Top.Mail.Ru

У Нацыянальнай бібліятэцы прэзентавалі кнігу «Наш Прэзідэнт»

Аўтарскі калектыў дакументальна-біяграфічнага нарыса — Аляксандр Радзькоў, Наталля Эйсмант, Уладзімір Пярцоў і Аляксандр Карлюкевіч — не ставіў перад сабой задачу напісаць біяграфію Аляксандра Лукашэнкі, а тым больш раскрыць пэўныя шакавальныя кулуары палітычнага жыцця. Ключавы лейтматыў — нагадаць, які шлях прайшоў і кожны дзень праходзіць наш Прэзідэнт, паказаць, колькі нацыянальны лідар зрабіў і працягвае рабіць для нашай краіны, кожнага беларуса.


Кніга, якая выйшла ў выдавецтве «Беларусь», складаецца з трох раздзелаў: «Старт у вялікае жыццё» (пра найбольш асабістае: карані, дзяцінства, вучобу ва ўніверсітэце, службу ў савецкай арміі і г. д.), «Справа ўсяго жыцця — Беларусь» (паказаны кірункі развіцця краіны, якім Прэзідэнт удзяляе вялікую ўвагу) і «Прэзідэнтамі нараджаюцца...» (аб мудрасці жыццёвых дарог, міжнароднай тэматыцы, сяброўстве Аляксандра Лукашэнкі з сусветнымі лідарамі, падзеях няпростага 2020 года). Той, хто возьме ў рукі ўнікальнае выданне, азнаёміцца і з эксклюзіўнымі матэрыяламі: патрымае ў руках копіі дакументаў з прэзідэнцкага архіва — яго камсамольскую характарыстыку, студэнцкую залікоўку, рукапісы тэзісаў, зробленых падчас падрыхтоўкі да найважнейшых падзей, і інш.

«Ствараць такія матэрыялы жыццёва неабходна»

«Вельмі важна ў чалавека, які возьме ў рукі гэтую кнігу, выклікаць пачуццё датычнасці да прэзідэнцкай работы, яго лёсу», — падкрэсліла прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант, якая расказала, як стваралася ўнікальнае выданне.

Па яе словах, кіраўнік дзяржавы працяглы час нічога не ведаў аб гэтай рабоце. «Многія людзі, якія працуюць побач з Прэзідэнтам і не толькі, цудоўна ведаюць адносіны нашага Прэзідэнта да падобнага кшталту матэрыялаў, твораў аб ім, — звярнула ўвагу прэс-сакратар беларускага лідара. — Ніякага „важдзізму“ — гэта наш лозунг і дэвіз. У нас на падобныя рэчы адназначнае табу. Мы ўсе разумеем, што кніга аб Прэзідэнце — гэта тая кніга, якую кожны будзе разглядаць пад мікраскопам. У першую чаргу сам Прэзідэнт, нашы людзі, апаненты. І ўсё ж, нягледзячы на ўсе гэтыя абставіны, пасля доўгага часу пошуку, сумненняў мы за гэту справу вырашылі ўзяцца».

У жніўні 2024 года кніга (як здавалася аўтарам, ужо ў цалкам падрыхтаваным выглядзе) лягла на галоўны працоўны стол нашай краіны. «Мы ведаем, Прэзідэнт кнігу паглядзеў: не было ніякіх ацэнак, ніякіх рэакцый, — распавяла Наталля Эйсмант. — Было адзінае даручэнне — гэту кнігу павінны пачытаць людзі, розныя людзі: розных узроставых, сацыяльных груп, людзі нашы, людзі палітычна нейтральныя. Натуральна, мы даручэнне Прэзідэнта выканалі. Гэту кнігу пачыталі праграміст і пенсіянер, дэпутат і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, кіраўнік аднаго з нашых цэнтральных СМІ, пачыталі профільныя эксперты па розных кірунках. У кожнага чалавека з тых, хто глядзеў гэту кнігу, былі свае заўвагі, прапановы — яны падышлі вельмі адказна. Натуральна, у многім мы ўлічылі гэтыя заўвагі. Удзел у рабоце над гэтай кнігай прымала вялікая колькасць людзей — гэта яшчэ такая і экспертна-народная праца».

На думку Наталлі Эйсмант, ствараць такія матэрыялы цяпер жыццёва неабходна. «Неабходна фіксаваць тое, што мы бачым аб чалавеку, з якім нам пашчасціла працаваць, — удакладніла яна. — Нашы апаненты, скажам мякка, нафантазіруюць, напрыдумляюць, схлусяць. Пытанне стаіць у тым — што мы з вамі гэтаму супрацьпаставім? Што мы пакінем для наступных пакаленняў? Менавіта таму такія кнігі павінны быць».

Лідарскія якасці, закладзеныя прыродай

Прадбачачы пытанне аўдыторыі, чаму менавіта кніга, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандр Радзькоў адзначыў, што ў адрозненне ад сродкаў масавай інфармацыі і сацыяльных сетак кніга — гэта філасофія. «У гэтай рабоце — філасофія станаўлення, развіцця асобы на зразумелых і відавочных для ўсіх мінулым і, я ўпэўнены, будучыні асобы, кіраўніка нашай дзяржавы, — канкрэтызаваў ён. — Прырода закладвае кожнаму народжанаму на зямлі дзіцяці свае задаткі, свае асаблівасці і сваю перспектыву. Камусьці быць вялікім мастаком, камусьці — вялікім матэматыкам, а камусьці — добрым слесарам або шахцёрам. Прырода закладвае яшчэ і лідарскія якасці. Усіх гэтых і аграномаў, і інжынераў, і навукоўцаў, і пісьменнікаў, і мастакоў трэба арганізаваць, каб яны сумесна вырашалі задачу развіцця вытворчасці, краіны, дзяржавы і ў цэлым нават цывілізацыі».

Па яго словах, у Аляксандра Лукашэнкі лідарскія якасці закладзены ад нараджэння. «Чалавек, якога прырода вызначыла, узначаліў краіну, стаў лідарам нацыі, — звярнуў увагу Аляксандр Радзькоў. — І ён гэта сам паслядоўна разумеў». І аўтар кнігі пацвердзіў гэта на канкрэтных прыкладах з розных жыццёвых этапаў кіраўніка дзяржавы. Воля, прага ведаў, арганізаванасць, вызначэнне аўтарытэтных людзей, якіх трэба паслухаць, адказнасць у прыняцці рашэнняў — адны з тых рыс, якія вызначаюць лідарскія якасці Прэзідэнта.

«Мы хацелі асобу нашага Прэзідэнта максімальна зразумець, асэнсаваць і прапанаваць філасофію яго асобы, — адзначыў Аляксандр Радзькоў. — Мы закладвалі ў гэтую філасофію тое, што ён рабіў, што робіць і будзе рабіць разам з намі. Спадзяёмся, філасофію асобы, якой мы ганарымся, данеслі правільна».

Па словах дырэктара выдавецтва «Беларусь», старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандра Карлюкевіча, гартаючы старонкі кнігі «Наш Прэзідэнт», па-новаму пачынаеш глядзець на суверэнную Рэспубліку Беларусь, спалучаючы яе старонкі з асобай Аляксандра Лукашэнкі. «Хацелася б, каб такія эмоцыі былі асабліва ў маладых чытачоў, — удакладніў ён. — Гэта дапаможа ўзброіцца іншым пунктам гледжання, убачыць, якіх намаганняў каштуе пабудаваць краіну, як у многім яе развіццё залежыць ад фарміравання асобы. Жадаю, каб эмоцыі, атрыманыя ў ходзе прачытання, дапамаглі здзейсніць шмат годных учынкаў у імя нашага, як кажа Прэзідэнт, кавалка зямлі, любімай суверэннай Беларусі».

Кніга кожнага патрыёта

Як заўважыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў, кніг аб кіраўніках дзяржаў дастаткова вялікая колькасць і гэта разнажанравыя выданні. «Дзесьці чыстай вады біяграфія, дзесьці — публіцыстыка, фотаальбомы, дзесьці — набор цытат з розных сродкаў масавай інфармацыі, нават публікацыі з аднаго агенцтва, але гэта быў не наш шлях, — удакладніў ён. — Наша кніга багатая не толькі на дакументальна-біяграфічныя нарысы, уяўляючы маналітны нарыс, які складаецца з трох частак. Яна багатая на вялікую колькасць дакументальных матэрыялаў, якія знаходзяцца ў архівах Адміністрацыі Прэзідэнта, прэс-службы Прэзідэнта, інфармацыйнага агенцтва БелТА, іншых выдавецтваў і сродкаў масавай інфармацыі».

Уладзімір Пярцоў удакладніў, што ў кнігу ўвайшло толькі 10 % матэрыялаў 30-гадовай напружанай работы Прэзідэнта, якія адлюстроўваюць асабістую ініцыятыву кіраўніка дзяржавы, штуршок усім тым здзяйсненням, якія адбыліся ў Беларусі і зрабілі нашу краіну такой, якая яна ёсць. Адлюстраваны аспекты, звязаныя ў цэлым з міжнароднай архітэктурай.

Па перакананні намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, кніга створана для розных пакаленняў, у тым ліку для моладзі. Ён парэкамендаваў набыць яе ў калекцыю кожнага патрыёта. І зрабіць гэта можна ўжо сёння — набыць кнігу «Наш Прэзідэнт» можна ў сталічных крамах «Першы» і «Светач». Плануецца, што яна з’явіцца ў кніжных крамах і за мяжой, у тым ліку на англійскай мове.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю