Прахалода хутка адступіць, а на змену ёй прыйдзе ласкавае лета, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У суботу ноччу пераменная воблачнасць, днём воблачна з праясненнямі. Месцамі па краіне кароткачасовыя дажджы. Днём у асобных раёнах навальніцы. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. Вецер пераменных напрамкаў — ад слабога да ўмеранага, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы — ад 7 да 13 °С, днём будзе вяртацца цяпло — ад 20 да 26 °С.
У нядзелю нябёсы падораць амаль цалкам сонечнае надвор’е. У асноўным будзе гаспадарыць вобласць павышанага атмасфернага ціску, толькі днём на паўночным усходзе краіны адаб’ецца ўплыў няўстойлівых паветраных мас. Чакаецца пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў, толькі ўдзень у асобных раёнах на паўночным усходзе невялікія кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. Вецер пераменных напрамкаў — ад слабога да ўмеранага. Тэмпература паветра ўначы — ад 8 да 14 °C, удзень — 22–29 °C.
Яшчэ больш прыемны прагноз даюць доўгатэрміновыя мадэлі. Згодна з іх прагнозам, канец ліпеня і пачатак жніўня ў Беларусі пацешаць сапраўды добрым надвор’ем. Прыкладна з 28 ліпеня на тэрыторыю краіны пачнуць паступаць больш цёплыя паветраныя масы, аднак экстрэмальных тэмператур чакаць не варта. Усталюецца менавіта тое надвор’е, якое многія лічаць ідэальным.
Сяргей КУРКАЧ