Top.Mail.Ru

У Мінску ў шосты раз прайшлі чытанні, прысвечаныя Іаану Грыгаровічу

Удзельнікамі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «VI Чытанні протаіерэя Іаана Грыгаровіча (1792—1852): гісторыка, археографа, філолага» сталі больш як 100 чалавек з Беларусі і Расіі.

Канферэнцыя пачалася з літыі ў акадэмічным храме Мінскай духоўнай акадэміі, пасля чаго адбылося пленарнае пасяджэнне з удзелам Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Ён вітаў кіраўніцтва духоўнай акадэміі, яе прафесарска-выкладчыцкі склад, а таксама вучоную супольнасць з важнай падзеяй.

— Памяць пра айца Іаана Грыгаровіча, выдатнага царкоўнага вучонага, гісторыка, філолага займае асаблівае месца ў духоўнай і навуковай традыцыі нашай Айчыны, — падкрэсліў ён. — Яго работы па збіранні, асэнсаванні гістарычных крыніц, яго служэнне царкве, навуцы ўяўляе сабой прыклад дбайнага пошуку ісціны, злучанага з глыбокай верай і адданасцю царкоўнай справе. 

Мітрапаліт адзначыў, што проста імкненні да пошуку ісціны не заўсёды даюць жаданы вынік, часам усялякія факты не прыносяць належнай карысці супольнасці. Важна, каб яны клаліся на душу чалавечую, знаходзілі там адпаведны водгук і заахвочвалі да нейкага дзеяння або, наадварот, супрацьдзеяння. 

— Гісторыя — гэта навука, якая патрабуе дакладнасці і разнастайных ведаў, разумення ўнутраных працэсаў у грамадстве, псіхалогіі ці, лепш сказаць, разумення душы чалавечай, — аргументаваў Патрыяршы Экзарх. — Чым чалавек кіруецца? Чаму ён так робіць, а не інакш? Неабходна веданне таксама і палітычных працэсаў, культурных сувязяў, моўных асаблівасцяў для сучаснага чалавека. Часам нейкія гістарычныя факты некалькі прыкрываліся ці інакш выкладаліся для людзей. І, вядома, у гэтым таксама павінна быць мера, разважлівасць і духоўнае асэнсаванне. 


Тэмы, якія ўзнімаліся на канферэнцыі, датычыліся міжхрысціянскіх сувязяў, праваслаўнай царквы ў сацыякультурным кантэксце, царкоўным мастацтве, рэгіянальных царкоўна-краязнаўчых даследаваннях. У Год беларускай жанчыны і 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны гаварылі пра славутых беларускіх падзвіжніц і гераізм савецкага народа. Размова таксама ішла пра педагогіку як служэнне і прызванне; бібліятэкі, кнігі і медыя як спосаб захавання мінулага і фарміравання сучаснага, царкоўную навуку і духоўную адукацыю. Спектр дакладаў быў вельмі разнастайны, працавала адначасова 12 секцый.

— Прагучала болей чым 100 дакладаў, — падсумаваў вынікі канферэнцыі рэктар Мінскай духоўнай акадэміі, кандыдат багаслоўя, архімандрыт Афанасій (Сакалоў). — Усе яны сведчаць аб той вялізнай царкоўна-гістарычнай, багаслоўскай і краязнаўчай рабоце, якая праводзіцца не толькі ў сценах нашай і іншых духоўных навучальных устаноў Рускай праваслаўнай царквы, але і дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў Беларусі і Расіі. Усе даклады заслугоўваюць увагі і глыбокага асэнсавання. 

Сярод тых, хто прыняў удзел у канферэнцыі, — прадстаўнікі Маскоўскай духоўнай акадэміі і духоўных семінарый, а таксама Калужскай, Арэнбургскай, Тамбоўскай, Казанскай, Калінінградскай і іншых — усяго з 13 расійскіх рэгіёнаў — семінарый, а таксама свяшчэннікі, журналісты. Сваімі даследчымі знаходкамі дзяліліся прафесары, выкладчыкі, аспіранты, студэнты беларускіх і расійскіх дзяржаўных універсітэтаў, у тым ліку маскоўскіх — імя Ламаносава, педагагічнага, аўтамабільна-дарожнага тэхнічнага, праваслаўнага клуба «Эклесія», што пры Маскоўскім універсітэце сяброўства народаў імя Патрыса Лумумбы. Удзел у канферэнцыі прыняла і спецыяльны карэспандэнт газеты «Звязда» па Магілёўскай вобласці Нэлі Зігуля. Даклад прысвячаўся тэме ўзнікнення і захоўвання фрэсак слаўгарадскай царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Матэрыял на гэтую тэму быў надрукаваны на старонках газеты «Літаратура і мастацтва». 

Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік, куды ўвойдуць падрыхтаваныя да яе даклады. Яны стануць падмуркам для далейшых больш глыбокіх даследаванняў гэтых тэм і цалкам новых.

Знамянальна, што сёлета ўпершыню адна з секцый канферэнцыі — «Гісторыя і культура Пасожжа» праходзіла не ў Мінску, а ў Слаўгарадзе Магілёўскай вобласці. Летась Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, прапанаваў пашырыць межы навуковага форуму Мінскай духоўнай акадэміі і выходзіць у рэгіёны, багатыя гісторыяй, культурай, імёнамі. Слаўгарад, ён жа старадаўні Прапойск, радзіма славутага заснавальніка беларускай археаграфіі Іаана Грыгаровіча, у гонар якога праводзіцца канферэнцыя. Да таго ж сёлета горад адзначае 890-годдзе са дня свайго заснавання.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю