У гэту яркую сонечную сераду ў Нясвіжскім замку было асабліва шматлюдна. У нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж» узнагароджвалі пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2024», які праводзіць Беларускі саюз жанчын.
Ушанаванне жанчын года — выдатная традыцыя, якая 17 гадоў увасабляецца ў нашай краіне ў першыя дні вясны, звяртаючыся да пераможцаў конкурсу, адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава: «Мы ўшаноўваем тых жанчын, якія на працягу года дамагліся, як прапісана ў палажэнні конкурсу, выдатных дасягненняў і праславілі нашу Беларусь. У гэтай зале прысутнічаюць менавіта такія жанчыны, і іх шмат у краіне. Калі праводзіліся рэгіянальныя конкурсы, мы таксама ўшаноўвалі найлепшых жанчын з аб’яднаных арганізацый, якія створаны і працуюць у нашым Беларускім саюзе жанчын».
Наталля Качанава падзякавала жанчынам за сумесную працу: «Мы сапраўды робім вельмі важныя справы, якія патрэбны сёння нашай краіне, народу, кожнаму з нас. Для мяне вялікі гонар — віншаваць жанчын у цудоўнай намінацыі „Сэрца аддаю людзям“. І гэта праўда, бо вы аддаяце сэрцы не толькі сваёй сям’і, родным і блізкім, але і тым, каго і ніколі не бачылі і не ведалі. Гэта робіцца тады, калі нашы паважаныя і дарагія ўрачы з Беларускага саюза жанчын едуць на прадпрыемствы і арганізацыі, праводзяць абследаванні. Яны дапамагаюць тым, хто жыве, можа быць, далёка ад сталіцы ці ад абласных цэнтраў. І, вядома, такая пагалоска разыходзіцца, і людзі разумеюць, што Беларускі саюз жанчын — гэта надзейна. Гэта тыя людзі, якія заўсёды побач».
Спікер Савета Рэспублікі перадала найлепшыя пажаданні ад Прэзідэнта краіны, дадаўшы, што праводзіць такія добрыя мерапрыемствы — правільна: «І я, вядома, удзячная тым, хто стаяў каля вытокаў станаўлення нашай арганізацыі тады, калі яна толькі зараджалася і стваралася. Сёння Беларускім саюзам жанчын праводзіцца сапраўды шмат мерапрыемстваў. Кожны раз з’яўляюцца новыя, якія аб’ядноўваюць нас, дапамагаюць нам раскрыць таленты, творчасць нашых дарагіх, разумных, таленавітых жанчын. Таму мы павінны праводзіць такія цырымоніі».
У размове з журналістамі Наталля Качанава падкрэсліла, што ролю жанчыны пераацаніць вельмі складана: «Жанчына ў сучасным свеце — не толькі маці і жонкі. Гэта яшчэ прафесіяналы сваёй справы, тыя людзі, якія перажываюць за сваю краіну, за сваю будучыню. Яны не толькі жывуць сённяшнім днём, але і перспектывамі. Таму што ў жанчыны ёсць дзеці, унукі — і яна, вядома, думае пра тое, у якой краіне яны будуць жыць».
Наталля Качанава дадала, што Прэзідэнт нашай краіны заўсёды з трапятаннем ставіцца да жанчын, разумеючы, што на іх далікатных плячах трымаецца вельмі многае: і дом, і сям’я, і праца, і вырашэнне тых задач, якія сёння стаяць у грамадстве: «Вядома, гэта, перш за ўсё, выхаванне падрастаючага пакалення, клопат аб блізкіх, міласэрнасць, спачуванне, валанцёрскі рух, — сказала Наталля Качанава. — І мы вельмі рады таму, што такая магутная грамадская арганізацыя, як Беларускі саюз жанчын, сёння прырастае ў колькасці. Сёння яна налічвае 186 тысяч аднадумцаў, якія жывуць аднымі мэтамі і задачамі, што стаяць перад нашай краінай і грамадствам».
Старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская адзначыла: «Задачы, якія стаяць перад жанчынай, — вельмі вялікія. Вы ведаеце, які асаблівы давер нам аказвае кіраўнік дзяржавы. Мы не толькі не падвядзём, але яшчэ і наперад пабяжым, калі будзе такая неабходнасць. І нават калі не будзе неабходнасці — мы ўсё роўна пабяжым».
Старшыня БСЖ упэўнена: «Сёння жанчына важная ва ўсіх галінах: палітыка гэта ці эканоміка. Вельмі важна, каб гендарная роўнасць выконвалася. У любой сітуацыі, якая склалася, важны як жаночы, так і мужчынскі погляд. Сёння 54 % насельніцтва Беларусі — жанчыны. Таму вельмі важна ўлічваць інтарэсы прадстаўніц прыгожага полу і глядзець іх вачыма на рэчы, якія адбываюцца ў эканоміцы або ў любой іншай сферы. Што датычыцца таго, ці можа жанчына быць лідарам у нашай краіне, мне здаецца, што кіраўнік дзяржавы даў вельмі выразны адказ: пакуль нашай краіне патрэбны моцны лідар-мужчына, які здольны за сабой весці грамадства і рабіць так, як робіць Аляксандр Рыгоравіч, — каб жанчына ў нашай краіне магла адчуваць сябе жанчынай. Мы заўсёды з задавальненнем галоўную ролю саступаем нашым мужчынам, таму што за іх плячыма адчуваем сябе спакойна, можам рэалізоўвацца і несці асноўную жаночую функцыю — быць захавальніцамі хатняга ачага, тымі, хто выхоўвае дзяцей, падрастаючае пакаленне».
Звяртаючыся да лаўрэатаў намінацыі «Мацярынская слава», міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка заявіла, што дзякуючы любові, самаадданасці і самааддачы ўвасоблена самая галоўная якасць нашых жанчын — дарыць жыццё. Асобныя словы ўдзячнасці яна адрасавала шматдзетным маці. «Дзякуючы вам мы ведаем і разумеем, што ў нашай краіны вялікая і светлая будучыня. Не можа не радаваць той факт, што ў нас такіх мам шмат і што ў нас ёсць ордэн Маці — сімвал удзячнасці з боку дзяржавы вашай нялёгкай працы. Мам, якія выхавалі пяцярых і больш дзяцей, сёння налічваецца 14 тысяч. У першую чаргу жадаю вам моцнага здароўя і радасці ад сваіх дзяцей. Хай яны кожны дзень радуюць вас толькі добрымі навінамі. Вашым сем’ям — дабрабыту, росквіту, міру, дабра і любові», — дадала міністр.
Уручаючы ўзнагароды, першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Ломскі падкрэсліў, што сёння жанчыны з’яўляюцца рухавіком прагрэсу: «Ролю жанчыны ў сучасным свеце немагчыма пераасэнсаваць. Менавіта вы, дарагія, мілыя жанчыны, укладваеце любоў і душу ў сваю прафесію, у эканоміку прадпрыемстваў, у развіццё эканомікі гарадоў і, вядома ж, у нашу любімую, цудоўную Беларусь. Сёння вы ўсе розныя, але вас аб’ядноўвае адно — вашы імкненні, узнагароды, перамогі — той падмурак жыццёвых каштоўнасцяў, якія сёння ёсць у свеце. Гэта сям’я, мір і стваральная праца».
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА і БелТА