Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў і лаўрэатаў ІІ Рэспубліканскага конкурсу «Адкрываем Беларусь» прайшла ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, паведаміла БелТА.
Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў і лаўрэатаў ІІ Рэспубліканскага конкурсу «Адкрываем Беларусь» прайшла ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, паведаміла БелТА.
Конкурс праходзіў у верасні — снежні па ініцыятыве Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У гэтым годзе ён быў прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Начальнік упраўлення адукацыі, навукі і культуры галоўнага ўпраўлення развіцця сацыяльнай сферы Адміністрацыі Прэзідэнта, сакратар Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Канайко адзначыў: «Другі год запар конкурс праводзіцца па ўсёй краіне і набірае абароты. Сёлета на яго было заяўлена ўжо больш за тры тысячы работ, практычна 60 пераможцаў знаходзяцца ў гэтай зале. Усе ведаюць крылаты выраз аб тым, што веды — гэта сіла. А веданне сваёй гісторыі і гісторыі сваёй малой радзімы — гэта жалезабетонная аснова нашага патрыятызму і любові да радзімы, якую не разбурыць нікому. Такіх людзей, як вы, нельга збіць з дарогі, таму што вы ведаеце, хто вы, куды ідзяце, да чаго імкняцеся, якая ў нас багатая, цікавая, трагічная і пры гэтым гераічная гісторыя. Мы — народ, у якога сапраўды вялікае мінулае. У нас дастойная сучаснасць, і, я ўпэўнены, у нас ёсць яшчэ больш паспяховая і квітнеючая будучыня — будучыня, якая залежыць ад вас», — сказаў ён.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Вячаслаў Даніловіч адзначыў, што дзякуючы такім конкурсам маладое пакаленне ўключаецца ў працэс захавання гістарычнай памяці. «Вельмі важна, што дзеці прапускаюць праз сваю душу гістарычныя факты, аспекты асоб людзей, якія здзяйснялі гераічныя подзвігі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і тую трагедыю, якую давялося перажыць нашаму народу», — падкрэсліў Вячаслаў Даніловіч.
Паводе слоў намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая, дзякуючы конкурсу дзеці робяць адкрыцці для сябе, для сваёй сям’і, для сваёй установы адукацыі. «У год 80-годдзя Вялікай Перамогі мы зрабілі акцэнт менавіта на гістарычных вехах Вялікай Айчыннай вайны. У конкурсе з’явілася новая катэгорыя — акрамя дзяцей сёлета ўдзельнічалі маладыя педагогі-гісторыкі. Яны таксама прадставілі на суд журы свае цікавыя работы. Акрамя таго, у другім конкурсе ў нас ёсць хлопцы і дзяўчаты, якія сталі пераможцамі ўжо двойчы. Інакш кажучы, гэта навучэнцы, якія актыўна прымалі ўдзел у конкурсе і ў мінулым годзе, і ў бягучым. Гэта сведчыць аб тым, што мерапрыемства карыстаецца папулярнасцю. Таксама мы бачым, што тая задача, якая ставілася, мае водгук. Юнакі і дзяўчаты з 5-га па 11-ы клас прыцягваюцца да вывучэння не толькі агульнай гісторыі, але і гісторыі сваёй мясцовасці», — падкрэсліў намеснік міністра.
Дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Выдавецтва «Беларусь», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч адзначыў высокую якасць конкурсных работ. «Уражвае тое, што ўсе стараюцца паказаць сваіх герояў, якія ім блізкія, якіх, магчыма, адкрылі толькі яны. Бо важна ведаць сваіх герояў і ваенныя традыцыі нашай Айчыны. Патрыятычнае выхаванне дзяцей адбываецца праз пазнанне, праз вывучэнне, праз гісторыка-краязнаўчую работу, удзел у дзейнасці музеяў баявой славы, школьных музеяў, народных музеяў. Безумоўна, гэта ўсё павінна быць у спалучэнні з той гістарычнай памяццю, якая была ў папярэдніх пакаленнях», — лічыць ён.
Работы пераможцаў рэспубліканскага этапу конкурсу будуць размешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале. Яны будуць выкарыстоўвацца пры правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне ў вучняў гістарычнай памяці, у інфармацыйна-адукацыйным праекце «Школа актыўнага грамадзяніна», пры рэалізацыі праекта «Я. Мая сям’я. Мая Радзіма», на ўроках па вучэбных прадметах «Гісторыя Беларусі», «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі».