На працягу многіх гадоў Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў застаецца адной з найбольш значных пляцовак для падтрымкі таленавітай моладзі і развіцця даследчай дзейнасці ва ўстановах вышэйшай адукацыі. І ў трыццаць другі раз ён пацвердзіў высокі ўзровень удзельнікаў.
Падчас урачыстай цырымоніі, якая абылася ў сталіцы ў аўторак, першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр БАХАНОВІЧ адзначыў, што сёння адным з галоўных патрабаванняў да навуковых даследаванняў з’яўляецца іх практычная накіраванасць. Паводле яго слоў, сучасная навука павінна прыводзіць да стварэння канкрэтных тэхналогій, прадукцыі і рашэнняў, якія працуюць на развіццё эканомікі краіны, павышэнне яе канкурэнтаздольнасці і дабрабыту грамадзян. І такія патрабаванні прад’яўляюцца не толькі да вядомых вучоных, але і да іх юных калег.
Чацвёрты год запар конкурс праводзіўся ў двухэтапным фармаце. На першым было прадстаўлена больш за 3500 даследаванняў. На другі этап прайшла 2901 работа. У выніку званне лаўрэата атрымалі аўтары 60 навуковых даследаванняў, 48 з іх былі выкананы індывідуальна, яшчэ 12 — у сааўтарстве. Акрамя таго, першай катэгорыі былі ўдастоены 778 навуковых работ, другой — 700, трэцяй — 699. Такія вынікі сведчаць пра высокую актыўнасць студэнцкай навуковай супольнасці і значную колькасць перспектыўных распрацовак.
Яшчэ адным паказчыкам высокага ўзроўню конкурсных работ стала атрыманне дакументаў аб ахове аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці. Аўтары даследаванняў атрымалі 55 адпаведных дакументаў, у тым ліку патэнтаў. Што, у сваю чаргу, сведчыць пра навізну прапанаваных рашэнняў і іх значнасць для развіцця сучаснай навукі і тэхналогій.
Як адзначалася падчас цырымоніі, Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў застаецца важным інструментам падтрымкі адоранай моладзі. У Беларусі створаны неабходныя ўмовы для развіцця даследчых кампетэнцый студэнтаў, іх удзелу ў працы навуковых калектываў і рэалізацыі ўласных праектаў. Дзяржава аказвае ўсебаковую падтрымку маладым вучоным. Штогод прызначаюцца стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аспірантам і таленавітым маладым даследчыкам, а таксама ажыццяўляецца грантавая падтрымка навуковых праектаў студэнтаў, аспірантаў, дактарантаў і саіскальнікаў.
Значны блок конкурсных матэрыялаў быў прысвечаны гуманітарным даследаванням — сацыялогіі, гісторыі, правазнаўству. Гэтыя работы дазваляюць аналізаваць грамадскія працэсы і сучасныя сацыяльныя трансфармацыі. У сферы медыцыны і аховы здароўя вынікі даследаванняў спрыялі распрацоўцы новых падыходаў да дыягностыкі і лячэння. У эканоміцы і прамысловасці навуковыя распрацоўкі былі накіраваны на аптымізацыю вытворчых працэсаў, зніжэнне рэсурсаёмістасці і развіццё лічбавых тэхналогій. Экалагічныя і адукацыйныя даследаванні арыентаваны на паляпшэнне якасці жыцця грамадзян і ўстойлівае развіццё краіны.
Падводзячы вынікі конкурсу, арганізатары падкрэслілі, што галоўнай каштоўнасцю навуковай дзейнасці застаецца атрыманне новых ведаў і вынікаў, якія могуць быць выкарыстаны на практыцы. Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў працягвае выконваць важную місію — дапамагаць маладым даследчыкам рабіць першыя крокі ў навуцы, развіваць свае ідэі і рабіць унёсак у развіццё Беларусі.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Ксеніі ЛІННІК