У цырымоніі прынялі ўдзел кіраўнік рэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Карэліі» Святлана Барташэвіч і дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Якабсон, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Карэліі, айцец Фёдар з мінскага прыхода ў гонар Усіх Святых і навучэнцы 43 гімназіі і СШ № 70 г. Мінска.
— У кожнага чалавека ёсць свой род, і якое шчасце знаходзіць сведчанні з лёсу сваіх продкаў, — адзначыў протаіерэй Фёдар Поўны.
— Мы не можам гутарыць з імі напрамой, але рэчы — кубак, лыжка, гузік, — адкрываюць іх душу. І тады пачынаем разумець, што яны жылі таксама, як мы, але ў момант страцілі ўсё, аддаўшы жыццё за Айчыну.
Ён звярнуў увагу, што капсула з зямлёй з васьмі з месцаў, дзе знаходзіліся фінскія канцлагеры, якія прывезлі беларусы Карэліі, — гэта памяць пра нашых продкаў. Такім чынам яны вярнуліся на радзіму і ўз’ядналіся са сваім народам.
Важную місію ўзялі на сябе ўдзельнікі рэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Карэліі». Гэта трэцяя па колькасці нацыя ў рэгіёне Рускай Поўначы. Гэтымі днямі дэлегацыя гасцюе ў Мінску.
— Мы наведалі мемарыяльны комплекс, прысвечаны дзецям вайны, у Чырвоным Беразе, дзе перадалі ў музей відэаўспаміны ўраджэнкі Беларусі, вязніцы канцлагера «Дахау». Усклалі кветкі да мемарыяла «Ала», А сёння ўдзельнічаем у закладцы капсулы з зямлёй з месцаў фінскіх канцлагераў, у якіх утрымліваліся ў тым ліку і нашы суайчыннікі, — расказала старшыня нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Карэліі Святлана Барташэвіч. — Падзеі папярэднічала доўгая, карпатлівая работа пошукавага атрада нашага аб’яднання.
Беларусы Карэліі праводзяць работу разам з навучэнцамі сталічнай сярэдняй школы № 70. Па словах С. Барташэвіч, супрацоўніцтва з установай адукацыі развіваецца ўжо шэсць гадоў, і з кожным годам сяброўскія сувязі толькі мацнеюць.
— Цяпер у спісах культурнай аўтаноміі беларусаў Карэліі больш за 400 імёнаў суайчыннікаў. Мінскія школьнікі дапамагаюць знаходзіць сваякоў загінулых, — патлумачыла яна.
Знаходжанне дэлегацыі арганізавана рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур.
— Праграма насычана культурнымі падзеямі, — адзначыла яго кіраўнік Вольга Якабсон. — Госці наведалі сталічныя прадпрыемствы, майстар-класы, пабывалі на экскурсіі ў храме-помніку, прынялі ўдзел у круглым стале. Землякоў таксама чакае знаёмства з замкамі Беларусі і сустрэча са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка.
Фота Віктара ДРАЧОВА