Мінгарвыканкам перагледзеў расцэнкі на прымусовую эвакуацыю аўтамабіляў і захоўванне на штрафстаянцы. Абноўленыя тарыфы зацверджаны рашэннем уладаў № 2337 ад 12 чэрвеня 2025 года і апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале. Ужо з серады, 25 чэрвеня, у сталіцы пачнуць дзейнічаць новыя правілы.
Кошт транспарціроўкі аўтамабіля з поўнай пагрузкай на эвакуатар вырас з 80 да 105 рублёў. Частковая пагрузка засталася без змен — 65 рублёў. Між тым у дакумент упершыню дадалі асобную паслугу: эвакуацыя з поўнай пагрузкай без дастаўкі на ахоўную стаянку. Такі выезд абыдзецца ў 75 рублёў.
Акрамя таго, змяніліся і правілы захоўвання транспартных сродкаў на штрафстаянцы. Раней дзейнічалі дыферэнцыраваныя тарыфы: за 1-3 сутак — 8 рублёў за суткі, за 4-9 сутак — 4,50 рубля за суткі, за 10-я і наступныя суткі — 3,50 рубля). Цяпер устаноўлены адзіны — 9 рублёў за суткі незалежна ад тэрміну захоўвання.
Дарэчы, апошні раз тарыфы на эвакуацыю і захоўванне аўтамабіляў на штрафстаянцы мяняліся ў чэрвені 2022 года.
Эвакуацыя прымяняецца ў выпадку парушэнняў ПДР, часцей за ўсё — пры няправільнай паркоўцы. Акрамя аплаты і захоўвання, вадзіцелю давядзецца заплаціць адміністрацыйны штраф. Так, паводле артыкула 18.18 КаАП РБ:
- за прыпынак або стаянку з парушэннем ПДР — штраф 1 базавая велічыня (42 рублі на сённяшні дзень);
- для грузавікоў, аўтобусаў, трактароў і прычэпаў — да 5 базавых (210 рублёў), а за паўторнае парушэнне — да 10 базавых (420 рублёў);
- за паркоўку на месцы для інвалідаў — штраф 2 базавыя (84 рублі).