Прэмія сёлета прысуджана двум аўтарскім калектывам. Першая работа, якая была адзначана, — распрацоўка новых спінальных сістэм з выкарыстаннем тэхналогій прататыпавання — прарыў у дзіцячай траўматалогіі і артапедыі. Работа спалучае высокія тэхналогіі адытыўнай вытворчасці, індывідуальны падыход да кожнага пацыента і найвышэйшае майстэрства.
Гаворачы аб гэтым беларуска-расійскім праекце, дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Міхаіл ГЕРАСІМЕНКА адзначыў яго высокую навукаёмістасць: «Падчас выканання праграмы Саюзнай дзяржавы дасягнута поўнае імпартазамяшчэнне па металаканструкцыях для хірургіі пазваночніка. Гэта вынік навуковага праекта саюзных навукоўцаў і ўкаранення навуковых распрацовак непасрэдна ў вытворчасць. Вельмі важна, што гэта вытворчасць знаходзіцца на тэрыторыі нашай краіны». Дырэктар Нацыянальнага медыцынскага даследчага цэнтра дзіцячай траўматалогіі і артапедыі імя Г. І. Турнера Міністэрства аховы здароўя Расіі Сяргей ВІСАРЫЁНАЎ, у прыватнасці, адзначыў, што распрацоўка дыягнастычнай платформы для дзяцей з прыроджанымі дэфармацыямі пазваночніка заснавана на малекулярна-генетычных і біяхімічных крытэрыях. Гэта платформа не мае сусветных аналагаў.
Другая работа — стварэнне высокапрадукцыйных інфармацыйна-вылічальных тэхналогій для мінеральна-сыравіннай базы — мае стратэгічнае значэнне для эканамічнага суверэнітэту і тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы. Створаны інтэлектуальны інструмент, які дазваляе па-новаму, эфектыўна і дакладна ацэньваць і выкарыстоўваць прыродныя багацці дзвюх краін.
Як адзначыў генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Сяргей КРУГЛІКАЎ, мэтай праекта было ў тым ліку імпартазамяшчэнне. «Мы распрацоўвалі суперкамп’ютарныя тэхналогіі і непасрэдна самі ўстаноўкі — суперкамп’ютары сямейства СКІФ. Гэта ўласная тэхналогія Саюзнай дзяржавы па суперкамп’ютарным праектаванні і мадэляванні. Дастаткова актыўна ў гэтай сферы працуем. Задача, на якую была накіравана менавіта гэта праграма, — павышэнне эфектыўнасці здабычы карысных выкапняў, вывучэння нетраў Зямлі. Пачыналі мы з пэўнай галіны — гэта нафта, газ. А потым перайшлі на розныя віды рэдказямельных металаў, пачалі вырашаць пытанні мадэлявання цэлага шэрагу самых складаных працэсаў.
І без суперкамп’ютарных тэхналогій гэта нельга было вырашыць. Цяпер яны досыць актыўна выкарыстоўваюцца ў Беларусі і Расіі. Эфект ад укаранення нашых тэхналогій у эканоміку склаў больш за 18 мільёнаў долараў. Па шэрагу пазіцый мы перасягнулі сусветныя аналагі — як па праграмных, так і па апаратных сродках», — расказаў Сяргей Круглікаў.
Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Сяргей ГЛАЗЬЕЎ зрабіў асаблівы акцэнт на значнасці і якасці адзначаных работ: «Нашы лаўрэаты цалкам адпавядаюць усім крытэрыям. Гэта сумесная практыка-арыентаваная работа. Для Саюзнай дзяржавы тэма падтрымкі навуковых даследаванняў, навукова-тэхнічнага прагрэсу з’яўляецца ключавой. Мы рэалізоўваем навукова-тэхнічныя праграмы і праекты. Частка гэтых распрацовак ужо паспяхова рэалізоўваецца на практыцы».
Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір КАРАНІК адзначыў, што сумесныя праекты прысвечаны самым розным кірункам. Ён нагадаў, што ў сценах НАН Беларусі быў распрацаваны Мадэльны закон па рэгуляванні штучнага інтэлекту. Цяпер ён прыняты як эталон на прасторы СНД.
Сяргей КУРКАЧ