Top.Mail.Ru

У Мінску стартаваў ІХ Беларускі касмічны кангрэс

21—23 кастрычніка 2025 года сталіца стала цэнтрам прыцягнення для лепшых розумаў у галіне космасу і высокіх тэхналогій. Маштабнае мерапрыемства, дзе нараджаюцца новыя ідэі і ўмацоўваюцца саюзы для заваявання абшараў Сусвету, праходзіць на базе Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Інстытута цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава і Прэзідыума НАН.



ІХ Беларускі касмічны кангрэс пачаўся з выставы навукова-тэхнічнай прадукцыі касмічнага прызначэння і пленарнага пасяджэння. У цэнтры дыскусій — самыя актуальныя пытанні: як штучны інтэлект дапамагае асвойваць космас, што могуць сучасныя спадарожнікі сувязі і навігацыі, якія матэрыялы вытрымаюць суровыя ўмовы за межамі нашай планеты і якія даныя атрымліваюць вучоныя з дапамогай спадарожнікаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Сучасныя метады дазваляюць кантраляваць здабычу карысных выкапняў з нябачанай раней аператыўнасцю, даюць магчымасць не проста знайсці аб’ект на карце, але і дакладна ўстанавіць яго межы, а значыць і маштабы далейшай работы. Такія апараты, да таго ж, актыўна выкарыстоўваюцца ў ацэнцы стану лясоў і развіцці сельскай гаспадаркі. 

Аб'яднанне намаганняў для сумесных даследаванняў космасу, развіццё партнёрства і абмеркаванне прыярытэтных кірункаў касмічнай дзейнасці сталі ключавымі мэтамі мерапрыемства. Паводле слоў намесніка прэзідэнта РАН акадэміка Уладзіміра Чахоніна, у Расіі і Беларусі вельмі багаты вопыт супрацоўніцтва ў галіне космасу, а таксама паспяховае партнёрства ў сферы электронікі, прыбора- і рухавікабудавання. А яркім прыкладам развіцця тэхналогій на карысць чалавецтва стаў міжнародны праект «Сірыус». 12-месячны ізаляцыйны эксперымент, які імітуе ўмовы працяглага касмічнага пералёту, завяршыўся летась і выканаў сваю галоўную мэту — вывучыць рэакцыі чалавечага арганізма на шматмесячнае знаходжанне ў замкнёнай прасторы. У такіх умовах, як адзначыў Уладзімір Чахонін, мяняюцца кровазварот, дыханне, работа эндакрыннай сістэмы і, што асабліва важна, псіхічны стан. Пра ўсё гэта проста неабходна ведаць для адпраўкі касманаўтаў у працяглыя палёты.

Яшчэ адзін інавацыйны праект — стварэнне ўнікальнага абсталявання для даследавання іонасферы — вылучыў Сяргей Круглікаў, генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Асаблівасць яго ў тым, што для спадарожнікаў распрацоўваюцца спецыяльныя рухавікі, якія дазваляюць імі кіраваць. «Такім чынам, мы зможам выводзіць з арбіты ўжо адпрацаваныя касмічныя апараты і не ствараць так званае касмічнае смецце, якога цяпер у калязямной прасторы велізарная колькасць». Гэта работа — прамы ўклад беларусаў у вырашэнне адной з самых вострых праблем сучаснай касманаўтыкі. Таксама плануецца запуск новага касмічнага апарата з унікальнымі характарыстыкамі, у першую чаргу — пашыральнай здольнасцю 0,35 метра па фатаграфаванні. Гэта абсталяванне вытворчасці «Пеленг». На пленарным пасяджэнні прадставілі і планы па развіцці кірунку малых касмічных апаратаў, у першую чаргу на вядучым прадпрыемстве расійскай ракетна-касмічнай галіны АТ «РКЦ «Прагрэс». Акрамя таго, удзельнікі падвялі вынікі праграмы Саюзнай дзяржавы «Маніторынг-СД», абмеркавалі праблемныя пытанні і вынікі праекта.

Дарэчы, падрыхтоўцы маладых спецыялістаў, тых, хто яшчэ толькі будзе ўвасабляць смелыя праекты ў жыццё, удзяляюць сёння асаблівую ўвагу. У нашай краіне ўжо створана паўнацэнная касмічная галіна, дзе працуюць каля 4000 кваліфікаваных спецыялістаў у больш як 20 навуковых і вытворчых арганізацыях. Усё дзеля таго, каб забяспечыць дастатковы навуковы, тэхнічны і кадравы патэнцыял, а таксама багаты досвед распрацовак па касмічнай тэматыцы. Гэта ў сваім прывітальным слове падкрэсліў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Каранік. Найважнейшым кірункам застаецца таксама прымяненне гэтых распрацовак у рэальным сектары эканомікі — ад эфектыўнага земляробства да картаграфавання.

Аміна НАЗАРАВА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю