Top.Mail.Ru
221

У Нацбанку адбылося ўзнагароджанне пераможцаў алімпіяды па фінансавай граматнасці сярод школьнікаў

Алімпіяда праходзіла ў верасні — снежні гэтага года. У чатырох этапах свае фінансавыя веды праверылі амаль 29 тысяч маладых людзей з 2354 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўсіх рэгіёнаў краіны.


У падвядзенні вынікаў і цырымоніі ўзнагароджання прымаў удзел старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Раман ГАЛОЎЧАНКА. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што за час усіх фінансавых алімпіяд за прызы змагалася 216 тысяч юнакоў і дзяўчат з усёй краіны. А вынікі алімпіяды сведчаць аб росце канкурэнцыі і паступальным развіцці фінансавых ведаў і навыкаў навучэнцаў. «Бо гэтыя веды ляжаць у аснове фінансавага дабрабыту любога чалавека», — лічыць Раман Галоўчанка. 

У фінале алімпіяды першае месца заняла Уладзіслава ТАЛОЧКА (гімназія № 41 г. Мінска). Пераможца ўзнагароджана дыпломам I ступені і грашовым прызам у памеры 1 500 беларускіх рублёў. Дыплом II ступені і грашовы прыз у памеры 1 250 беларускіх рублёў — у Аляксандра РАЛЕНКА (СШ № 16 з Полацка), дыплом III ступені і грашовы прыз у памеры 1 000 беларускіх рублёў — у Івана КАЗЫРА (СШ № 1 г. Валожына).

Удзельнікі заключнага этапу алімпіяды, якія не занялі прызавыя месцы, узнагароджаны грашовымі прэміямі ў памеры 350 беларускіх рублёў і дыпломамі фіналістаў. Таксама грашовымі прэміямі ў памеры 400 беларускіх рублёў адзначаны настаўнікі, якія падрыхтавалі пераможцу і прызёраў.

Дарэчы, усе дыпломы і кубкі пераможцам уручаў асабіста кіраўнік Нацбанка. Ён жа потым і фатаграфаваўся са шчаслівымі школьнікамі.

Алімпіяда праводзіцца Нацыянальным банкам і Міністэрствам адукацыі краіны штогод з 2014 года і з’яўляецца адным з найбольш маштабных нацыянальных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці. Яе асноўная мэта — папулярызацыя ведаў у галіне фінансаў, фарміраванне ў вучняў практычных навыкаў выкарыстання фінансавых інструментаў, развіццё фінансавай культуры моладзі.

Алімпіядныя заданні накіраваны на праверку ведаў па тэмах, без якіх немагчымыя разумныя фінансавыя паводзіны ў сучасным грамадстве, — планаванне асабістага і сямейнага бюджэту, зберажэнні і крэдытаванне, лічбавы банкінг і бяспека ў фінансавай сферы, інвестыцыі, страхаванне, падаткі, разлікі і вылічэнні, якія датычацца фінансаў.

Раман Галоўчанка пазней адзначыў, што на алімпіядзе прапаноўваліся тэставыя заданні з наборам пэўных адказаў па самым шырокім спектры тэм: планаванне асабістых фінансаў, фінансавыя актывы, асновы кібербяспекі пры рабоце з фінансамі. Было і творчае заданне, якое было прысвечана такому актуальнаму пытанню, як бяспека пры рабоце з плацежнымі картамі і як не трапіць на хітрыкі махляроў. 

А пры падвядзенні вынікаў трэба было ацаніць шырыню поглядаў удзельнікаў і, вядома ж, іх творчы патэнцыял, наколькі яны раскрываюць уласную індывідуальнасць праз выкананне такіх заданняў.

Пераможца алімпіяды Уладзіслава Талочка расказала, што паўдзельнічаць прапанавалі ёй і летась. «Я таксама дайшла да рэспубліканскага этапу, але не атрымалася атрымаць перамогу», — патлумачыла яна. Уладзіслава Талочка вучыцца ў фізіка-матэматычным класе, таму пры паступленні будзе выбіраць прафесію, звязаную з гэтымі дысцыплінамі.

Бронзавы прызёр Іван Казыра падзякаваў настаўніцы, якая падштурхнула яго да ўдзелу. «Яна мне прапанавала ў восьмым класе паўдзельнічаць у алімпіядзе, і вось з таго часу пастаянна ўдзельнічаю. Кожны дзень вельмі доўга рыхтаваўся. Можна сказаць, мінімум чатыры гадзіны. Асабліва сёлета была вельмі ўпартая падрыхтоўка. І гэта дало свой плён. Калі з экзаменамі атрымаецца ўсё добра, то планую паступіць на эканамічны факультэт БДУ», — адзначыў шчаслівы ўладальнік трэцяга месца.

Сяргей КУРКАЧ.

Чытайце таксама: У Беларусі зацверджаны план дзеянняў па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва на пяцігодку

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю