Менш за дзве гадзіны спатрэбілася стыхіі, каб перакрыць дарогі і вуліцы паваленымі дрэвамі, парушыць электра- і водазабеспячэнне населеных пунктаў, сарваць дахі з дамоў.
Бяссонная ноч
Згодна з аператыўнымі данымі, на Магілёўшчыне першыя сур’ёзныя пашкоджанні інфраструктуры былі зафіксаваны ў 1.50 ночы. Ужо а другой гадзіне Магілёўскае абласное УМНС, па словах яго начальніка Дзмітрыя ГОЛУБЕВА, перайшло на ўзмоцнены варыянт нясення службы. «Усе людзі выйшлі, уся рэзервовая тэхніка была прыведзена ў баявы разлік», — расказаў ён.
У эпіцэнтры шквалістага ветру, які дасягаў 23 метраў у секунду, апынуліся Магілёў, Магілёўскі, Чавускі і Шклоўскі раёны. У выніку адключэння чатырох высакавольтных ліній адбыўся аварыйны прыпынак двух паравых катлоў і турбагенератараў філіяла «Магілёўская ЦЭЦ-2» РУП «Магілёўэнерга». У 5.45 раніцы работа ЦЭЦ была адноўлена, запушчана падача пары, паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. На тэрыторыі ААТ «Магілёўхімвалакно» ўпала металічная труба ўстаноўкі спальвання адходаў цэха. У выніку падзення пашкоджана сцяна будынка корпуса водападрыхтоўкі.
«У тры гадзіны аб’явілі аб зборы штаба (камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Магілёўскім гарвыканкаме. — „Зв.“), а чацвёртай ён сабраўся, адпрацаваў усе моманты», — паведаміў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль ІСАЧАНКА тэлерадыёкампаніі «Магілёў». Па яго словах, на раніцу чацвярга электразабеспячэнне ў абласным цэнтры ўжо было адноўлена — недзе на пастаяннай аснове, недзе — праз часовую сістэму.
Самай складанай сітуацыяй губернатар назваў аварыю на ЦЭЦ-2, куды раніцай чацвярга ўжо везлі новыя апоры. «Найбольш крытычная сітуацыя ў нас па „Хімвалакне“, але там своечасова прыняты ўсе меры, і на сёння аднаўляем вытворчасць. Астатнія вытворчасці працуюць у штатным рэжыме, грубых парушэнняў няма, — паведаміў кіраўнік рэгіёна. — Што датычыцца сістэмы аховы здароўя, працуюць усе бальніцы, паліклінікі. Дзе адбыліся абрывы, былі запушчаны часовая схема (электразабеспячэння. — „Зв.“), дызель-генератары. Але сёння аднавілі і ўсё працуе па пастаяннай схеме»
Раніцай чацвярга не ўсе дзіцячыя садкі Магілёва змаглі прыгатаваць дзецям гарачыя сняданкі, пра што бацькі былі папярэджаны, і выхад з гэтай сітуацыі таксама знайшлі.
Галоўнай задачай на чацвер старшыня аблвыканкама назваў прывядзенне ў парадак асноўных вуліц Магілёва, каб па іх пайшоў транспарт. «Па ўсіх напрамках вядуцца работы, — сказаў Анатоль Ісачанка. — Акрамя таго, будзем прыцягваць дадатковыя рэсурсы: лясгасы, горад Бабруйск, які не пацярпеў».
Дапамога з усёй краіны
Міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім СІНЯЎСКІ раніцай 10 ліпеня заслухаў даклады кіраўнікоў Віцебскага і Магілёўскага абласных упраўленняў МНС аб арганізацыі работы тэрытарыяльных камісій па надзвычайных сітуацыях і даў указанні па рэалізацыі дадатковых мер па аказанні дапамогі людзям, якія пацярпелі ад непагадзі, і аператыўным ліквідаванні наступстваў праходжання навальнічнага фронту.
Віцебшчыну ўраган накрыў раней — увечары 9 ліпеня. Там пацярпелі населеныя пункты Гарадоцкага раёна. Цягам гадзіны былі пашкоджаны дахі 27 жылых дамоў, 17 гаспадарчых пабудоў, двух магазінаў і аднаго адміністрацыйнага будынка ў аграгарадку Вархі, пяці жылых дамоў і чатырох гаспадарчых пабудоў у вёсцы Прудок. Зафіксаваны 105 выпадкаў падзення дрэў, у выніку чаго пашкоджаны два аўтамабілі, перакрываўся рух у абодвух напрамках на ўчастках аўтадарог М8 і H-2512. У той жа вечар яны былі адноўлены. З-за пашкоджання кантактнай лініі затрымка ў руху аднаго пасажырскага цягніка склала 1 гадзіну 17 хвілін.
Абласнымі службамі Віцебшчыны каардынуюцца работы ў зоне надзвычайнай сітуацыі, накіраваныя сілы і сродкі з іншых рэгіёнаў на аказанне дапамогі грамадзянам, аднаўленне дахаў. «Маецца адпаведны будаўнічы матэрыял, таксама рэалізуецца шэраг мерапрыемстваў па дастаўцы прадуктаў харчавання, па вывучэнні праблемных пытанняў грамадзян непасрэдна ў іх домаўладаннях, на прыдамавых тэрыторыях», — запэўніў начальнік Віцебскага абласнога УМНС Сяргей МЯЛЕШКІН.
- Для ліквідацыі наступстваў стыхіі задзейнічаны 42 адзінкі тэхнікі МНС і 166 ратавальнікаў.
Па стане на 10 ліпеня работы па ўстараненні наступстваў стыхіі працягваліся ў 50 населеных пунктах краіны. Найбольш складаная абстаноўка застаецца ў Магілёўскім рэгіёне і горадзе Магілёве. Штармавы вецер прывёў да шматлікіх завалаў, якія ўскладнілі доступ да аб’ектаў. Энергетыкі разам з камунальнымі службамі, МНС і іншымі арганізацыямі расчышчалі дарогі.
«Над аднаўленнем электразабеспячэння працуюць 58 аварыйных брыгад і 54 адзінкі спецтэхнікі, — паведаміла Мінэнерга. — Дапамогу аказваюць брыгады з усіх рэгіёнаў краіны. Дадаткова накіраваныя яшчэ 45 брыгад, аснашчаных усёй неабходнай тэхнікай. Прыцягнуты будаўніча-мантажны комплекс энергасістэмы. Часовае электразабеспячэнне ажыццяўляецца з дапамогай 9 дызель-генератарных установак».
- Па ўказанні Міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова для ліквідацыі наступстваў стыхіі на Магілёўшчыне выдзелены ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў МУС і супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Таксама на ўчастках дарог, якія пацярпелі, задзейнічаны экіпажы ДАІ.
Да ліквідацыі завалаў падключыліся арганізацыі і насельніцтва. Па папярэдніх даных, ад начнога ўрагану на Магілёўшчыне пацярпела 1500 га ляснога фонду суцэльнымі санітарнымі рубкамі. У Магілёўскім лясгасе — 1240 га, Быхаўскім — 240 га, Чавускім — 20 га. Вецер нанёс шкоду і лясам Віцебшчыны.
Трагедыя ў Магілёве
У выніку падзення дрэў загінула 32-гадовая жанчына і пацярпелі чатыры чалавекі, у іх ліку дзіця 2010 года нараджэня.
Следчыя высвятляюць абставіны гібелі жанчыны, паведаміў Следчы камітэт Беларусі. Трагедыя здарылася каля двух гадзін ночы ў раёне рачнога порта на рацэ Днепр. Па папярэдніх даных, жыхарка абласнога цэнтра разам з мужам напярэдадні ўвечары прыехала на рыбалку. Падчас непагадзі сужэнцы накрыліся пледам і схаваліся пад дрэвам. Моцны вецер паваліў дрэва на іх. Калі ратавальнікі вызвалілі пацярпелую, яна была без памяці. Пасля правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў медыкі канстатавалі яе смерць.