Як заўважыў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Віктар Пшыбытка, гэта выстаўка стваралася з мэтай нагадаць пра важнасць сям’і, выхавання, клопату, і калі пасля яе наведвання гасцям захочацца выказаць бацькам падзяку за падораны цікавы і захапляльны свет дзяцінства, значыць, праект атрымаўся.
Выстаўка будзе цікавай прадстаўнікам розных узростаў. Так, юныя наведвальнікі змогуць убачыць кнігі, з якімі раслі і на якіх выхоўваліся іх бацькі і бабулі з дзядулямі. Прадстаўнікі старэйшага пакалення згадаюць, колькі цікавых адкрыццяў падарыў ім кніжны свет, сумеснае сямейнае чытанне.
Маладыя бацькі і студэнты, якія прыйшлі на адкрыццё выставачнага праекта, былі ўражаны кнігамі з рухомымі элементамі 1920-х гадоў. Сярод такіх была кніжка Карнея Чукоўскага — з тэлефонным дыскам. Высветлілася, што ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі маюца кніжкі-цацкі нават ХVІІІ стагоддзя.
Падчас падрыхтоўкі экспазіцыі бібліятэкары выявілі выданні з папяровымі гульнямі. Яны адсканавалі незвычайны альбом 1945 года «Кніжны кіёск», разрэзалі на дэталі і сабралі з іх папяровую карусель з маленькімі кніжкамі, у кожнай з якой — творы знакамітых пісьменнікаў. Такі незвычайны праект кніжкі-выразанкі пад кіраўніцтвам Самуіла Маршака быў падрыхтаваны для маленькіх чытачоў, якія перажылі вайну. Для іх праводзілася вялікае кніжнае свята. Былі запрошаны дзеці з усяго Савецкага Саюза...
У экспазіцыі і дзіцячыя часопісы, у тым ліку і экзэмпляры, якім больш за сто гадоў. Ёсць тут і самыя першыя беларускія выданні. У адной з вітрын побач з «Першым чытаннем для дзетак беларусаў», падрыхтаваным Алаізай Пашкевіч, можна пабачыць і самы ранні беларускі дзіцячы часопіс «Лучынка». Яго таксама выдавала Цётка. Праўда, выйшла ўсяго толькі шэсць нумароў.
Прадстаўлены і дзіцячыя буквары. Сярод іх — і гонар Нацыянальнай бібліятэкі — факсімільнае выданне першай у свеце кнігі з назвай «Буквар», якая пабачыла свет у 1618 годзе ў друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва. Захавалася ўсяго два арыгінальныя асобнікі: адзін — у Каралеўскай бібліятэцы Даніі, другі — у Лондане. Дзякуючы факсімільнаму ўзнаўленню, зробленаму да 400-годдзя беларускага буквара, сёння і ў нашай краіне можна пазнаёміцца з гэтым кніжным помнікам. У экспазіцыі і факсіміле яшчэ аднаго знакамітага буквара Спірыдона Собаля.
Выстаўка паказвае, як мяняліся кніжкі. Напрыклад, можна параўнаць, як афармляліся «Прыгоды Гулівера» ў ХІХ і ХХ стагоддзях, як сціпла выглядалі першыя беларускія дзіцячыя кніжкі і якімі яскравымі яны сталі ў наш час. Можна пабачыць адно з першых выданняў «Новай зямлі» Якуба Коласа, яго факсімільнае ўзнаўленне і сучасныя выдавецкія праекты, калі паэма класіка прадстаўлена серыяй з невялікіх багата аздобленых кніг, кожная з якіх змяшчае частку твора, звязаную з пэўным сезонам года.
Выставачны праект бібліятэка рыхтавала сумесна з Беларускім саюзам мастакоў і Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм», таму тэматычную кніжную выстаўку дапаўняе экспазіцыя жывапісу, скульптуры.
Алена Дзядзюля
Фота Віктара Іванчыкава