Top.Mail.Ru

Для незанятых у эканоміцы жыроўкі пацяжэлі

У Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі патлумачылі змены ў разліку платы за асобныя ЖКП (цеплазабеспячэнне, гарачае водазабеспячэнне, газазабеспячэнне), а ў Міністэрстве па падатках і зборах — абгрунтаванасць такога падыходу.


Чаму налічэнні выраслі 

Міністэрства ЖКГ у сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзян з нагоды змяненняў у парадку разлікаў і ўнясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі паведамляе наступнае: пастановай Савета Міністраў ад 27 жніўня № 465 у мэтах вызначэння дадатковых мер па ўключэнні незанятых у эканоміцы грамадзян у працоўную дзейнасць зменены падыходы па налічэнні платы за асобныя ЖКП (цеплазабеспячэнне, гарачае водазабеспячэнне, газазабеспячэнне) у дачыненні да жылых памяшканняў, якія належаць ім або займаных імі. 

Як патлумачыла намеснік начальніка ўпраўлення эканомікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Анастасія Маліноўская, у лістападзе грамадзяне атрымалі паведамленне за кастрычнік і звярнулі ўвагу на тое, што сумы выраслі. 

— У першую чаргу хацелася б адзначыць тое, што кастрычнік — першы паўнавартасны ацяпляльны месяц, і як мінімум сумы ў паведамленнях выраслі яшчэ і за кошт гэтага. З 1 кастрычніка 2025 года змяніўся падыход па налічэнні платы за жыллёва-камунальныя паслугі ў дачыненні да жылых памяшканняў, якія належаць грамадзянам, не занятым у эканоміцы, — расказала яна.

Парадак аднясення грамадзян да гэтай катэгорыі вызначаецца пастановамі ўрада, органам-рэгулятарам з’яўляецца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Міністэрства ЖКГ толькі канкрэтна тлумачыць парадак налічэння платы. 

— Раней за павышаныя тарыфы ў дачыненні да некаторых камунальных паслуг, а гэта цеплазабеспячэнне, гарачае водазабеспячэнне і газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў, плата налічвалася прапарцыянальна колькасці зарэгістраваных грамадзян, якія пражываюць у жылым памяшканні. Плацельшчык, уласнік, наймальнік трапляе ў спісы незанятых і павінен быць зарэгістраваны ў сваім жылым памяшканні. Тады ў дачыненні да гэтых трох паслуг, якія ён спажывае, прымяняліся павышаныя тарыфы, але прапарцыянальна колькасці зарэгістраваных. Прыклад: кватэра 60 квадратаў, у ёй пражываюць зарэгістраваныя па гэтым месцы тры чалавекі. Адным з іх, плацельшчыкам, уласнікам жылога памяшкання, з’яўляецца грамадзянін, які трапіў у спісы незанятых. Адпаведна, на адну траціну налічваліся па эканамічна абгрунтаваных тарыфах паслугі цеплазабеспячэння, гарачага водазабеспячэння і газазабеспячэння, якія ён спажываў, — патлумачыла Анастасія Маліноўская.

З 1 кастрычніка парадак сум змяніўся. 

— Суму павялічылі за кошт таго, што цяпер галоўнай умовай для налічэння платы з’яўляецца толькі тое, што плацельшчык, уласнік, наймальнік і гэтак далей уключаны ў спісы незанятых. І, адпаведна, увесь спажываны аб’ём паслуг цеплазабеспячэння, гарачага водазабеспячэння, газазабеспячэння, калі яны ў яго ёсць і ён іх выкарыстоўвае, налічваліся па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. Калі раней адна траціна, то цяпер — увесь аб’ём спажытай паслугі і ўжо незалежна ад таго, дзе фактычна гэты грамадзянін зарэгістраваны, дзе ён пражывае і колькі ў яго ёсць кватэр. Калі ў яго, як у незанятага, маецца тры кватэры, то па ўсіх прыменены эканамічна абгрунтаваныя тарыфы ў дачыненні да ўсяго аб’ёму спажытай паслугі. Таму сумы змяніліся і павялічыліся, — падкрэсліла намеснік начальніка ўпраўлення эканомікі МЖКГ.

Як падаткі фарміруюць бюджэт і субсідыі на «камуналку»?

Гэты механізм патлумачыў першы намеснік міністра па падатках і зборах Уладзімір Муквіч.

— Пазіцыя Міністэрства па падатках і зборах па гэтым актуальным пытанні наступная. Устаноўлены канстытуцыйны абавязак кожнага грамадзяніна ўдзельнічаць у дзяржаўных выдатках. Зыходзячы з гэтага асноўнага абавязку падатковая служба ажыццяўляе і арганізоўвае кантрольную работу. Грамадзянамі Беларусі за 10 месяцаў бягучага года ўжо выплачана падаткаў на суму больш за 13,5 мільярда рублёў. Адпаведна, гэта не толькі падаходны падатак, гэта маёмасныя плацяжы і іншыя. Кожны грамадзянін, уносячы ва ўстаноўленыя тэрміны плацяжы ў бюджэт, удзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Большасць грамадзян сапраўды гэта выконваюць да прызначанага часу ў поўным аб’ёме, — расказаў ён.

Першы намеснік міністра адзначыў, што ёсць і грамадзяне, якія не ў поўнай меры гатовыя своечасова ўносіць плацяжы ў бюджэт, і ў дачыненні да іх падатковымі органамі праводзяцца кантрольныя мерапрыемствы. 

— Калі казаць пра падаходны падатак, то за 9 месяцаў бягучага года мы выявілі асоб, якія ўхіляліся ад выплаты плацяжоў у бюджэт на суму, калі казаць пра камеральны кантроль, то гэта амаль 50 мільёнаў рублёў, калі аб правядзенні кантрольных мерапрыемстваў, то гэта практычна 120 мільёнаў, — падзяліўся вынікамі ён. — Хочацца падкрэсліць, што большасць нашых грамадзян добраахвотна і своечасова ўносяць плацяжы ў бюджэт, якія замацаваны ў заканадаўстве. Сродкі, якія фарміруюцца ў бюджэце, праз механізм субсідзіравання накіроўваюцца на фінансаванне дзяржаўных паслуг. Як правіла, у мясцовым бюджэце прадугледжана адпаведнае субсідзіраванне. У мясцовых бюджэтах амаль 5 % ідзе на фінансаванне такіх паслуг, у тым ліку і жыллёва-камунальных. Да прыкладу, толькі на пакрыццё выдаткаў па камунальных паслугах, на іх субсідзіраванне, у бюджэце на 2025 год штомесяц прадугледжана практычна 870 рублёў на аднаго жыхара краіны. 

З боку дзяржавы прымаюцца меры для таго, каб забяспечыць справядлівае і беражлівае выкарыстанне кожнага рубля, звярнуў увагу Уладзімір Муквіч. 

— Таму лагічна і абгрунтавана, калі сабраныя сродкі накіроўваюцца на субсідыі перш за ўсё тым грамадзянам, якія непасрэдным і асабістым сваім удзелам у выплаце плацяжоў у бюджэт фінансавалі гэтыя выдаткі, — дадаў ён. — Калі хтосьці жыве за мяжой і, адпаведна, не ўдзельнічае ў фінансаванні гэтага бюджэту, яму выстаўляюць плацяжы за камунальныя паслугі ў павышаным памеры. Здаецца абсалютна справядлівым і абгрунтаваным, калі той, хто ўдзельнічае ў фінансаванні бюджэту, атрымлівае субсідыі.


Кампетэнтна

«Меры жорсткія, але справядлівыя»

Так пракаментавала неабходнасць пакрываць 100 % паслуг ЖКГ тых, хто сёння не робіць адлічэнняў у эканоміку краіны, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Ірына Касцевіч.

Дэпутат нагадала, што зараз у Палаце прадстаўнікоў разглядаецца рэспубліканскі бюджэт на 2026 год:

— З 97 мільярдаў выдаткаў больш за 30 мільярдаў (рублёў. — Заўв. аўт.) — гэта адукацыя і ахова здароўя. Пенсіённае забеспячэнне, дзе кожны пяты беларус у нас пенсіянер, — гэта больш за 30 мільярдаў рублёў на выплату пенсій. 7 мільярдаў — дапамогі, звязаныя з хваробай, нараджэннем дзіцяці, дзіцячыя і мацярынскія дапамогі. І сумарна, паглядзіце, які велізарны фінансавы мільярдны клопат аб чалавеку. Пры гэтым незалежна ад узроўню зарплаты, даходаў чалавека прадастаўляецца адзіны дзяржаўны пакет як у адукацыі, так і ў ахове здароўя. 

Парламентарый падкрэсліла: гарантаваны сацыяльны пакет — гэта здабытак Беларусі. 

— Але і з боку чалавека, акрамя правоў і гарантый, павінен быць яшчэ і абавязак. Гэты абавязак замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь артыкулам 56, які сведчыць, што абавязак кожнага працаздольнага грамадзяніна — удзельнічаць у дзяржаўных выдатках праз выплату падаткаў, — падкрэслівае Ірына Касцевіч. — Вельмі важна забяспечыць баланс адраснай дапамогі і не стварыць утрыманства ў дзяржаве сярод грамадзян. Таму дзяржава прымае меры, на мой погляд, дастаткова жорсткія, але справядлівыя. І тая мера, якая была прынята літаральна нядаўна і пачала дзейнічаць з 1 кастрычніка (справядлівая. — Заўв. аўт.), — гэта чарговае павышэнне аплаты жыллёва-камунальных паслуг тым, хто павінен працаваць, але не працуе, альбо працуе, але ў ценявым бізнесе без выплаты падаткаў. 

Дэпутат растлумачыла, у чым прынцып справядлівасці:

— Яго дзеці ходзяць у школу, паліклініку, дзіця захварэла — выклікалі хуткую дапамогу, і за ўсё гэта плаціць дзяржава. А праз дзяржаву плаціць той чалавек, які сёння працуе і выплачвае падаткі. Таму гэта справядлівы і сумленны падыход. Усе разам, працуючы, выплачваючы падаткі, мы ўдзельнічаем у суфінансаванні дзяржавы і атрымліваем тыя выгады, якія дзяржава льгатуе. Бо жыллёва-камунальныя паслугі сёння льгатуюцца, паколькі чалавек 100 % не пакрывае. Таму, калі не ўдзельнічаеш — аплачваеш (жыллёва-камунальныя паслугі. — Заўв. аўт.) у поўным аб’ёме.

«Пацвердзі ўдзел у фінансаванні дзяржвыдаткаў»

Дырэктар Цэнтра міжнародных даследаванняў ФМА БДУ Мікіта Бяленчанка перакананы: хочаш працаваць за мяжой — калі ласка, але пацвердзі, што ўдзельнічаеш у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. 

Важна разумець, што гаворка ідзе не пра тое, ці працуе чалавек наогул, а пра тое, ці ўдзельнічае ён у беларускай сістэме сацыяльна-эканамічных адносін. Калі грамадзянін фактычна атрымлівае даходы ў іншай дзяржаве і не робіць абавязковых адлічэнняў у айчынны бюджэт, ён фармальна не ўдзельнічае ў фінансаванні сацыяльных абавязацельстваў Беларусі, растлумачыў Мікіта Бяленчанка.

Пры гэтым дырэктар цэнтра адзначыў, што работа за мяжой сама па сабе не з’яўляецца парушэннем. Многія беларускія спецыялісты, працуючы за мяжой, павышаюць кваліфікацыю, пашыраюць кампетэнцыі і прыносяць гэтыя веды назад у Беларусь. Гэта таксама ўклад у развіццё краіны, проста ў іншай форме. Больш за тое, такія людзі захоўваюць сувязь з Радзімай, дапамагаюць блізкім, падтрымліваюць беларускае грамадства, і дзяржава гэта шануе.

— Праблема ўзнікае тады, калі работа за мяжой не пацверджаная дакументальна і не суправаджаецца выплатай унёскаў/падаткаў у Беларусі. У гэтым выпадку дзяржава цалкам абгрунтавана зыходзіць з таго, што чалавек карыстаецца сацыяльнымі выгодамі ўнутры краіны, але не ўдзельнічае ў іх фінансаванні. Бо на медыцыну, адукацыю, інфраструктуру патрэбныя сродкі, — адзначыў Мікіта Бяленчанка. — Менавіта таму дзяржава прапануе просты прынцып: хочаш часова працаваць за мяжой — калі ласка, але пацвердзі, што не становішся нагрузкай на ўнутраныя сістэмы, якія фінансуюцца за кошт усіх. І гэта пытанне справядлівасці і ўзаемнай адказнасці.

Паводле паведамленняў нашых карэспандэнтаў і БелТА.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю