Top.Mail.Ru
185

ДАІ нагадала правілы бяспечнага руху ў моцны мароз і галалёдзіцу

Паводле інфармацыі Белгідрамета на большай частцы тэрыторыі краіны ўжо ў бліжэйшую ноч чакаецца паніжэнне тэмпературы паветра да -20 °С, месцамі да -25 °С, на дарогах снежны накат, галалёдзіца. У сувязі з гэтым ГУ ДАІ МУС дало рэкамендацыі ўдзельнікам дарожнага руху.


У такое надвор’е для аўтамабілістаў да снежных заносаў дадаюцца праблемы з запускам рухавіка, абмярзаннем шкла, дзвярэй і замкоў. Каб пазбегнуць непрыемных сітуацый на дарозе, рэкамендуецца праверыць стан акумулятара, пераканацца ў спраўнасці сістэмы ахаладжэння рухавіка, абагравання салона, абдзімання і абагравання шкла.

Дзяржаўтаінспектары нагадалі, што зімовыя шыны павінны быць з дастатковай велічынёй пратэктара, а бачок абмывальніка запраўлены незамярзальнай вадкасцю. Перад паездкай важна ачысціць аўтамабіль ад снегу і лёду, мець у машыне шчотку са скрабком, лапату, трос, правады для «прыкурвання».


За праграванне рухавіка аўто больш за 5 хвілін кіроўца можа быць аштрафаваны. Згодна з пунктам 140 ПДР спыненне больш за пяць хвілін і стаянка транспартнага сродку павінны ажыццяўляцца з непрацуючым рухавіком. Калі ж рухавік працуе даўжэй за пяціхвілінны інтэрвал, для кіроўцы прадугледжана адміністрацыйная адказнасць (штраф да 1 б. в.). Дадзеную норму ўвялі ў ПДР з прычыны скаргаў на транспартныя сродкі, што праграваюцца паблізу жылой забудовы або непасрэдна пад вокнамі дамоў.

У моцны мароз рэкамендуецца першы час рухацца не спяшаючыся, без рэзкага павелічэння абаротаў. У дарозе важна выбіраць бяспечную хуткасць з улікам стану праезнай часткі, павялічыць дыстанцыю і бакавы інтэрвал; каб пазбегнуць заносу, манеўраваць, разганяцца і запавольвацца плаўна, рэкамендавалі ў МУС.

Пешаходам нават на рэгуляваным пераходзе трэба ўпэўніцца, што кіроўцы вас бачаць і паспелі спыніцца.

ДАІ нагадвае ўладальнікам аўто, што нельга пакідаць свае транспартныя сродкі ўздоўж праезнай часткі і ў дварах, дзе яны могуць перашкодзіць снегапрыборачнай тэхніцы, да парушальнікаў будуць прымяняцца меры эвакуацыі!

Аўтаўладальнікам, якія трапілі ў нязначныя ДТЗ, рэкамендуецца складаць еўрапратаколы. Атрымаць кругласутачную кансультацыю па правілах іх афармлення можна ў кол-цэнтры Беларускага бюро па транспартным страхаванні па нумары 140.

Калі вы апынуліся ў цяжкай сітуацыі на дарозе, паведаміце аб гэтым па тэлефоне 102 ці ў чат-бот МУС «Мы заўсёды побач!»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю