Top.Mail.Ru

У Нью-Ёрку адкрылася 81-я сесія ГА ААН: свет чакае ад арганізацыі перамен

Чарговая, 81-я сесія Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый адкрылася 8 верасня ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, паведамляе БелТА.


Для ААН гэта не проста пачатак чарговага дыпламатычнага года: пасля юбілейнай 80-й сесіі яна ўступае ў дзявятае дзесяцігоддзе на фоне ўзброеных канфліктаў, узрастаючага саперніцтва дзяржаў, крызісу даверу да міжнародных інстытутаў і маштабнай дыскусіі аб уласнай рэформе.

Ключавой падзеяй 81-й сесіі традыцыйна стане Тыдзень высокага ўзроўню. З 22 верасня ў Нью-Ёрку пачнуцца агульныя дэбаты Генасамблеі, на якія з’едуцца кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, міністры замежных спраў. Гэта будзе час шматлікіх двухбаковых сустрэч, перагавораў і кансультацый. Многія рашэнні, якія ў далейшым атрымліваюць афіцыйнае афармленне ў дакументах ААН, пачынаюць фарміравацца менавіта ў час такіх кантактаў.

У цэнтры ўвагі — міжнародная бяспека, узброеныя канфлікты, устойлівае развіццё, змяненне клімату, энергетыка, харчовая бяспека, пытанні аховы здароўя, ядзернага раззбраення і рэформы міжнародных інстытутаў. Асобныя сустрэчы будуць прысвечаны рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця, прадухіленню пандэмій, праблеме павышэння ўзроўню мора і праву на развіццё. 

Але афіцыйны парадак дня — толькі частка таго, што адбываецца ў Нью-Ёрку. На палях Генасамблеі дзяржавы будуць абмяркоўваць значна больш шырокае кола пытанняў — ад двухбаковых адносін да магчымых новых міжнародных ініцыятыў.

У час 81-й сесіі будзе прынята і важнае кадравае рашэнне. Для Антоніу Гутэрыша гэта апошняя сесія Генасамблеі ў якасці генеральнага сакратара. Яго другі тэрмін завяршаецца 31 снежня 2026 года. Паралельна з работай Генасамблеі прадоўжыцца барацьба за яго пераемніка.

У гонцы застаюцца восем кандыдатаў. Пасля двух нефармальных галасаванняў Савета Бяспекі наперадзе аказаліся прадстаўніца Гаяны Каралін Радрыгес-Біркет, кіраўнік ЮНКТАД Рэбека Грынспен з Коста-Рыкі і генеральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі з Аргенціны.

Старшынстваваць на 81-й сесіі Генасамблеі ААН будзе кіраўнік МЗС Бангладэш Халілур Рахман. Яго выбралі 2 чэрвеня тайным галасаваннем. Значную частку прафесійнай кар’еры Халілур Рахман правёў у сістэме ААН, працуючы ў Нью-Ёрку і Жэневе. Дэвізам яго старшынства стане «Аднаўленне даверу, кіраванне пераўтварэннямі: ААН, якая працуе для ўсіх». Сярод заяўленых ім задач — умацаванне даверу да шматбаковых інстытутаў, павышэнне эфектыўнасці сусветнай арганізацыі і адаптацыя яе работы да новых глабальных выклікаў.

Цяперашняя сесія мае асаблівае значэнне. Яна пачынаецца ў момант, калі адначасова адбываюцца некалькі працэсаў: ААН рэфармуе ўласную работу, дзяржавы спрачаюцца аб будучыні Савета Бяспекі, развіваецца дыскусія аб больш справядлівым прадстаўніцтве Глабальнага Поўдня, а сама арганізацыя рыхтуецца да змены Генеральнага сакратара. Гэта значыць, 81-я сесія можа аказацца своеасаблівым пераходным мостам паміж ААН мінулага дзесяцігоддзя і арганізацыяй, якая будзе працаваць ужо ў наступным.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю