Традыцыяй стала правядзенне ў межах праграмы Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмашу Міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час». Сёлета ён пройдзе 17-18 сакавіка.
Пачатак гэтаму творчаму праекту дружбы быў пакладзены ў 2015 годзе, — анансіруе падзею намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксей Чарота. — Сёлета госці з розных краін СНД разам з беларускімі пісьменнікамі будуць весці размову пра агульную гуманітарную прастору Садружнасці Незалежных Дзяржаў як сродак супрацьстаяння выклікам сучаснасці. Да ўдзелу ў сімпозіуме запрошаны празаікі, публіцысты, літаратуразнаўцы, перакладчыкі з Расійскай Федэрацыі, Азербайджана, Арменіі, Узбекістана, Казахстана, Кыргызстана, Туркменістана, Таджыкістана.
Арганізатарамі сімпозіума з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюз пісьменнікаў Беларусі пры падтрымцы Міжнароднага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва. Удзельнікі дыскусій на пляцоўцы міжнароднай выстаўкі-кірмашу наведаюць ВНУ, бібліятэкі Мінска, пазнаёмяцца з рэдакцыямі літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў, кніжных выдавецтваў Беларусі.
Мікола БЕРЛЕЖ