У пятніцу, 6 лютага, у НАН Беларусі адбылася нарада з прадстаўнікамі міністэрстваў і ведамстваў краіны — дзяржаўных заказчыкаў праграм і мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы ў сферах абароны, бяспекі, праваахоўнай дзейнасці, абаронна-прамысловага, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.
Мэтай сумеснага мерапрыемства стала падвядзенне вынікаў выканання праграм, мерапрыемстваў і асваення бюджэтных сродкаў Саюзнай дзяржавы ў 2025 годзе. Удзельнікі нарады таксама разгледзелі ход падрыхтоўкі пытанняў, якія плануецца ўнесці ў Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы, што адбудзецца ўжо ў гэтым месяцы.
У цяперашні час рэалізуецца тры праграмы ў высокатэхналагічных сферах. Першая — звязаная з электроннымі кампанентамі ў аўтамабілебудаванні, якія закліканы падняць канкурэнтаздольнасць і тэхнічныя магчымасці нашых аўтамабіляў. Яшчэ адна праграма, у галіне фатонікі, накіраваная на паляпшэнне якасці прыбораў, у тым ліку тых, што выкарыстоўваюцца ў касмічных даследаваннях. Трэцяя — у галіне біятэхналогій.
Пры гэтым дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Сяргей ГЛАЗЬЕЎ адзначыў ключавую ролю НАН Беларусі ў навукова-тэхнічнай інтэграцыі, рэалізацыі высокатэхналагічных праектаў і фарміраванні новай тэхналагічнай базы.
— Нацыянальная акадэмія навук Беларусі — важны партнёр у распрацоўцы саюзных праграм, накіраваных на развіццё інавацый, павышэнне канкурэнтаздольнасці і тэхналагічнага суверэнітэту, што асабліва актуальна ў рамках бягучых інтэграцыйных працэсаў. Мы заўсёды абапіраемся на экспертнае меркаванне Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, — падкрэсліў Сяргей ГЛАЗЬЕЎ.
— Сёння падводзім вынікі рэалізацыі дзвюх праграм у 2025 годзе і абмяркоўваем перспектывы на 2026-2030 год, — канстатаваў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір КАРАНІК. — Да гэтай нарады мы падышлі з добрымі паказчыкамі. Зараз дзейнічаюць тры саюзныя праграмы, якія ўключаюць больш за 20 мерапрыемстваў, і ўсе яны прысвечаны найбольш актуальным пытанням навукова-тэхнічнай і інвестыцыйнай дзейнасці — гэта мікраэлектроніка і фатоніка, даследаванні касмічнай прасторы, біятэхналогіі.
Кіраўнік Акадэміі навук падзяліўся планамі на далейшае супрацоўніцтва, спыніўшыся на стварэнні новых матэрыялаў і вырабаў, якія будуць павышаць рэсурс касмічных апаратаў, айчынныя кампаненты і абсталяванне для мікраэлектронікі, здольныя павысіць узровень тэхналагічнага суверэнітэту Беларусі і Расіі.
— Прыярытэтнай застаецца праграма «Саюз-Біямембраны», — падзяліўся Уладзімір Каранік. — Гэта біятэхналогіі ў медыцыне і сельскай гаспадарцы, гэта пытанні як бяспекі чалавека і захавання яго здароўя, так і харчовай бяспекі нашай краіны.
Алена ВІНАГРАДАВА