Знакавы эканамічны форум беларуская сталіца прымае ў чацвёрты раз. Штогод напярэдадні Дня горада Мінск збірае партнёраў для ўмацавання міжнародных эканамічных сувязяў. Форум з’яўляецца ключавой пляцоўкай для дыялогу паміж бізнесам і ўладай, устанаўлення новых і развіцця існуючых кантактаў. Сёлета ў ім прымаюць удзел прадстаўнікі 27 краін і 15 рэгіёнаў Расіі.
Новы пранект — «Палата партнёрства»
Для кіраўнікоў гандлёва-прамысловых палат Смаленскай, Арлоўскай, Пермскай, Ульянаўскай, Ніжагародскай абласцей, а таксама Дамадзедава ўдзел у Міжнародным форуме пачаўся з наведвання Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Тут генеральны дырэктар Мінскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Сяргей Набешка прадставіў гасцям свой новы праект — «Палату партнёрства». У сваім выступленні ён падкрэсліў, што палата адыгрывае ў сталічным рэгіёне ключавую ролю ў развіцці дзелавога супрацоўніцтва і падтрымцы канструктыўных бізнес-ініцыятыў. Сяргей Набешка выказаў упэўненасць, што нагляднае знаёмства з беларускімі інавацыямі выкліча жывую цікавасць і стане выдатнай асновай для абмеркавання канкрэтных напрамкаў будучага супрацоўніцтва. Кіраўнік Мінскага аддзялення БелГПП прадставіў расійскім гасцям прэзентацыю палаты і расказаў ім аб магчымасцях Мінскага гарадскога тэхнапарка, свабоднай эканамічнай зоны «Мінск» і Парку высокіх тэхналогій. Госці таксама наведалі выставу прадукцыі рэзідэнтаў тэхнапарка, дзе прадстаўлены шэраг інавацыйных распрацовак у галіне біятэхналогій, ІТ і іншых галін.

Затым госці ў рэжыме свабоднага дыялогу абмяняліся думкамі па актуальных для бізнесу пытаннях. Намеснік генеральнага дырэктара кампаніі па развіцці індустрыяльнага парку Артур Дзяткоў расказаў удзельнікам мерапрыемства аб дзейнасці индустрыяльнага парка «Вялікі камень» і яго магчымасцях. А камерцыйны дырэктар міжнароднай лагістычнай групы кампаній RTL ALLIANCE Дзмітрый Башко выступіў з прэзентацыяй аб ключавых напрамках і прынцыпах яе працы. Ён падкрэсліў, што для экспарту беларускай прадукцыі менеджмент RTL ALLIANCE здолее знайсці і рэалізаваць лагістычнае рашэнне нават у самых складаных і нестандартных умовах.
У другой палове дня ўдзельнікі форуму перамясціліся ў сталічны атэль «Вікторыя Алімп», дзе прайшло пленарнае пасяджэнне. Галоўнымі тэмамі сталі эканамічны, турыстычны і медыцынскі патэнцыял горада. У якасці дакладчыкаў выступілі першы намеснік міністра эканомікі Іван Вежнавец, першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан і намеснік міністра спорту і турызму Алег Андрэйчык.
Кулуары форума
Перад пачаткам пасяджэння давялося пазнаёміцца з некаторымі гасцямі. Сярод іх — намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства па кіраванні ланцугамі паставак (Кітай) Фэн Берыл. Яна нагадала, што ў ліпені старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў з афіцыйным візітам наведаў Ціндаа: «Тады было намечана мноства цікавых праектаў, якія сёння можам развіваць паміж нашымі гарадамі. Беларусь вядомая сваёй сельскай гаспадаркай, мы чулі аб вашых якасных і смачных малочных прадуктах. Сёння мы тут, каб абмеркаваць, як мы можам узаемадзейнічаць у гэтых сферах».
«Ведаць свой тавар». Гэтым прынцыпам кіруюцца і эканамічныя партнёры з Індыі. У гэтую паўднёваазіяцкую краіну Беларусь пастаўляе калійныя і азотныя ўгнаенні, шкловалакно, сыравіну для шын. У сваю чаргу мы зацікаўлены ў індыйскіх медпрэпаратах, баваўнянай пражы, сыравіне для тытунёвых вырабаў. І гэта далёка не ўвесь спіс, дзе яшчэ можам быць адзін аднаму карысныя.
Традыцыйна самую масавую дэлегацыю на форуме прадстаўляе Расія — гэта наш галоўны гандлёвы партнёр. Толькі за мінулы год саюзны тавараабарот дасягнуў рэкордных 57,5 мільярда долараў. Расійскія рэгіёны дэманструюць высокую цікавасць да супрацоўніцтва з Мінскам. Прадстаўнікі 15 прыбылі ў беларускую сталіцу з канкрэтнымі прапановамі.
Уфа плануе развіваць сумесныя з Мінскам праекты ў прамысловай кааперацыі і сацыяльнай сферы, паведаміў журналістам на палях Міжнароднага форуму эканамічнага супрацоўніцтва ў рамках святкавання 958-годдзя беларускай сталіцы кіраўнік адміністрацыі гарадской акругі Уфа Ратмір Маўліеў.
Ратмір Маўліеў нагадаў, што ў 2023 годзе ва Уфе прайшоў Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які надаў імпульс рэалізацыі новых сумесных праектаў. У чэрвені гэтага года ў горадзе адбыліся Дні Мінска, куды прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя.
«Заключаны дзясяткі пагадненняў, якія рэалізуюцца. Яны датычацца ўсіх сфер эканамічнай дзейнасці», — адзначыў Ратмір Маўліеў, дадаўшы, што гаворка ідзе аб праектах у нафтахіміі, вытворчасці пасажырскай, сельскагаспадарчай тэхнікі і інш.
У прыклад ён прывёў супрацоўніцтва Уфімскага трамвайна-тралейбуснага завода (УТТЗ) і МАЗа, якія вырабляюць сумесна сучасныя тралейбусы (мадэлі «гараджанін») на Уфімскай пляцоўцы. «Прадукцыя вельмі запатрабаваная, атрымліваем пазітыўныя водгукі. Сёння Уфа набывае 20 адзінак — ужо абвешчаныя закупкі, пачынаем атрымліваць. На наступны год — каля 25 адзінак. У цэлым УТТЗ сёння ўжо належыць трэць рынку Расійскай Федэрацыі. Гэта вельмі добры, годны вынік, і тэхніка пастаянна ўдасканальваецца», — паведаміў Ратмір Маўліеў.
Зараз ва Уфе праходзяць апрабацыю тралейбусы вялікай умяшчальнасці ў варыянце «гармонік». «У вас на вуліцах горада яны ярка прадстаўлены. Пасля атрымання адпаведнага заключэння Уфа таксама плануе набываць дадзеную тэхніку», — адзначыў мэр.

Таксама сёлета ва Уфе адкрыўся вытворча-сэрвісны цэнтр па рэалізацыі і абслугоўванні беларускай спецтэхнікі ў рэгіёне. «Тая тэхніка, якая працуе на вуліцах нашага горада, добра сябе зарэкамендавала», — дадаў Ратмір Маўліеў.
У ліку найбуйнейшых сумесных праектаў ён таксама вылучыў будаўніцтва завода па вытворчасці спецыяльнай тэхнікі сумесна з «Амкадор».
Акрамя эканамічнага супрацоўніцтва, наладжаны культурныя сувязі. Так, падарункам мінчанам да Дня горада стане выступленне лепшых творчых калектываў сталіцы Башкартастана — канцэрт 13 верасня пройдзе на пляцоўцы Верхняга горада. Абмяркоўваецца і ўзаемадзеянне ў стварэнні сувенірнай прадукцыі. Сёлета Уфе за выдатныя дасягненні ў сферы рамёстваў, мастацтва і народных промыслаў прысвоены статус «Сусветны рамесны горад».
«Мінск павінен стаць наступным горадам, які будзе мець гэтае званне. Вядома, вялікая работа стане перад кіраўніцкай камандай, але ўпэўнены: з пастаўленай задачай справіцеся. Гэта і турызм, і развіццё ўзаемнай кааперацыі, і падтрымка мясцовых ініцыятыў, прадпрымальнікаў, рамеснікаў. Вельмі важна сёння захаваць самаідэнтычнасць, тое, што ў нас ёсць, наш культурны код», — акцэнтаваў Ратмір Маўліеў.
- Атрымае далейшае развіццё і турыстычны праект «Башкірска-беларускае даўгалецце. Турызм». Турысты прылятаюць прамым рэйсам Уфа-Мінск, які запусцілі ў пачатку сакавіка 2023 года. «Мы прыехалі вялікай дэлегацыяй. Плануем прадоўжыць наша супрацоўніцтва і ўпэўненыя, што з’яўляемся не проста стратэгічнымі партнёрамі, а двума брацкімі народамі, якія падтрымліваюць адзін аднаго і будуць надзейнай апорай», — адзначыў Ратмір Маўліеў.
Падчас візіту дэлегацыі ў Мінск на Міжнародны форум эканамічнага супрацоўніцтва адбылася яе сустрэча з кіраўніцтвам горада. Асабліва адзначана неабходнасць працягваць усе пачатыя праекты ў прамысловай кааперацыі, а таксама абмены маладзёжнымі дэлегацыямі. Дарэчы, Мемарандум аб пабрацімстве паміж Мінскам і Уфой падпісаны ў 2017 годзе.
Устойлівы эканамічны рост і высокая якасць жыцця людзей у любым пункце краіны вызначаны ключавымі прыярытэтамі Беларусі на найбліжэйшыя гады
Аб гэтым паведаміў першы намеснік міністра эканомікі Беларусі Іван Вежнавец. Ён адзначыў, што дадзеныя падыходы замацаваны ў НСУР-2040, праекце Праграмы — 2030 і павінны знайсці сваё прадметнае адлюстраванне ў галіновых стратэгіях развіцця, а таксама дзяржаўных, галіновых і рэгіянальных праграмах. Сёння сумесна з дзяржорганамі-рэгулятарамі і аблвыканкамамі адпрацоўваецца напаўненне гэтых дакументаў канкрэтнымі мерапрыемствамі і праектамі, спрыяльнымі дасягненню пастаўленых мэтаў.
У праграмах асаблівая ўвага надаецца пытанням самарэалізацыі, фарміраванню лічбавай індустрыі, неабходнасці збалансаванага раўнамернага развіцця з прыцэлам на ўнікальнасць, дзе сталіца стане сувязным звяном для моцных і самадастатковых рэгіёнаў.

Іван Вежнавец адзначыў, што для ацэнкі дасягнення пастаўленых мэтаў сфарміравана 90 індыкатараў. Акцэнт зроблены на росце ВУП, інвестыцый у асноўны капітал, прадукцыйнасці працы, экспарту, павелічэнні ўкладу турызму ў эканоміку краіны, навукаёмістасці галін, чаканай працягласці жыцця і інш. У адукацыі арыенцір — тэхналагічнае развіццё. Таксама ў прыярытэтах тэхналагічная незалежнасць і інтэлектуальная эканоміка, баланс бізнесу і дзяржавы, інтэграцыя навукі і прадпрымальніцтва, экалагічная бяспека.
Гаворачы аб рэгіянальным развіцці, Іван Вежнавец паведаміў, што ў кожнай вобласці выкрышталізавалі пэўныя напрамкі на базе існуючых кампетэнцый для фарміравання кластараў. Яшчэ адна амбіцыйная задача — павелічэнне долі турызму ў ВУП у два разы. «Разумеем нашы моцныя бакі і бачым, дзе неабходна ўзмацняць працу, у першую чаргу ў павышэнні стандартаў. Мяркуем распрацоўку 12 дзяржаўных стандартаў якасці ў сферы турызму, стварэнне тытульных маршрутаў падарожжаў па краіне», — расказаў Іван Вежнавец.
Беларусь дэманструе ўстойлівы рост аб’ёмаў экспарту медыцынскіх паслуг
Аб гэтым паведаміла першы намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Алена Богдан. Паводле афіцыйных звестак, толькі ў 2024 годзе больш за 160 тысяч замежных пацыентаў са 159 краін атрымалі медыцынскую дапамогу ў беларускіх установах. Больш за 70 % аб’ёму экспарту медыцынскіх паслуг прыпадае на грамадзян краін СНД.
Арганізацыі аховы здароўя Беларусі валодаюць унікальным навуковым патэнцыялам, добрай матэрыяльнай базай, чаму замежнікі і выбіраюць нашу краіну для лячэння. Найбольш запатрабаванымі напрамкамі медыцынскага турызму ў Беларусі з’яўляюцца: транспланталогія, анкалогія, траўматалогія і артапедыя, кардыялогія, нейрахірургія, афтальмалогія, стаматалогія, а таксама рэабілітацыйная медыцына і санаторна-курортнае лячэнне. Усё часцей замежныя пацыенты цікавяцца малаінвазіўнымі ўмяшаннямі, метадамі ранняй дыягностыкі і індывідуальнымі рэабілітацыйнымі праграмамі. Вядучыя клінікі, такія як рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры (РНПЦ), клінічныя і гарадскія бальніцы, актыўна ўдзельнічаюць у аказанні паслуг турыстам.
«Адной з галоўных канкурэнтных пераваг Беларусі таксама з’яўляецца медыцынская адукацыя — спалучэнне класічнай школы з сучаснымі тэхналогіямі. У апошнія гады ў краіне рэалізуецца комплекс мер па развіцці медыцынскага турызму: удасканальваецца заканадаўчая база, ствараюцца спецыяльныя сэрвісы для каардынацыі прыёму замежных пацыентаў, развіваюцца лічбавыя платформы. У перспектыве Беларусь плануе штогод павялічваць аб’ём экспарту медыцынскіх паслуг. Сярод ключавых кірункаў — развіццё тэлемедыцыны, навучанне замежных грамадзян у медыцынскіх ВНУ краіны, пашырэнне супрацоўніцтва з замежнымі страхавымі кампаніямі і дабрачыннымі фондамі, павышэнне пазнавальнасці брэнда беларускай медыцыны», — паведаміла Алена Богдан.
Стратэгія развіцця экспарту медыцынскіх паслуг на 2025-2035 гады прадугледжвае мадэрнізацыю медустаноў, падрыхтоўку персаналу, маркетынгавае прасоўванне паслуг за мяжой, удзел у міжнародных выставах, паляпшэнне сэрвісу ў бальніцах.
У Беларусі ў найбліжэйшыя гады рэалізуюць не менш за 95 буйных праектаў у турсферы
Аб гэтым паведаміў намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Алег Андрэйчык. Ён нагадаў, што ў Беларусі прадстаўлены 13 відаў турызму. Вялікай папулярнасцю карыстаецца гісторыка-культурны турызм, які цесна звязаны з адукацыйным, рэлігійным, лячэбна-аздараўленчым, аграэкатурызмам. Развіваецца прамысловы, гастранамічны, падзейны, экалагічны турызм. Створаны ўсе ўмовы для развіцця дзелавога турызму, удасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база турыстычнай галіны. Функцыянуюць 618 гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння, з іх 76 знаходзяцца ў Мінску.
«За чатыры гады — з 2021-га па 2024-ы — рэалізавана 116 буйных мерапрыемстваў па будаўніцтве і рэканструкцыі аб’ектаў туріндустрыі. Вялікія планы сёння звязваем з рэалізацыяй дзяржаўнай палітыкі на бліжэйшую пяцігодку. Ужо пацверджаны будаўніцтва, рэканструкцыя або мадэрнізацыя 95 буйных аб’ектаў у турыстычнай сферы, з іх 12 праектаў запланаваны да рэалізацыі ў Мінску», — адзначыў Алег Андрэйчык.

Сёлета ў беларускай сталіцы ўжо ўведзены шэраг буйных атэляў. У бліжэйшы час будзе адкрыта адна з самых фешэнэбельных пяцізоркавых гасцініц Waldorf Astoria. «Нацыянальнае заканадаўства змяшчае шырокі спектр падатковых ільгот, прэферэнцый, закліканых стымуляваць развіццё бізнесу, у тым ліку ў турыстычнай сферы», — дадаў Алег Андрэйчык.
Адна з стымулюючых мер па прыцягненні інвестыцый — праект «Рэгіянальная ініцыятыва». Міністэрства спорту і турызму са свайго боку актыўна прасоўвае дарожную карту інвестара.
Мінскае аддзяленне БелГПП і Гандлёва-прамысловая палата Смаленскай вобласці падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве
Па выніках пасяджэння былі падпісаны дакументы, накіраваныя на развіццё міжнароднага супрацоўніцтва. Сярод іх — пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мінскім аддзяленнем беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Смаленскай гандлёва-прамысловай палатай.
Як адзначыў журналістам генеральны дырэктар Мінскага аддзялення беларускай гандлёва-прамысловай палаты Сяргей Набешка, дакумент уключае тры напрамкі ўзаемадзеяння. У першую чаргу гаворка ідзе аб арганізацыі перамоў, бізнес-сустрэч, пошуку контрагентаў для прадпрыемстваў. Таксама бакі будуць праводзіць узаемныя кансультацыі. У Саюзнай дзяржаве выпрацоўваюцца адзіныя нарматыўныя дакументы, якія дазваляюць беларускую прадукцыю пазіцыянаваць з такім жа статусам, як расійскую. «Нам важны вопыт рэгіянальных палат, таму што яны пасля пацвярджаюць дакументы, выдадзеныя нашымі экспертамі», — растлумачыў Сяргей Набешка.
Трэці напрамак — стратэгічная сумесная дзейнасць на знешніх рынках. «Нашы самыя блізкія рэгіянальныя суседзі дапамогуць нам хутчэй выходзіць на рынак Расіі. Смаленская Гандлёва-прамысловая палата аб’ядноўвае такі ж шырокі спектр кампаній, як і мы. Працуем па ўсёй лінейцы прадукцыі. У першую чаргу нас цікавяць аўтакампаненты, машынабудаванне і ўсё, што звязана з прамысловай вытворчасцю», — адзначыў кіраўнік Мінскага аддзялення беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
Гаворачы аб Міжнародным форуме эканамічнага супрацоўніцтва ў Мінску, ён назваў яго статусным, іміджавым праектам, пляцоўкай, дзе бакі, якія актыўна супрацоўнічаюць, могуць абмяняцца думкамі і вызначыць перспектыўныя напрамкі. «Гэта пацвярджэнне таго, што сталіца з’яўляецца актыўным дзелавым цэнтрам з вялікімі магчымасцямі», — дадаў Сяргей Набешка.
Мінскія спецыялісты акажуць дапамогу Новасібірску ў развіцці метро
Дарожная карта (план мерапрыемстваў) па ўдзеле беларускага боку ў праектаванні метро ў Новасібірску на 2025-2028 гады — яшчэ адзін дакумент, які быў падпісаны падчас форуму. Подпісы пад дакументам паставілі намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Чэрнікаў і першы намеснік мэра горада Новасібірска Іосіф Кадалаеў.
У сакавіку гэтага года «Мінскметрапраект» прыступіў да праектавання левага перагоннага тунэлю паміж станцыямі «Залатая ніва» і «Бярозавы гай». Для пошукавых работ прыцягваюцца мясцовыя арганізацыі.
Ужо некалькі гадоў гарады-пабрацімы Новасібірск і Мінск выбудоўваюць шчыльныя кантакты па галінах гарадской гаспадаркі. Функцыянуе сумеснае прадпрыемства «БКМ-Сібір», напрацаваны пазітыўны вопыт у мадэрнізацыі трамвайных вагонаў. Выбудаваная аптымальная схема дастаўкі запчастак, зыходных матэрыялаў, інструментаў.
Мінск і Новасібірск у 2012 годзе сталі гарадамі-пабрацімамі, і з гэтага часу супрацоўніцтва гарадоў няўхільна пашыраецца. Гэта ўзаемадзеянне ў сферы адукацыі, культуры, камунальнай гаспадаркі.
Пляцоўка, якая аб’ядноўвае аднадумцаў
Пасля пленарнага пасяджэння работа прадоўжылася ў фармаце тэматычных секцый: «Рэгіянальнае і міжнароднае супрацоўніцтва з Мінскам», «Інвестыцыі, інавацыі, тэхналогіі», «Практыка бізнесу і экспарт». Таксама прайшлі прамыя перамовы (B2B), на якіх бакі абмеркавалі актуальныя пытанні ўзаемадзеяння, каб заключыць канкрэтныя пагадненні.

Як адзначыў старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў, Міжнародны форум эканамічнага супрацоўніцтва — гэта пляцоўка, якая аб’ядноўвае аднадумцаў, людзей, якім неабыякава развіццё іх гарадоў, краін: «Мерапрыемства стала для сталіцы добрай традыцыяй і прыцягвае з кожным годам усё больш удзельнікаў, якія зацікаўлены ў вывучэнні патэнцыялу Мінска. Задача любога форуму, мясцовых органаў улады — стварыць умовы для ўзаемадзеяння. Невырашальных пытанняў няма. Галоўнае — жаданне іх вырашаць».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА