Сярэдняя тэмпература па краіне
Першае паўгоддзе 2026-га аказалася даволі халодным з сярэдняй тэмпературай паветра плюс 4,5 градуса. Летась сярэдняя тэмпература за такі ж перыяд склала 6,4 градуса вышэй за нуль, паведаміла начальнік аддзела вывучэння клімату службы метэаралагічнага і кліматычнага маніторынгу Белгідрамета Вольга БАКЛАНАВА.
Халодны пачатак
Лідарства самага халоднага месяца гэтага года пакуль утрымлівае студзень (невядома яшчэ, якім будзе снежань). Сярэднямесячная тэмпература ў першы месяц склала мінус 10,3 градуса, што было ніжэй за кліматычную норму на 6,2 градуса. Да перыяду пацяплення, які пачаўся ў 80-х гадах мінулага стагоддзя, так холадна ў студзені бывала прыкладна адзін раз у шэсць гадоў. Мінімальная тэмпература паветра адзначана 14 студзеня — 29,7 градуса ніжэй за нуль.
Люты 2026 года таксама аказаўся досыць халодным. Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра склала мінус 7,4 градуса, што ніжэй за кліматычную норму на 3,9 градуса. Мінімальная тэмпература была зарэгістравана 2 лютага — мінус 31,1 градуса.
Тэмпературныя ўмовы і багатыя ападкі спрыялі ўтварэнню снежнага покрыва на большай частцы краіны з вышынёй, блізкай да максімальнай. На станцыі Верхнядзвінск з 14 да 17 лютага яно склала 56 сантыметраў. Устойлівае снежнае покрыва ўтрымлівалася на працягу ўсяго студзеня і лютага.
Кантрасная вясна
Пачатак вясны характарызаваўся высокім тэмпературным фонам. Сакавік увайшоў у гісторыю метэаралагічных назіранняў як анамальна цёплы і адначасова анамальна сухі, паколькі назіралася істотнае адхіленне ад звыклага вясновага сцэнарыя.
Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра ў сакавіку склала плюс 5,8 градуса — гэта вышэй за кліматычную норму на 5 градусаў. У першы месяц вясны па ўсёй краіне назіралася інтэнсіўная хваля цяпла працягласцю ад 5 да 28 дзён. Максімальнае значэнне тэмпературы паветра было зафіксавана днём 31 сакавіка на станцыі Касцюковічы — 20 градусаў вышэй за нуль.
А вось сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за красавік гэтага года склала 6,4 градуса вышэй за нуль, што ніжэй за кліматычную норму на 1,4 градуса. Такі халодны красавік у нас выпадае прыкладна адзін раз у чатыры гады. Мінімальная тэмпература паветра ў красавіку была зарэгістравана на станцыі Драгічын — 29 красавіка яна апусцілася да 5,2 градуса ніжэй за нуль.
Сярэдняя тэмпература паветра ў маі — плюс 14,1 градуса, гэта вышэй за кліматычную норму на 0,7 градуса. Максімальнага значэння тэмпература паветра дасягнула 21 мая на станцыях Слаўгарад і Жлобін — 31 градус вышэй за нуль.
Прыпякло, дык прыпякло!
Сярэдняя тэмпература паветра за чэрвень склала плюс 18,3 градуса — гэта вышэй за кліматычную норму на 1,3 градуса. Такая і больш высокая тэмпература паветра ў першы месяц лета бывае ў нас прыкладна адзін раз у пяць гадоў.
У шэрагу дзён трэцяй дэкады чэрвеня ў Беларусі назіралася вельмі цёплае надвор’е, якое абумовілі трапічныя паветраныя масы, што распаўсюджваліся з паўднёвага захаду Еўропы. І ў гэты час сярэднясутачная тэмпература паветра была вышэй за норму па календары на 7–12 градусаў. У апошнія дні чэрвеня пры паступленні паветраных мас з поўначы Афрыкі ў нашай краіне адзначалася анамальна гарачае надвор’е. З 28 да 30 чэрвеня тэмпература паветра месцамі перавышала 35-градусную адзнаку, што адпавядае крытэрыю небяспечнай гідраметэаралагічнай з’явы. Днём 29 чэрвеня на станцыі Пінск быў зарэгістраваны нацыянальны рэкорд максімальнай тэмпературы паветра — слупок тэрмометра падняўся да плюс 40,4 градуса!
Акрамя таго, чэрвень характарызаваўся актыўным развіццём канвектыўных працэсаў. Па выніках першага летняга месяца, з прычыны моцных ліўняў і шквалістага ўзмацнення ветру, было складзена 10 папярэджанняў на неспрыяльныя гідраметэаралагічныя з’явы, тры папярэджанні на высокія тэмпературы і два штармавыя папярэджанні на вельмі моцную спякоту.
Калі зноў пацяплее?
Начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Марына ГРЫЦКЕВІЧ адзначыла, што тэмпературны фон да канца тыдня будзе з адмоўнай анамаліяй. Чакаецца на 1,4 градуса ніжэй за норму. Ноччу амаль холадна — плюс 9–15 градусаў, днём — ад 15 да 24 градусаў вышэй за нуль. Аднак самы халодны дзень тыдня, 8 ліпеня, беларусы ўжо перажылі, лічыць спецыяліст.
Па словах Марыны Грыцкевіч, у пачатку новага тыдня тэмпературны фон пачне павышацца: ноччу — ад плюс 13 да 19 градусаў, днём — ад 20 да 29 градусаў вышэй за нуль.
Што чакаць ад жніўня?
Якое надвор’е падорыць нам жнівень? Дакладна адказаць на гэта пытанне сіноптыкі пакуль не могуць. Але, згодна з доўгатэрміновым прагнозам, у цэлым летні сезон чакаецца са станоўчай анамаліяй.
Дарэчы, самы цёплы жнівень у Беларусі назіраўся ў 2010 годзе, калі сярэдняя тэмпература паветра па краіне была плюс 20,8 градуса. А самы халодны жнівень быў у 1987 годзе — сярэдняя тэмпература тады складала ўсяго 14,3 градуса вышэй за нуль.
Сяргей КУРКАЧ