Чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па дзюдо сабраў найлепшых дзюдаістаў, прадэманстраваўшы не толькі вострую барацьбу на татамі, але і стаўшы сапраўдным фестывалем для заўзятараў.
Галоўны ўнутраны турнір сезона адбыўся на базе сталічнага палаца спорту «Уручча». У спаборніцтвах, якія прыцягнулі мацнейшых спартсменаў з усёй краіны, разгарэлася бескампрамісная барацьба за званне чэмпіёна. Арганізатары турніру пастараліся зрабіць яго не проста спаборніцтвам, а маштабнай падзеяй, што не засталося незаўважаным як гледачамі, так і спецыялістамі.
«Па арганізацыі гэта быў цудоўны чэмпіянат, — падзяліўся сваёй ацэнкай старшыня Беларускай федэрацыі дзюдо Аляксандр СЦЯШЭНКА. — Вядома, мы яшчэ не замахваемся на ўзровень Вялікага шлема ў Парыжы, але, мяркуючы па глядацкай цікавасці і актыўнасцях вакол татамі, гэта было вельмі здорава, вельмі крута. Сёння адным толькі спартыўным складнікам не прывабіш гледачоў — трэба рабіць свята для ўсіх, свята дзюдо, і ў нас гэта атрымалася».
Галоўны сэнс нацыянальнага першынства — не толькі выявіць наймацнейшых, але і сфарміраваць зборную краіны. Менавіта тут трэнерскі штаб нацыянальнай каманды шукае новыя імёны і ацэньвае гатоўнасць лідараў.
Па словах Аляксандра Сцяшэнкі, чэмпіянат Беларусі — гэта заўсёды адзін з ключавых этапаў адбору ў нацыянальную каманду. «На бягучы момант асноўны склад, які будзе падавацца ў Міністэрства спорту, ужо сфарміраваны, але з’явіліся новыя імёны, — канстатаваў ён. — Ёсць яшчэ час падумаць, паправіць спісы. Гэты чэмпіянат мае вялікае значэнне для фарміравання асноўнай каманды краіны».
Старшыня Беларускай федэрацыі дзюдо звярнуў увагу на тое, што канкурэнцыя сёлета была на найвышэйшым узроўні, асабліва пацешыла прыхільнікаў дзюдо бітва пакаленняў. «Маладыя далі бой больш старэйшым і вопытным таварышам, — удакладніў ён. — Былi цяжкія сустрэчы, радасныя моманты і расчараванні. Не ўсе лідары сябе добра праявілі, і гэта ўжо задача трэнераў — прааналізаваць усё, выявіць слабыя і моцныя бакі, каб працаваць над іх выпраўленнем і ўмацаваннем».
Як падзялілася майстар спорту па дзюдо, бронзавы прызёр чэмпіянату Вікторыя Суворава, за кожным медалём на такім турніры стаіць гісторыя пераадолення. «Да заваявання медаля пройдзены вялікі шлях, — расказала яна. — Гэта не тыдні і не месяцы трэніровак, а доўгія гады ўпартай працы. Апошнія два месяцы былі накіраваны менавіта на падрыхтоўку да дадзенага старту».
Спартсменка адзначыла, што галоўным выпрабаваннем стала не фізічная гатоўнасць, а псіхалагічная. «Я сутыкнулася з тым, што была не да канца ўпэўненая ў сабе, — заўважыла Вікторыя. — А гэта найважнейшы фактар: калі спартсмен будзе выдатна падрыхтаваны фізічна, але ў псіхалагічным плане ў яго ёсць праблемы, дайсці да п’едэстала будзе амаль немагчыма. Аднак пасля першай сустрэчы я паверыла ў сябе».
Справіцца з хваляваннем дзяўчыне дапамагла падтрымка каманды і трэнера. «Я ведала, што яны ў мяне вераць, у тым ліку мой трэнер, Дзмітрый Грамыка, які не змог быць побач, бо вяртаўся дадому з чэмпіянату свету па дзюдо сярод ветэранаў у Парыжы, дзе сам стаў бронзавым прызёрам», — сказала спартсменка.
Для Дзіяны Грыгарэнка залаты медаль стаў доўгачаканым. «Я правяла тры цяжкія сустрэчы, каб заваяваць яго, змагла сабрацца, узяць усю волю ў кулак і перамагчы, — падзялілася дзяўчына. — Напэўна, мне дапамог менавіта мой характар. Я была ўпэўнена ў сабе і ў сваіх сілах, бо дастаткова шмат трэніруюся».
Эліна ГРАМЫКА, вучаніца 11 «Д» класа Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву.
Фота Вольгі САРОКІ.