Прымяненне ствалавых клетак — адзін з перспектыўных метадаў у медыцыне. І ён паказаў сваю эфектыўнасць у лячэнні пацыентаў з такім цяжкім неўралагічным захворваннем, як рассеяны склероз. Трансплантацыя ствалавых клетак дазваляе «перазагрузіць» імунітэт — і хвароба адступае. Клетачныя тэхналогіі паспяхова выкарыстоўваюцца ў МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі ў тым ліку як альтэрнатыва стандартнаму медыкаментознаму лячэнню. На такую тэрапію — а гэта тэхналогіі сусветнага ўзроўню — прыязджаюць пацыенты не толькі з рэгіёнаў Беларусі, але і замежжа.
«Перазагрузка» імунітэту
У МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі прымяняюцца два метады трансплантацыі ствалавых клетак. У пачатку мінулага дзесяцігоддзя больш шырока выкарыстоўваўся метад перасадкі гема-
паэтычных ствалавых клетак. Ён досыць эфектыўны, але цяжкі для пацыента, бо патрабуе правядзення хіміятэрапіі і мае шэраг пабочных дзеянняў, часам цяжкіх.
Таму ў апошняе дзесяцігоддзе ў цэнтры пачалі прымяняць трансплантацыю мезенхімальных ствалавых клетак. Іх у дадзеным выпадку атрымліваюць з тлушчавай тканкі і ў патрэбнай колькасці перасаджваюць — уводзяць пацыенту ў вену. Гэта аказвае пазітыўны ўплыў на імунітэт — «перазагружае» яго, прычым няма ніякіх пабочных дзеянняў. Да таго ж гэта больш танны метад, які дазваляе ахапіць большую колькасць хворых. На сёння такое лячэнне прайшло каля 200 пацыентаў.
Усяго ж у краіне больш за 5 тысяч хворых.
— Рассеяны склероз — гэта аўтаіммуннае захворванне, пры якім імунная сістэма памылкова атакуе міелінавую абалонку нервовых валокнаў галаўнога і спіннога мозга і разбурае іх. Прычыны захворвання не да канца вывучаны, але асноўнымі, мяркуючы па ўсім, з’яўляюцца інфекцыйныя агенты, а таксама спадчыннасць. Пераважна гэта захворванне маладога ўзросту — 20–40 гадоў, — расказвае доктар медыцынскіх навук, прафесар кафедры нервовых і нейрахірургічных хвароб БДМУ Аляксей БАРЫСАЎ.

Ён быў адным з тых, хто распрацоўваў гэты метад пад кіраўніцтвам доктара медыцынскіх навук, прафесара, загадчыка кафедры нервовых і нейрахірургічных хвароб БДМУ Аляксандра Фядулава. Вялікая роля ў станаўленні клетачнай тэрапіі пры рассеяным склерозе належыць дырэктару МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, доктару медыцынскіх навук, прафесару, акадэміку НАН Беларусі Алегу Румо, намесніку дырэктара па гематалогіі, кіраўніку рэспубліканскага цэнтра гематалогіі і перасадкі касцявога мозга, доктару медыцынскіх навук, прафесару Анатолю Усу, намесніку дырэктара па навуковай рабоце, доктару медыцынскіх навук, прафесару Святлане Крывенка, загадчыцы гематалагічнага аддзялення трансплантацыі касцявога мозга, кандыдату медыцынскіх навук Наталлі Мілановіч.
Свае ці донарскія?
У 2023 годзе Аляксей Барысаў атрымаў грант Прэзідэнта Беларусі на распрацоўку і ўкараненне метаду трансплантацыі алагенных мезенхімальных ствалавых клетак. Справа ў тым, што трансплантаваць можна як уласныя (аўталагічныя), так і донарскія (алагенныя) ствалавыя клеткі.
— Мы схіляемся да таго, што найлепш выкарыстоўваць алагенныя клеткі, бо, у адрозненне ад аўталагічных, гэта матэрыял здаровага донара. Тым больш што ў МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі ёсць банк ствалавых клетак, які ўвесь час папаўняецца, — гаворыць Аляксей Барысаў.
Мезенхімальныя ствалавыя клеткі стымулююць выпрацоўку фактараў, якія абараняюць нервовае валакно ад пашкоджання.
І паколькі рассеянны склероз — захворванне, якое паступова прагрэсіруе, пагаршаючы стан хворага, такая тэрапія дазваляе замарудзіць яго развіццё. Адна з першых і самых частых праяў хваробы — пагаршэнне зроку, таксама назіраюцца хісткасць хады, парушэнне маўлення, слабасць у канечнасцях, пераважна ў нагах. Без лячэння праз некалькі гадоў пацыент ператвараецца ў ляжачага хворага. Лячэнне ствалавымі клеткамі дазваляе стрымліваць хваробу на пачатковых этапах, адпаведна і прымяняць яго больш эфектыўна на ранніх стадыях, хоць супрацьпаказанняў няма і на позніх.
— Пасля ўвядзення мезенхемальных ствалавых клетак станоўчы эфект праяўляецца праз 30–40 дзён. Але гэта вельмі суб’ектыўна, бо ў рэцыдыўна-рэмітыўнай формы рассеянага склерозу ёсць выразныя абвастрэнні і рэмісіі, тут галоўны эфект у тым, каб пацыенту не станавілася горш. Пасля працэдуры назіраюцца тыя ці іншыя паляпшэнні, і, як правіла, у значнай большасці пацыентаў стан стабілізуецца на два гады, — гаворыць Аляксей Барысаў.
Гэты метад лячэння можна спалучаць з іншымі. Цяпер даследуецца ўжыванне мезенхімальных ствалавых клетак разам з ПІТРС (прэпаратамі, якія змяняюць ход рассеянага склерозу) — традыцыйным медыкаментозным лячэннем.
— Ёсць нямала хворых, якія дрэнна пераносяць ПІТРС, бо прэпараты таксама маюць шэраг пабочных дзеянняў. Большасць з іх знаходзяцца на тэрапіі ствалавымі клеткамі, — расказвае ўрач.
У МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі на трансплантацыю мезенхімальных ствалавых клетак прыязджаюць пацыенты з Расіі, Казахстана, Латвіі. Пакуль метад платны і для беларусаў, і для замежнікаў. Апошнія выбіраюць для лячэння Беларусь, бо ў нас значна танней пры высокай кваліфікацыі ўрачоў і якасці. У перспектыве метад плануецца ўнесці ў клінічныя пратаколы па лячэнні рассеянага склерозу, што зробіць трансплантацыю ствалавых клетак для беларусаў бясплатнай за кошт бюджэтных сродкаў.
— Перспектывы прымянення ствалавых клетак вельмі добрыя. Гэта ўвогуле адзін з трэндаў сучаснай медыцыны. Пры рассеяным склерозе яны паказалі сваю эфектыўнасць, — рэзюмуе Аляксей Барысаў.
Алена Кравец