Супрацоўнікі Заводскага РУУС затрымалі 23-гадовага работніка аўтамыйкі, які скраў транспартны сродак кліенткі. Пра гэта паведаміла БелТА.
Гаспадыня іншамаркі патлумачыла, што перадала аўтамабіль на абслугоўванне і забрала ў належныя тэрміны. Праз некалькі дзён жанчыне прыйшло паведамленне аб парушэнні хуткаснага рэжыму на адной са сталічных вуліц, у пацвярджэнне — фота яе транспартнага сродку, за рулём якога невядомы мужчына. Мінчанка звярнулася ў міліцыю.
Са слоў фігуранта, ён браў чужую іншамарку, каб з’ездзіць дадому па неадкладных справах.
Распачата крымінальная справа за крадзеж.