Палац Незалежнасці — адзін з галоўных сімвалаў беларускай дзяржаўнасці, візітная картка нашай краіны. Пабываць у рэзідэнцыі Прэзідэнта марыць большасць беларусаў, бо менавіта ў гэтых сценах пішацца гісторыя нашай краіны, праходзяць лёсавызначальныя сустрэчы і мерапрыемствы. У сераду, 28 студзеня, палац зноў адчыніў дзверы для экскурсантаў. Гэтым разам сюды трапіў перспектыўны кадравы рэзерв, маладыя спецыялісты з Івацэвіцкага і Бярэзінскага раёнаў, Магілёўскай вобласці. У складзе дэлегацыі — звыш 100 чалавек. Карэспандэнт «Звязды» даведалася падрабязнасці.
Экскурсія традыцыйна пачалася ў Зале ўрачыстых цырымоній — тут гасцям расказалі гісторыю стварэння Палаца Незалежнасці. Наступнай кропкай у маршруце стала Зялёная зала, якую, прызнаваліся маладыя людзі, яны неаднаразова бачылі па тэлебачанні. «Эмоцыі, вядома, невымоўныя, — адзначыў у ходзе мерапрыемства настаўнік СШ № 1 г. Івацэвічы імя У. Гука Яўген МЕЛЬНІЧЭНКА. — Я прыехаў з невялікага горада ў сталіцу. Палац Незалежнасці бачыў у навінах, у Інтэрнэце, а сёння сам стаў часткай гэтага месца. Гонар бярэ за краіну!». Для маладога чалавека вялікае шчасце — апынуцца ў рэзідэнцыі Прэзідэнта ў ліку перспектыўнага кадравага рэзерву. Гэта экскурсія паслужыць матывацыяй на будучыню, прызнаўся Яўген.
З Зялёнай залы экскурсанты перайшлі ў Камінную. Тут Прэзідэнт звычайна праводзіць міжнародныя сустрэчы. Першы сакратар РК ГА «БРСМ», член Маладзёжнага савета пры Івацэвіцкім раённым Савеце дэпутатаў Дзмітрый ТОКАР даўно марыць сустрэцца з Аляксандрам Рыгоравічам. «Першы крок на гэтым шляху зроблены», — сказаў ён пра магчымасць наведаць Палац Незалежнасці, дзе практычна штодня працуе Прэзідэнт Беларусі.
«Я ў Палацы Незалежнасці ўпершыню, — адзначыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Магілёва Яна ГАРБУЗ. — Для мяне гэта вялікі гонар. Уражаннямі ад убачанага абавязкова падзялюся з калегамі, Маладзёжным саветам пры адміністрацыі».
Яўген ПАПКОЎ таксама прыехаў на экскурсію з Магілёва. Малады чалавек працуе старшым інспектарам аддзела арганізацыйна-кадравай работы ў Магілёўскім гарвыканкаме. «Падчас экскурсіі было цікава даведацца, як кіраўніком дзяржавы прымаюцца найважнейшыя для Беларусі рашэнні, дзе менавіта Прэзідэнт праводзіць нарады, — падзяліўся ўражаннямі малады чалавек. — Усе гэтыя дэталі мне цікавыя, таму застаўся вельмі задаволены. Цяпер я малады спецыяліст, але ў мяне ёсць жаданне рухацца па кар’ернай лесвіцы далей, развівацца ў гэтым кірунку. Вялікая мара — працаваць у Адміністрацыі Прэзідэнта або ў Палацы Незалежнасці».
Традыцыйна фінальнай кропкай экскурсіі стаў Музей падарункаў. Тут захоўваюцца сувеніры, творы мастацтва, розныя прадметы, перададзеныя Аляксандру Лукашэнку ад замежных лідараў, палітычных дзеячаў, дэлегацый, дыпламатаў, сусветна вядомых персон, а таксама суайчыннікаў, працоўных калектываў краіны. Маладыя людзі ад іх не маглі адарваць вачэй, фатаграфавалі, здымалі відэа. Упэўнены, гэта экскурсія моладзі дакладна запомніцца надоўга!
Яна ВАЛАСАЧ
Фота аўтара і БелТА