Навагрудак з 21 па 23 жніўня будзе здзіўляць гасцей яркімі падзеямі — тут пройдзе фестываль «Выцінанка-выбіванка «Ажурны код Навагрудка». Пра гэта паведамілі БелТА ў Навагрудскім райвыканкаме.
Старт святу дасць фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Рыцарскі турнір» ля сцен старадаўняга Навагрудскага замка. Працягнецца вечар сімфанічным канцэртам-балем «Ажурныя мары» пад адкрытым небам у двары касцёла Святога Архангела Міхаіла з удзелам салістаў Вялікага тэатра Рэспублікі Беларусь, сімфанічнага аркестра і хору Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь і іншых айчынных выканаўцаў. А на цэнтральнай плошчы горада на галоўнай сцэне фестывалю да позняй ночы будзе працягвацца канцэрт, хэдлайнерам якога стане папулярны арт-гурт «Беларусы», і маладзёжная канцэртная праграма «Ажурны біт» з удзелам зорак беларускай эстрады.
Другі дзень фестывалю будзе не толькі цікавым, але і смачным. 22 жніўня гурманаў запросіць фестываль «Хлеб, сыр, квас і добры настрой». У яго назве пералічаная прадукцыя, якая выпускаецца прадпрыемствамі раёна, і ўсё гэта можна будзе паспрабаваць на Замкавай гары. Разыначка фестывалю — «Суп ад шэфа», яго па традыцыі гатуе на вачах у публікі кіраўнік раёна, а затым частуе арыгінальнай стравай гасцей. Усё гэта гастранамічнае багацце будзе суправаджацца музычнай інтэрактыўнай праграмай «Голас на Замкавай гары», выступленнем Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля «Харошкі» і рыцарскім шоу. Увечары свята перамесціцца на галоўную сцэну на плошчы Леніна, дзе гледачоў збярэ вялікі канцэрт «Навагрудская містэрыя» з хэдлайнерам — гуртом «Агата Крысці», пасля заканчэння якога неба расквецяць агні феерверка.
Раніца 23 жніўня прыцягне спартсменаў: у 11.00 ад помніка Адаму Міцкевічу стартуе лёгкаатлетычны забег, які фінішуе ля сцен Навагрудскага замка. А днём на цэнтральную плошчу горада запросіць «Ажурны кот у Навагрудку» — сямейная праграма з удзелам артыстаў, музыкантаў, акрабатаў, сучаснай харэаграфіі, аніматараў і жывых скульптур.