Top.Mail.Ru
137

У нашай краіне пройдзе каля 530 навагодніх кірмашоў і выставак-распродажаў

Святочны настрой з пахам елкі і са смакам мандарынаў

У нашай краіне пройдзе каля 530 навагодніх кірмашоў і выставак-распродажаў, паведаміла намеснік начальніка аддзела метадалогіі ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Кацярына МАКУЦЭНЯ.

Ад цукерак да ядомых «рукавіц»

Паралельна вядзецца актыўная работа па забеспячэнні бесперабойнай наяўнасці шырокага асартыменту тавараў, традыцыйна запатрабаваных у святочны перыяд. Як адзначыла Кацярына Макуцэня, ужо сфарміраваны неабходныя запасы прадукцыі, у тым ліку навагодніх кандытарскіх вырабаў — шакаладу, цукерак, зефіру, пасцілы, печыва і тэматычных набораў, а таксама сыроў, рыбных далікатэсаў. Асаблівая ўвага ўдзелена цытрусавым, іншым папулярным прадуктам, уключаючы экзатычныя пазіцыі, якія шырока прадстаўлены ў гандлёвых сетках.

Дадаткова распрацоўваецца святочны асартымент у аддзелах кулінарыі — салаты, выпечка і кандытарскія вырабы з сімволікай зімовых свят, у тым ліку хлебабулачныя вырабы ў форме сняжынак, рукавіц, імбірных пернікаў і іншыя тэматычныя далікатэсы. У крамах павялічаны плошчы выкладкі: на дадатковых паліцах і ў спецыяльных зонах размешчаны пашыраны асартымент прысмакаў і прадуктаў для навагодняга стала. «Паводле інфармацыі канцэрна „Белдзяржхарчпрам“, сёлета плануецца вырабіць каля 2,7 мільёна навагодніх падарункаў. Асартымент іх шырокі — 92 найменні, а цэны вар’іруюцца ад 7 да 130 рублёў у залежнасці ад напаўнення, упакоўкі, афармлення, складу і вагі падарунка», — дадала Кацярына Макуцэня.

У гандлёвых аб’ектах можна знайсці штучныя ёлкі і хвоі — больш за 100 найменняў. Яны адрозніваюцца па вышыні, матэрыялу вырабу і афармленні. Таксама ў продажы каля 100 варыянтаў карнавальных касцюмаў па цане ад 29 рублёў, а асартымент ёлачных упрыгажэнняў, сувеніраў, падарункаў і навагодняй атрыбутыкі налічвае звыш 3 тысяч найменняў, уключаючы шары, гірлянды, фігуркі і іншыя традыцыйныя і тэматычныя ўпрыгажэнні.

Мінск здзівіць кухняй краін свету

Як паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Эла ЖАЎТКО, ва ўсіх адміністрацыйных раёнах сталіцы пройдуць кірмашы. Так, з 20 снежня ў Мінску стартуе самы маштабны «Калядны кірмаш» каля Палаца спорту, які будзе працаваць да 11 студзеня. На пляцоўцы размесцяцца 24 тэматычна аформленыя драўляныя «хаткі». Там гасцей чакае разнастайная прадукцыя прадпрыемстваў грамадскага харчавання: як традыцыйныя стравы беларускай кухні — дранікі, шашлыкі, бліны, так і кулінарныя прапановы з усяго свету. 

Не абыдзецца і без зімовых напояў — цёплых морсаў, травяной гарбаты і іншых сагравальных пачастункаў. Таксама будуць прадстаўлены вырабы рамеснікаў — сувеніры, упрыгажэнні, падарункі ручной работы, выкананыя ў святочным стылі.

Ужо 22 снежня ў горадзе пачнуць работу 60 ёлачных кірмашоў, адзін з іх — на тэрыторыі «Каляднага кірмаша». Асартымент будзе ўключаць ссечаныя елкі, дрэвы ў кадках, калядныя букеты і вянкі — цэны будуць залежаць ад вышыні, выгляду і афармлення.

Прадпрыемствы грамадскага харчавання цалкам гатовы да святочнага сезона, адзначыла Эла Жаўтко. Кошт карпаратыўных мерапрыемстваў ва ўстановах вар’іруецца ад 100 да 280 рублёў на чалавека, а для тых, хто вырашыць сустрэць Новы год у рэстаране або кафэ, прадугледжаны спецыяльныя праграмы. 

Цэны на навагоднюю ноч складуць ад 250 да 950 рублёў у залежнасці ад фармату мерапрыемства, меню і забаўляльнай праграмы.

Сяргей КУРКАЧ

Фота БелТА

Чытайце таксама: Колькі будуць каштаваць навагоднія дрэвы на ёлачных кірмашах сёлета?

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю