сваіх акругах перш за ўсё неабходна пільна сачыць за ходам уборачнай кампаніі. «Ад таго, наколькі яна будзе паспяховай, не праблемнай, хоць праблемы будуць узнікаць, залежыць харчовая бяспека краіны», — канстатаваў ён. 

Адной з важных задач дэпутацкага корпуса Ігар Сергяенка назваў аператыўнае рэагаванне на інфармацыю аб тых ці іншых праблемах у сацыяльных сетках. 

Спікер Палаты прадстаўнікоў таксама заклікаў народных выбраннікаў прасачыць за падрыхтоўкай устаноў адукацыі да пачатку навучальнага года з акцэнтам на ход рамонтна-гаспадарчых работ, падрыхтоўку харчблокаў, сістэм ацяплення і добраўпарадкаванне прышкольных тэрыторый. Не менш важнай тэмай, па словах Ігара Сергяенкі, з’яўляецца і перыяд правядзення школьных кірмашоў. Задача дэпутатаў на месцах — маніторынг асартыменту школьных тавараў і цэн на іх. 

Яшчэ адзін важны момант — арганізацыя летняга аздараўлення дзяцей. Умовы ў загарадных стацыянарных лагерах і лагерах дзённага знаходжання пры школах могуць істотна адрознівацца. І дэпутатам варта вывучыць на месцах, наколькі даступны гэты від дзіцячага адпачынку для сем’яў. Старшыня Палаты прадстаўнікоў таксама заклікаў дэпутатаў пацікавіцца пытаннем арганізацыі пакосу пустазельнай расліннасці на землях агульнага карыстання.

У размове з журналістамі Ігар Сергяенка падкрэсліў, што ўжо на наступным тыдні дэпутаты пачнуць працаваць у выбарчых акругах, і сустрэчы з выбаршчыкамі, у тым ліку ў працоўных калектывах, — значны складнік іх дзейнасці. «Дэпутаты жывуць жыццём краіны, жыццём сваіх рэгіёнаў, сваіх выбаршчыкаў, тых працоўных калектываў, якія аказалі ім давер быць прадстаўленымі ў дэпутацкім корпусе Палаты прадстаўнікоў. Таму сёння былі пастаўлены задачы перад усімі дэпутатамі перад выездам», — адзначыў ён. 

Спікер дадаў, што дэпутаты павінны атрымліваць інфармацыю аб праблемных пытаннях і аспектах, вырашаць іх разам з выканаўчай уладай. Неабходна таксама вылучаць такія тэмы, якія ў далейшым могуць быць разгледжаны і сфарміраваны як заканадаўчыя ініцыятывы або змены ў іншыя нарматыўныя дакументы. 

«Павышаную ўвагу даручана ўдзяліць удзелу дэпутатаў ва ўборачнай кампаніі гэтага года, якая актыўна разгортваецца ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны, знайсці сваё месца, не інспектаваць па палях і „зрабіць фотасесію“, а рэальна ўнікаць у праблемы, па магчымасці аказваць дапамогу, не праходзіць міма фактаў расхлябанасці, разгільдзяйства, а разам наводзіць парадак», — падкрэсліў Ігар Сергяенка. 

Увагу пры гэтым неабходна надаць не толькі арганізацыі працы, але і таму, як працуюць людзі, якая ўвага аказваецца працоўным калектывам, як арганізавана харчаванне, медыцынскае абслугоўванне і шэраг іншых пытанняў сацыяльнай сферы. «Ну і, вядома ж, трэба знаходзіць магчымасць сказаць добрыя словы разам з мясцовай выканаўчай уладай тым людзям, якія рэальна будуць дасягаць канкрэтных вынікаў, паказваючы прыклады яркай працавітасці», — адзначыў спікер. 

Таксама дэпутаты арыентаваны на вывучэнне пытанняў, звязаных з падрыхтоўкай да новага навучальнага года. У цэнтры ўвагі — забеспячэнне кадрамі, гатоўнасць школ, арганізацыя летняга адпачынку дзяцей.  

«Абмеркавалі і пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай фарміравання праекта плана падрыхтоўкі законаў на 2027 год. Ідзе даволі актыўная работа. Ёсць напрацоўкі па фарміраванні асобных заканадаўчых ініцыятыў непасрэдна дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў», — рэзюмаваў Ігар Сергяенка. 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю