Top.Mail.Ru

У Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку прайшоў фінал рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі»

Маштабны маладзёжны праект, які сёлета адзначае ўжо свой пятнаццаты сезон, сабраў у Мінску юных вынаходнікаў і інаватараў з усёй краіны — больш за 1300 заявак паступіла на ўдзел у праекце з моманту яго старту ў кастрычніку мінулага года. Толькі 173 аўтарскія распрацоўкі дабраліся да фіналу. Якія ідэі прапануюць рэалізаваць лепшыя маладыя розумы краіны, даведаліся карэспандэнты «Звязды».


На карысць краіны

Упершыню рэспубліканскі маладзёжны праект «100 ідэй для Беларусі» стартаваў у верасні 2011 года па ініцыятыве БРСМ. Гэта адзначыў і першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў: «15 гадоў таму Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі ініцыяваў, як тады здавалася, дзіўную ідэю — сабраць самых крэатыўных, ініцыятыўных, таленавітых хлопцаў і дзяўчат, вынаходнікаў і рацыяналізатараў пад сваім крылом. І гэта для таго, каб надаць гэтаму руху пэўны сэнс і напоўненасць. Тады яшчэ падобных рухаў ва ўсім свеце не было».



Традыцыйна ў фінале конкурсу ў экспертны Савет увайшлі прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання і арганізацый, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, профільных суб’ектаў гаспадарання, прадстаўнікі бізнесу і нават пераможцы «100 ідэй для Беларусі» мінулых гадоў. Галоўная задача — ацаніць арыгінальнасць, практычную значнасць праектаў, навізну ў маштабах галіны ці нават свету, ступень прапрацоўкі і гатоўнасць да ўкаранення ў рэальны сектар эканомікі.


На конкурс, які стаў самым сапраўдным брэндам маладой незалежнай краіны, за ўсю гісторыю яго існавання было пададзена больш за 21 тысячу заявак, звыш 3600 праектаў атрымалі пуцёўку ў жыццё. «Прапановы знайшлі сваё прымяненне ў прамысловасці, адукацыйным працэсе, у рэальным сектары эканомікі. Многія гатовыя прадукты паступілі ўжо ў продаж. І самае галоўнае — тыя, хто рэалізаваліся ў гэтым праекце, змаглі паказаць сябе сапраўднымі патрыётамі. Яны даказалі, што карысныя сваёй краіне, паколькі іх патэнцыял, творчасць, вынаходлівасць могуць прынесці карысць нашай Айчыне», — падкрэсліў Уладзімір Пярцоў.

Крыніца інавацый

Сёлета 10 намінацый ахапілі самыя розныя кірункі: ад энергетыкі і аграпрамысловых тэхналогій да аховы здароўя, кібербяспекі і сацыяльнай сферы. Найбольшая колькасць праектаў — 25 — прадстаўлена ў намінацыі «Грамадства і сацыяльная сфера». 21 распрацоўка датычылася інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, уключаючы сістэмы аўтаматызацыі і разумныя гарады.


Напрыклад, вучаніца сталічнай сярэдняй школы № 182 імя Уладзіміра Карвата Мар’яна Заздраўных прадэманстравала незвычайны праект, над якім працавала разам з братам. «Мы стварылі інавацыйную канструкцыю электравеласіпеда з інтэлектуальным кіраваннем, — падзялілася дзяўчына. — Ад стандартных мадэляў наша распрацоўка адрозніваецца больш моцнай базай і цікавымі функцыямі. А яшчэ гэта мадэль — адзіная, многія з яе дэталяў былі надрукаваныя намі асабіста на 3D-прынтары».

Для гэтага юныя вынаходнікі спачатку вывучылі літаратуру, прааналізавалі ўжо існуючыя мадэлі, іх добрыя якасці і недахопы, і толькі потым прыступілі да стварэння ўласнай распрацоўкі. Сярод унікальных функцый — круіз-кантроль, сістэма відэаназірання, абарона кампанентаў. У выніку праект мінскіх школьнікаў адпавядае адразу некалькім выклікам часу: устойлівая мабільнасць, імпартазамяшчэнне і тэхналагічная незалежнасць. Ва ўмовах урбанізацыі і росту цікавасці да экалагічнага транспарту такі электравеласіпед можа стаць рэальнай альтэрнатывай аўтамабілю. Да таго ж, прадугледжана магчымасць лакальнай вытворчасці з выкарыстаннем айчынных камплектуючых, адаптацыя пад гарадскія і загарадныя ўмовы.


Дарэчы, сельскі турызм — адзін з самых прывабных варыянтаў адпачынку ў Беларусі, а беларускі каларыт — галоўная перавага аграсядзіб у нацыянальным стылі. На ім і грунтуецца праект Аліны Карэлінай, вучаніцы Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1. Крапіва, па словах дзяўчыны, валодае карыснымі ўласцівасцямі, а ў старажытныя часы яна лічылася містычнай раслінай: «Мы прапануем вырабляць з яе нітку, якая добра падыходзіць для вязання, бранзалетаў і шмат чаго іншага. Дарэчы, пасля вырабу крапіўнай ніткі ўтвараецца шмат адходаў: напрыклад, лісце і насенне. Яны падыходзяць для корму жывёл».

Новы ўзровень


У сваю чаргу, курсант універсітэта грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Каробачка прадэманстраваў шматфункцыянальныя пальчаткі новага пакалення RESCUEHAND. «Гэта прынцыпова новы ўзровень абароны і дасведчанасці для ратавальнікаў-пажарных, — з гонарам расказаў пра сваю распрацоўку Дзмітрый. — Пальчаткі не толькі надзейна абараняюць рукі ад цеплавых і механічных уздзеянняў, але і выконваюць ролю комплекснай сэнсарнай сістэмы».

У канструкцыю інтэгравана сістэма бесперапыннага маніторынгу навакольнага асяроддзя. Спецыяльныя электронныя модулі ў рэальным часе адсочваюць ключавыя небяспечныя фактары: канцэнтрацыю небяспечных газаў, узровень тэмпературы, напружанасць электрычнага і электрамагнітнага палёў, прысутнасць утоеных крыніц узгарання. І, што цікава, такую пальчатку можна адаптаваць пад розныя задачы, растлумачыў малады вынаходзец: «Пасля замены датчыкаў мадэль можа выкарыстоўвацца ў розных сферах нацыянальнай бяспекі. Гэта і вайскоўцы, і медыкі — у залежнасці ад прызначэння і камплектацыі пэўнымі модулямі».


А вось Васіліса Жаркова, вучаніца сярэдняй школы № 20 г. Брэста імя Героя Савецкага Саюза Д.М. Карбышава, прывезла ў Мінск распрацоўку біянічнага пратэза, кіраваць якім можна адразу двума спосабамі: з дапамогай датчыкаў ЭКГ і сардэчнага рытму або праз мабільны дадатак. Праз смартфон можна кіраваць прыладай па блютузу. «У Беларусі біянічныя пратэзы не вельмі папулярныя, а тыя варыянты, якія ўжо існуюць, вельмі дарагія для большасці беларусаў. Да таго ж, імі складана навучыцца кіраваць. Мой праект вырашае гэтыя праблемы: ён бюджэтны і інтуітыўна зразумелы», — падкрэсліла дзяўчына.


Па выніках конкурсу ўсіх фіналістаў узнагародзілі сертыфікатамі, а пераможцаў — дыпломамі, фірменнымі статуэткамі і падарункамі. Але галоўнае — яны атрымалі магчымасць прадоўжыць шлях да ўвасаблення сваёй ідэі. Пераможцы змогуць прэтэндаваць на ўключэнне ў спецыяльны фонд Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, а таксама падаць заяўку ў Беларускі інавацыйны фонд. Для школьнікаў прадугледжана яшчэ адна важная льгота: рэкамендацыі Цэнтральнага камітэта БРСМ дадуць ім перавагу пры паступленні ў ВНУ на спецыяльнасцях, якія адпавядаюць профілю іх конкурснага праекта.

Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю