Адбылося пасяджэнне журы ХХІІІ Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» краін — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Сёлета на конкурс прадстаўлены 64 выданні з шасці краін Садружнасці — Беларусі, Расіі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана. Удзельнікі дэманстравалі выданні, прысвечаныя гісторыі і сучаснасці краін СНД, культурнаму ўзаемадзеянню і нацыянальнай спадчыне.
Заснавальнікам конкурсу з’яўляецца Міждзяржаўны савет па супрацоўніцтве ў галіне перыядычнага друку, кнігавыдання, кнігараспаўсюджвання і паліграфіі. Літаратурнае спаборніцтва праводзіцца па дзевяці намінацыях: «Садружнасць», «Мая краіна», «Дыялог культур», «Кнігі для дзяцей і юнацтва», «Навука і адукацыя», «Арт-кніга», «Мастацтва ілюстрацыі», «Надрукавана ў Садружнасці», «Перамога» і «Гран-пры».
Як адзначыў намеснік міністра інфармацыі Дзяніс ЕЗЕРСКІ, перамога ў міжнародным конкурсе становіцца для кнігі і яе аўтара своеасаблівым знакам прэстыжу і дамапагае прыцягваць дадатковую ўвагу чытачоў. «Калі твор аўтара атрымлівае Гран-пры ці становіцца пераможцай у намінацыі — гэта, безумоўна, пэўная ўвага да выдання і аўтара. Гэтая кніга стала найлепшай сярод многіх, і гэта ўплывае на тое, як кніга будзе пазіцыяніравацца на рынку і прадстаўлена грамадскасці», — падкрэсліў намеснік міністра.

Кнігі, якія не трапілі ў пэўную намінацыю, але вызначыліся высокай якасцю зместу і афармлення, могуць атрымаць спецыяльны дыплом ад членаў журы.
Рэспубліка Беларусь сёлета прадставіла выданні ва ўсіх намінацыях. Многія з іх добра знаёмыя беларускаму чытачу: «Казкі народаў СНД», «Галасы свету. Са знакам якасці», «Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч на мовах народаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў», «Беларускія партызаны — Героі Савецкага Саюза» і іншыя.
Выданні Рэспублікі Казахстан, у тым ліку літаратура, перакладзеная на розныя мовы свету, таксама прадстаўлены ў некалькіх намінацыях. Дырэктар Нацыянальнай кніжнай палаты Казахстана Асхат Байзукоў адзначыў, што паліграфія і кнігавыданне не стаіць на месцы, а актыўна развіваецца з дапамогай новых тэхналогій, штучнага інтэлекту, шырокага выкарыстання ілюстрацый і коміксаў у дзіцячай літаратуры. Аднак пры гэтым шмат увагі надаецца захаванню нацыянальных традыцый і гістарычнай спадчыны Казахстана.
Кіраўнік аддзела падтрымкі літаратурнага працэсу, кніжных выставак і прапаганды чытання Дэпартамента дзяржаўнай падтрымкі перыядычнага друку і кніжнай індустрыі Міністэрства лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі прэзентавала шэраг выданняў, якія раскрываюць цесныя гістарычныя і культурныя сувязі паміж краінамі Садружнасці.
Майстэрствам ілюстрацыі вызначыліся кнігі Азербайджанскай Рэспублікі, прысвечаныя гісторыі і культуры краіны, а таксама выданні для дзяцей і падлеткаў.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА