Прызнанне і магчымасць далейшага перспектыўнага развіцця
Заслужаныя ўзнагароды арганізацыям з усёй краіны ўручыў намеснік Прэм’ер-міністра Віктар КАРАНКЕВІЧ. Сярод лаўрэатаў — прадстаўнікі машынабудаўнічай, транспартнай, электратэхнічнай, харчовай, фармацэўтычнай, хімічнай галін, а таксама ўстановы навукі, адукацыі і санаторна-курортных паслуг.
Прызнанне годных вынікаў беларускіх вытворцаў
Удзельнікамі конкурсу на суісканне Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці традыцыйна становяцца арганізацыі, якія дабіліся значных вынікаў у павышэнні якасці прадукцыі, работ і паслуг, а таксама ўкаранілі сучасныя сістэмы менеджменту якасці.

«Гэты конкурс — эфектыўны інструмент для дэманстрацыі кіраўнікамі і арганізацыямі сваіх дасягненняў ва ўкараненні інавацыйных і высокаэфектыўных тэхналогій вытворчасці і кіраўніцкіх практык, накіраваных на максімальнае задавальненне запытаў спажыўцоў і ўстойлівае развіццё непасрэдна саміх прадпрыемстваў, — адзначыў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Віктар Каранкевіч. — Удзел у дадзеным конкурсе — таксама магчымасць аб’ектыўнай, незалежнай ацэнкі вынікаў дзейнасці прадпрыемстваў у галіне якасці. А перамога, прысуджэнне прэміі — не толькі прызнанне дзяржавай годных вынікаў, але і выдатная магчымасць далейшага перспектыўнага развіцця і рэалізацыі новых праектаў».
Па словах Віктара Каранкевіча, пытанні павышэння якасці сферы паслуг і прадукцыі рэальнага сектара эканомікі нашай краіны знаходзяцца на пастаянным кантролі кіраўніка дзяржавы і ўрада. Перад беларускімі вытворцамі ставяцца сур’ёзныя, амбіцыйныя мэты, якія яны паспяхова дасягаюць. У выніку расце экспарт беларускіх тавараў і паслуг, павышаецца пазнавальнасць брэнда «Зроблена ў Беларусі» на рынках больш як 150 краін свету. Дарэчы, за студзень — май 2026 года тэмп росту экспарту тавараў і паслуг склаў 114,6 % да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года.
Надзейнасць і канкурэнтаздольнасць
Конкурс праводзіцца ўжо ў 27-ы раз, і за гэты час яго лаўрэатамі сталі ўжо 269 арганізацый. Па выніках 2025-га гэтае званне было прысвоена 24 з іх, прычым некаторыя ўдастойваюцца яго ўжо неаднаразова. Так, на гэты раз пацвердзілі высокую якасць сваёй прадукцыі ажно 15 арганізацый. А чатыры лаўрэаты атрымалі спецыяльныя ўзнагароды — «Лідарства», «Дасканаласць менеджменту», «Сацыяльная адказнасць» і «Беражлівы падыход». Апошняя ў гісторыі конкурсу ўручалася, дарэчы, упершыню.

Крытэрыі ацэнкі заўсёды вельмі сур’ёзныя: гэта і экспартны складнік, і імпартазамяшчальны патэнцыял, і ўкараненне інавацый, і, вядома, удасканаленне якасці, падкрэсліла старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Алена МАРГУНОВА. «Кожны год палажэнне аб прэміі карэкціруецца з улікам правапрымяняльнай практыкі і, можна сказаць, у бок узмацнення жорсткасці. Асабліва што датычыцца патрабаванняў і крытэрыяў, — адзначыла старшыня Дзяржстандарта. — Атэстацыйная камісія вядзе вельмі строгі адбор і звяртае ўвагу перш за ўсё на само прадпрыемства, а не толькі на прадукцыю, якую яно выпускае. Гэта прэмія для ўсяго прадпрыемства, для ўсёй каманды, якая вырабляе той ці іншы прадукт, які прадстаўлены на паліцах нашых магазінаў і які ідзе на экспарт».
Дарэчы, прысваенне звання лаўрэата прэміі дае прадпрыемству шэраг пераваг. У прыватнасці, яно пацвярджае статус надзейнага вытворцы канкурэнтаздольнай прадукцыі, садзейнічае прасоўванню тавараў на ўнутраным і знешнім рынках, пашырае кола патэнцыяльных дзелавых партнёраў.

Ад выбару сыравіны да выпуску гатовай прадукцыі
Прадукцыя прадпрыемстваў — пераможцаў конкурсу — была прадстаўлена на тэматычнай выставе. Пяты раз прэміі быў удастоены Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт: «Для нас гэта прэстыж, імідж універсітэта, доказ яго канкурэнтаздольнасці на рынку, у экспарце адукацыйных паслуг. Наш калектыў: студэнты, супрацоўнікі, выкладчыкі — заўсёды імкнецца быць лідарам у розных кірунках», — адзначыў рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар ЖУК. Паводле яго слоў, інавацыйны складнік — асноўны кірунак развіцця любой ВНУ Беларусі. Таму і ў ГрДМУ лічбавізацыя, інфарматызацыя, новыя формы і метады навучання, а таксама практыкаарыентаваная падрыхтоўка студэнтаў актыўна ўкараняюцца і развіваюцца.

Сярод тых, хто чарговы — чацвёрты — раз пацвердзіў якасць сваёй прадукцыі, — ААТ «Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод». І гэта якасць, упэўнены дырэктар прадпрыемства Віталь ЮРКЕВІЧ, шмат у чым складаецца не з тэхнічных магчымасцяў прадпрыемства, а са стаўлення кожнага работніка да агульнай справы: «У гэтым — заслуга ўсяго калектыву, яго выхавання, разумення традыцый прадпрыемства. Безумоўна, важныя тэхнічныя ўмовы, кантроль на ўсіх этапах вытворчасці. Але не менш значны і ўнутраны, чалавечы кантроль, які дазваляе адказна ставіцца да сваёй працы».
Прэмія Урада стымулюе рухацца наперад, абапіраючыся на захаванне высокіх стандартаў і якасці. Дзякуючы гэтаму пра айчынную прадукцыю ведаюць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі, падкрэсліў Аляксандр ГЕРАСІМЁНАК, генеральны дырэктар ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат»: «Якасць для нас — гэта не проста слова, а штодзённы прынцып работы для ўдасканалення нашай прадукцыі. Ад выбару сыравіны да выпуску гатовай прадукцыі мы імкнёмся да дасканаласці, каб максімальна задавальняць запыты нашых спажыўцоў».

У рамках мерапрыемства таксама адбылося ўшанаванне кіраўнікоў арганізацый, удастоеных знака «Лідар якасці», і пераможцаў конкурсаў «Найлепшы менеджар па якасці», «Найлепшая дыпломная і навукова-даследчая работа студэнтаў у галіне менеджменту і кантролю якасці».
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА