Top.Mail.Ru

У новым скліканні Маладзёжнага савета пры Гродзенскім аблсавеце будуць выключна прадстаўнікі працуючай моладзі

Сталасць — гэта не пра ўзрост

Маладзёжны савет пры Савеце дэпутатаў вобласці мае цікавыя гісторыю і традыцыі. Ён зарадзіўся ў 2012 годзе, і сёлета было выбрана ўжо восьмае скліканне. За гэты час памяняўся і рэгламент савета. Былі апрабаваны розныя фарматы: аднапалатная сістэма, у якую ўваходзілі як працуючыя, так і навучэнцы; двухпалатная форма, калі адна палата — для працуючай моладзі, другая — для навучэнцаў. Цяпер у гэтым скліканні будуць засядаць толькі прадстаўнікі працуючай моладзі. У склад увайшло 25 чалавек з усіх рэгіёнаў вобласці і горада Гродна. У рамках сесіі таксама быў выбраны старшыня Маладзёжнага Савета пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў.

Як адзначыла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, лідар абласнога аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Алена Пасюта, гэта маладыя людзі з вопытам работы ў сістэме кіравання, у ідэалогіі і грамадскай дзейнасці. Яны актыўна ўдзельнічалі ў студэнцкім руху, і сёння дастаткова сталыя для таго, каб удзельнічаць у развіцці маладзёжнай палітыкі вобласці. Сярод дэпутатаў таксама былі маладыя партыйцы з Маладзёжнага руху «Іскра».

— Мы ўпэўнены, што моладзь стане памочнікам дэпутатаў і будзе задзейнічана ў рашэннях, звязаных з маладзёжнай палітыкай. Маладыя парламентарыі пазнаёмяцца з асаблівасцямі народаўладдзя, паўдзельнічаюць у электаральных кампаніях і будуць узаемадзейнічаць з моладдзю. Мы імкнёмся разумець, што цікава маладым людзям, якія тэмы яны жадаюць абмяркоўваць, якія задачы ставяць перад сабой і як яны могуць быць карыснымі ў развіцці нашай краіны. Сёмае скліканне маладзёжнага парламента было вельмі цікавым. Мы актыўна ўзаемадзейнічалі са школьнікамі і працавалі ў сацыяльных сетках. Былі рэалізаваны міжнародныя праекты, дзе парламентарыіі абменьваліся вопытам і навучалі. Восьмае скліканне працягне гэту работу, пераканана, што яго работа будзе не менш плённай, — падкрэсліла Алена Пасюта.

Маладзёжны савет актыўна працуе са школьнікамі, удзельнічае ў мерапрыемствах, расказвае аб маладзёжным парламентарызме, грамадскай дзейнасці і сацыяльна-эканамічным развіцці вобласці і краіны. І гэта вельмі выдатна! Калі пішу тэксты, я мімаволі параўноўваю, як усё было ў мае школьныя гады. Тады мы не надта цікавіліся палітыкай, не было такой цеснай сувязі з дэпутатамі, як цяпер. Сёння ж, калі малады чалавек ініцыятыўны і хоча ўдзельнічаць у жыцці дзяржавы, ён можа гэта зрабіць. І вось глядзіш на гэтых сур’ёзных людзей у касцюмах, і не верыцца, што яны такія юныя.

На працягу двух гадоў Маладзёжны савет узначальваў Ягор Скяпко, ён адзначыў, што гэтыя два гады праляцелі незаўважна і былі поўныя цікавых падзей і праектаў. Новым старшынёй быў выбраны настаўнік гісторыі СШ № 41 імя А. М. Кузняцова г. Гродна Мікіта Акудовіч. Паводле яго слоў, настрой пазітыўны і ёсць гатоўнасць прадаўжаць стваральную працу, не ламаючы тое, што рабілі папярэднія скліканні, уносячы свае новыя ідэі і інавацыі.

Мікіта падкрэсліў важнасць захавання гістарычнай памяці і абароны гістарычнай справядлівасці, адзначыўшы, што ён як спецыяліст у гэтай галіне будзе прыкладаць усе намаганні для работы ў дадзеным кірунку.

— Перакананы, што цікавасць да палітычнай і дэпутацкай дзейнасці ў моладзі павінна быць, таму што эстафету прымаць нам, маладым. Адмаўляцца ад такіх магчымасцяў — значыць пакінуць ініцыятывы і адказнасць. Мы ўсе — частка адной дзяржавы, і кожны можа зрабіць свой унёсак. Для мяне вялікі гонар узначаліць Маладзёжны савет, — падзяліўся Мікіта.

Малады чалавек хацеў бы рэалізаваць сёлета свае праекты ў гістарычнай і сацыяльнай сферах. Ён падкрэсліў, што яго работа будзе накіравана на развіццё горада і рэгіёна.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота газеты «Гродзенская праўда»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю