У Міністэрстве замежных спраў прайшло пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа. Кожны год у снежні на яго прыязджаюць кіраўнікі грамадскіх арганізацый з розных куткоў свету, каб падзяліцца вынікамі работы за год, абмяняцца ідэямі, абмеркаваць перспектывы далейшага супрацоўніцтва з прадстаўнікамі розных дзяржаўных органаў і ўстаноў.
У гэтым годзе Кансультатыўны савет збіраецца ўжо дзясяты раз. На сустрэчу прыехалі нашы суайчыннікі, якія прадстаўляюць беларускую дыяспару ў 15 краінах свету.
Адкрываючы мерапрыемства, міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў адзначыў вялікую ролю суайчыннікаў не толькі ў папулярызацыі беларускай культуры, традыцый і мовы, але і ў прасоўванні беларускай думкі за мяжой: «Гэта асабліва важна ў наш час, калі ў многіх краінах цяжка атрымаць аб’ектыўныя звесткі пра тое, як развіваецца краіна і якія яна прымае крокі ў рамках міралюбівай палітыкі па дасягненні стабільнасці і бяспекі ў нашым рэгіёне і наогул у цэлым свеце. У такім кантэксце дзейнасць вашых арганізацый набывае яшчэ большае палітычнае значэнне».
Міністр адзначыў актыўнасць арганізацый беларусаў замежжа пры правядзенні розных мерапрыемстваў, звязаных з папулярызацыяй беларускай культуры і традыцый, якія праводзяцца пры падтрымцы пасольстваў. Асабліва падзякаваў за праведзеныя мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю Перамогі. Сёння, калі ў многіх краінах робяцца спробы прынізіць ролю Савецкага Саюза ў перамозе над фашызмам, падтрымка ў справе захавання памяці з боку грамадскіх арганізацый з’яўляецца надзвычай важнай.
Традыцыйна ў рамках Кансультатыўнага савета ўзнагароджваюцца арганізацыі беларусаў замежжа, якія найбольш актыўна працавалі на развіццё сувязяў з Беларуссю, папулярызацыю спадчыны, якія маюць актыўную патрыятычную пазіцыю. Сёлета адзначаны прадстаўнікі Усеізраільскага аб’яднання выхадцаў з Беларусі, Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі», а таксама рэгіянальных арганізацый — Смаленскай і Омскай абласцей.
У сустрэчы ў МЗС прыняў удзел старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі» Сяргей Кандыбовіч. Ён заўважыў, што калегі, якія прыехалі ў Беларусь з далёкага замежжа, дзеляцца праблемамі «тэхнічнага» характару, звязанага з перасячэннем граніцы, і заўважыў, што сёння як вялікае дасягненне ўспрымаецца тое, што Беларусь і Расія пабудавалі Саюзную дзяржаву. І гэта датычыцца не толькі камфорту, у нас адзіная палітыка, культурная і адукацыйная прасторы. Нават узнікла такое новае паняцце, як Саюзная Айчына, калі ў абедзвюх дзяржаў агульныя каштоўнасці, погляды на ўсё, што адбываецца ў свеце. Грамадскія арганізацыі беларусаў, створаныя ў розных рэгіёнах Расіі, лічаць за гонар і адказнасць выступаць праваднікамі гэтай палітыкі і ўмацоўваць скрэпы паміж краінамі. «Беларусы Расіі — самыя актыўныя прыхільнікі будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Мы як перадавы атрад, які гэта бачыць, адчувае, прапагандуе і прасоўвае ў жыццё», — падкрэсліў Сяргей Львовіч.
Алена Дзядзюля.