Карэспандэнт «Звязды» пабывала на прэм’еры фільма пра лётчыкаў-герояў Нічыпорчыка і Куканенку ў мінскім кінатэатры
Карэспандэнт «Звязды» пабывала на прэм’еры фільма пра лётчыкаў-герояў Нічыпорчыка і Куканенку ў мінскім кінатэатры
У маі 2021 года ваенны самалёт ЯК-130 Лідскай штурмавой авіяцыйнай базы пацярпеў крушэнне ў Баранавічах. Экіпаж у складзе маёра Андрэя Нічыпорчыка і лейтэнанта Мікіты Куканенкі, выявіўшы тэхнічную няспраўнасць, накіраваў машыну на пустку паміж жылымі дамамі. Маладыя людзі коштам уласнага жыцця выратавалі мірных жыхароў, адвёўшы самалёт ад жылога квартала. У лістападзе таго ж года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ аб прысваенні мужчынам пасмяротнага звання «Герой Беларусі». Гэтая гісторыя трагічнай гібелі і адначасова вялікай адвагі знайшла водгук у сэрцах людзей і пяць гадоў таму, калі гэта здарылася, і ў дзень выхаду кінакарціны «Адно на дваіх» на вялікія экраны нашай краіны.
У сталічным кінатэатры «Масква» вечарам у пятніцу было шматлюдна — тут сабраліся сем’і, блізкія, сябры загінулых Андрэя і Мікіты, а таксама тыя неабыякавыя людзі, для каго гэтая гісторыя таксама адгукнулася болем.

Міністр культуры Марат МАРКАЎ нагадаў словы беларускага лідара аб тым, што задача дзяржавы — каб памяць аб гэтых людзях жыла вечна.
«Гэты фільм — яшчэ адзін помнік, які будзе для іх заўсёды», — дадаў кіраўнік ведамства.
Кінакарціна была знятая сёлета на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» пры падтрымцы Міністэрства абароны. Марат Маркаў падзякаваў ведамству: «Без нашых калегаў гэтага фільма не было б, ці ён не быў бы такім якасным».
Міністр абароны Віктар ХРЭНІН у сваю чаргу адзначыў, што фільм «Адно на дваіх» — гэта даніна павагі маладым людзям.
«У крытычнай сітуацыі, калі падчас трэніровачнага палёту самалёт страціў кіраванне, хлопцы не думалі пра сябе, яны думалі пра тых людзей, якія на зямлі, — падкрэсліў Віктар Хрэнін. — Кіраўнік палёту неаднаразова ставіў задачу пакінуць самалёт, але хлопцы разумелі: калі яны гэта зробяць, на зямлі будзе трагедыя».
Міністр абароны адзначыў асаблівую ролю ў падрыхтоўцы фільма палкоўніка запасу, лётчыка-снайпера, бацькі Андрэя Уладзіміра НІЧЫПОРЧЫКА. Ён выступіў галоўным кансультантам, а на магіле свайго сына сказаў, што сын паступіў правільна. «Толькі сапраўдны герой-патрыёт можа вырасціць героя-патрыёта», — сказаў Віктар Хрэнін.

Галіна НІЧЫПОРЧЫК, мама Андрэя расказала пасля прагляду фільма, што не змагла стрымаць слёз. «Мы перажывалі шчаслівыя моманты, калі былі ўсе разам», — такімі думкамі падзялілася жанчына.
Мама Мікіты Куканенкі, Наталля СІВУХІНА адзначыла, што фільм пра сына-героя ўпершыню ўбачыла на прэс-паказе ў сярэдзіне красавіка. «Тады было лягчэй, чым сёння. Тут прадстаўлены рэчы сына, выстаўкі ў гонар яго і Андрэя Нічыпорчыка. Мне вельмі прыемна, што ўсе памятаюць пра сына, фільмы ствараюць. Усё пра яго ўспамінаецца толькі светлае», — сказала мама са слязамі на вачах.
Аўтар сцэнарыя і рэжысёр-пастаноўшчык фільма «Адно на дваіх» Іван ПАЎЛАЎ падзяліўся з журналістамі, што з раніцы перад прэм’ерай здымачная група пабывала на месцы трагедыі ў Баранавічах. Там у 2022 годзе і стартавалі здымкі першага матэрыялу. «Толькі цяпер мы пачалі ўсведамляць маштаб таго, што зрабілі. Мы гэтую гісторыю аднавілі для нашчадкаў. Яны яе будуць глядзець многа і доўга, я ў гэта веру. Наш фільм пра просты мужчынскі, афіцэрскі подзвіг», — адзначыў Іван Паўлаў.
Самай складанай маральна ў працэсе здымак ён назваў работу з Уладзімірам Нічыпорчыкам — бацькам аднаго з герояў. «Ён не паказваў эмоцый, калі я ў яго пытаўся пра Андрэя. Мне вельмі складана было казаць бацькам лётчыкаў-герояў: «А ўспомніце яшчэ што-небудзь». Таму што сваімі дзеяннямі я яшчэ раз хваляваў іх душы. Але гэтым фільмам мы не растрывожылі душы, мы проста расказалі ўсім людзям пра тое, што зрабілі гэтыя хлопцы».

Камандуючы ВПС і войскамі СПА Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёр Андрэй ЛУК’ЯНОВІЧ адзначыў, што для захавання памяці аб лётчыках-героях у краіне ўжо праведзена вялікая работа. «У першую чаргу гэта тое, што кіраўнік дзяржавы прызнаў гэты палёт і дадзеную трагедыю сапраўдным подзвігам, і за гэта нашы лётчыкі ўжо ўдастоены самага высокага звання — гэта званне «Героя Рэспублікі Беларусь». Акрамя таго, ужо многія вуліцы, напрыклад, у горадзе Баранавічы, а ў Лідзе школы названыя імёнамі нашых герояў. Што датычыцца фільма, ён пра сяброўства, пра любоў да Радзімы, пра адданасць Айчыне, калі людзі ў любы момант гатовыя ахвяраваць самым каштоўным — сваім жыццём дзеля іншых».
Выканаўца ролі Мікіты Куканенкі Ягор ЧУБАКОЎ за час здымачнага працэсу і паглыблення ў трагічную гісторыю знайшоў падабенства са сваім героем. Здымкі, па словах маладога чалавека, праходзілі даволі складана з-за эмоцый і пачуццяў.
«Былі моманты, якія асабліва ўрэзаліся ў памяць. Напрыклад, сцэна падзення самалёта. Трэба было паспрабаваць зразумець, што адчувалі хлопцы, калі гэта адбывалася, і перадаць спектр эмоцый — ад жадання жыць, злосці на некіравальную машыну да поўнага неразумення, што рабіць. Тым не менш, я па любых пытаннях атрымліваў дапамогу ад калег-акцёраў, рэжысёра. Гэта істотна палегчыла задачу. У фільме шмат камп’ютарнай графікі, таму што на рэальным самалёце зняць такое за гранню магчымага. Некаторыя сцэны здымаліся ў павільёне кінастудыі «Беларусьфільм». Удзячны ўсім, хто дапамагаў на ўсім шляху — акцёрскаму складу, рэжысёру Івану Міхайлавічу і бацьку Андрэя Нічыпорчыка Уладзіміру Леанідавічу, які выступіў пастаянным кансультантам».
З 30 красавіка драму можна паглядзець ва ўсіх кінатэатрах краіны.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота БелТА