Ён годна вытрымаў усе выпрабаванні
Вядомы пісьменнік памёр 7 ліпеня на 89-м годзе жыцця. Жалобная цырымонія развітання прайшла ў Цэнтральным Доме афіцэраў. Першы вянок — у знак глыбокай падзякі і памяці — накіраваў асабіста кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Развітацца з народным пісьменнікам прыйшлі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, старшыні палат парламента, члены ўрада, прадстаўнікі грамадскасці, культурныя дзеячы, сябры і блізкія, прыхільнікі творчасці пісьменніка.


Мікалай Чаргінец — аўтар больш як 50 навуковых работ і звыш 40 мастацкіх твораў, ім напісаны некалькі сцэнарыяў да мастацкіх кінафільмаў. Яго кнігі перакладзены больш чым на 15 моў. Многія раманы ўнесены ў спіс найлепшых твораў свету.

Як адзначыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, з жыцця пайшоў пісьменнік, палітык і вельмі важны для грамадства чалавек, які прайшоў праз многія выпрабаванні і вытрымаў іх годна. «Апошнія дні ён прабыў у бальніцы, і мы ўсе перажывалі, — расказаў Алесь Карлюкевіч. — Але нават у рэанімацыі быў з тэлефонам, стараўся патэлефанаваць і не проста сказаць, што перадае прывітанне і выходзіць на сувязь, а імкнуўся данесці пэўную думку або пра справу Саюза пісьменнікаў Беларусі, або пра рэчы, якія, на яго думку, павінны характарызаваць месца пісьменніка ў грамадстве».


Мікалай Чаргінец служыў у органах унутраных спраў, дзе прайшоў шлях ад радавога супрацоўніка да начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў. Па словах міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова, нягледзячы на ўзрост, Мікалай Чаргінец да апошняга дня быў сапраўдным міліцыянерам і прысутнічаў на ўсіх мерапрыемствах МУС. «Мікалай Іванавіч як супрацоўнік МУС быў у камандзіроўцы ў Афганістане, дзе ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. Ён таксама быў начальнікам крымінальнага вышуку, і яго парады шмат для нас значылі, — сказаў міністр. — Не стала легенды, але мы працягнем захоўваць памяць пра Мікалая Іванавіча і ніколі не пакінем яго сям’ю».
Пахавалі Мікалая Чаргінца на Усходніх могілках сталіцы.
Фота БелТА