Здзяйсненні на карысць Беларусі.
У Палацы Рэспублікі сабраліся найлепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў краіны. Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын уручыў ім дзяржаўныя ўзнагароды, якія з’яўляюцца знакам прызнання іх заслуг і адданасці справе. Сярод узнагароджаных — прадстаўнікі падатковых органаў, прамысловасці, лясной гаспадаркі, аграпрамысловага комплексу, будаўнічай сферы, культуры, спорту, дзяржаўныя служачыя.
Поспех — у сумленнай, карпатлівай і самаадданай працы
«Сваім прыкладам вы даказваеце, што працавітасць, прафесіяналізм, адказны падыход і неабыякавасць заўсёды прыводзяць да высокіх вынікаў, — падкрэсліў Аляксандр Турчын. — Усё гэта ўмацоўвае аўтарытэт дзяржавы, павышае ўзровень яе дабрабыту і ў выніку мяняе да лепшага жыцця нашых грамадзян. Менавіта ў штодзённай сумленнай, карпатлівай і самаадданай працы крыецца поспех любой справы».

Звяртаючыся да ўзнагароджаных медалём «За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый», кіраўнік урада акцэнтаваў увагу на тым, што яны сваёй працай захавалі сапраўды нацыянальны здабытак — нашы ўнікальныя лясы.
«Ад імя ўрада і ад сябе асабіста віншую вас з гэтай знамянальнай падзеяй у вашым жыцці, — дадаў Аляксандр Турчын. — Няхай гэта ўзнагарода натхняе вас на новыя здзяйсненні на карысць роднай Беларусі, а вы будзеце для іншых прыкладам таго, як трэба шчыра любіць сваю краіну, рабіць усё для яе развіцця і росквіту. Немалая частка вашага поспеху — гэта цярпенне, падтрымка і дапамога вашых родных і блізкіх, сяброў і працоўных калектываў. Вялікая ўдзячнасць ім за гэта».
Прэм’ер-міністр пажадаў удзельнікам урачыстай цырымоніі моцнага здароўя, дабрабыту, новых прафесійных вышынь, а затым уручыў заслужаныя ўзнагароды.
Не толькі прызнанне заслуг, а яшчэ і матывацыя
Сярод узнагароджаных медалём «За працоўныя заслугі» — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім БОГУШ. «Высокая ацэнка, дадзеная Прэзідэнтам, вынікам нашай работы ўспрымаецца як узнагарода, якая ўручана не асабіста мне, а вялікаму калектыву, — удакладніў ён. — Калектыву, які працуе разам са мной, тым, хто падтрымлівае мяне дома. Без сям’і, калег дасягаць высокіх вынікаў проста немагчыма. Узнагарода ўспрымаецца і як задача на будучыню: дзяржаўныя ўзнагароды — гэта ў тым ліку яшчэ і матывацыя да далейшай эфектыўнай работы, каб вынікі, якіх мы дасягаем разам, прыносілі толькі карысць нашай суверэннай роднай Беларусі».

Па словах начальніка жывёлагадоўчай фермы «Капцёўка» камунальнага вытворчага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Гродзенская птушкафабрыка» Фелікса ЮРОЎСКАГА, уручэнне яму медаля «За працоўныя заслугі» стала нечаканасцю. Усё жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы. Ужо на заслужаным адпачынку, але адысці ад спраў аграрных не можа. У сельскай гаспадарцы Фелікс Станіслававіч — 45 гадоў.
«На ферме сярэднясутачная прывага — больш за кілаграм, высокія надоі, — гаворыць кавалер медаля аб працоўных поспехах. — Сваімі сіламі добраўпарадкавалі ферму, створаны ўсе ўмовы для камфортнай працы людзей, утрымання жывёл. Раней працаваць у сельскай гаспадарцы было вельмі складана. Цяпер мяняюцца тэхналогіі, таму працаваць стала лягчэй, не так напружана, як гэта было».
За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё газавай галіны Падзяка Прэзідэнта аб’яўлена намесніку начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела філіяла «Баранавіцкае вытворчае ўпраўленне» РУП «Брэстаблгаз» Уладзіславу БАРТКЕВІЧУ. Прысвяціў газавай галіне 36 гадоў. Увесь гэты час адпрацаваў у адной арганізацыі: прайшоў шлях ад механіка да намесніка начальніка адзела.
«Узнагарода — гэта не толькі адзнака маёй працы, а і ўсіх газавікоў Брэстчыны, у прыватнасці Баранавіцкага раёна, — лічыць ён. — Не было б такога калектыву, не было б і ўзнагароды. Разам з тым гэта накладвае і пэўныя абавязкі ў будучыні: яшчэ лепш выконваць задачы, якія ставіць перад намі дзяржава ў частцы абслугоўвання насельніцтва, развіцця газавай галіны. Будзем імкнуцца!»
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА