Для асвячэння храма ў нашу краіну прыбыў Вярхоўны Патрыярх і Каталікос усіх армян ГАРЭГІН ДРУГІ.
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр РУМАК нагадаў, што ў нас зарэгістравана 25 канфесій і рэлігійных аб’яднанняў і кожны чалавек мае права на выбар веравызнання і пошук сваёй дарогі ў храм: «Цяпер такая магчымасць дадзена і армянам, якія пражываюць у нашай краіне. На сёння іх больш за дзевяць з паловай тысяч. Гэта шостая па колькасці нацыянальнасць Беларусі».
На адкрыцці Армянскай апостальскай царквы прысутнічалі прадстаўнікі вядучых рэлігійных канфесій Беларусі. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ВЕНІЯМІН адзначыў, што ўзвядзенне ў беларускай сталіцы армянскай апостальскай царквы — сведчанне добрых адносін паміж народамі, а таксама адкрытасці нашай краіны, яе гатоўнасці аказваць падтрымку і ствараць умовы, каб прадстаўнікі розных канфесій маглі вызнаваць сваю веру.
«Мы як прадстаўнікі Рымска-каталіцкай царквы радуемся за нашых братоў армян, за народ, які адным з першых прыняў хрысціянства, — падзяліўся ксёндз Франц РУДЗЬ. — Гэта вельмі важная падзея гаворыць пра тое, што беларуская зямля адкрыта для кожнага чалавека».
Фота БелТА