Top.Mail.Ru

У Мінску прайшоў вечар, прысвечаны 190-годдзю з дня нараджэння Чакана Валіханава

190-годдзю з дня нараджэння Чакана Валіханава быў прысвечаны вечар у мінскім Доме дружбы, удзельнікамі якога сталі супрацоўнікі пасольства Казахстана, Кыргызстана ў Беларусі і іншых краін СНД, актывісты таварыства дружбы «Беларусь—Казахстан», выкладчыкі і студэнты мінскіх ВНУ і каледжаў.


Усяго двадцаць дзевяць гадоў жыцця падарыў лёс Чакану Валіханаву, якога сучаснікі параўноўвалі з імклівым метэарытам у свеце ўсходазнаўства. Было гэта ў другой палове ХIX стагоддзя. Малады казахскі даследчык і навукоўца паказаў сябе бліскучым географам, этнографам, гісторыкам, фалькларыстам. Сусветная навука не ведала падобных прыкладаў: ён здзейсніў неверагодна складанае падарожжа па малавядомым для даследчыкаў Кашгару (рэгіён Усходняга Туркестана). Яму пашчасціла знайсці ўнікальныя ўсходнія рукапісы. Ім створана першае сістэматызаванае апісанне рэгіёна з вызначанымі геаграфічнымі, дэмаграфічнымі, этнаграфічнымі характарыстыкамі.


Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Цімур Жаксалыкаў нагадаў яскравыя прыклады з біяграфіі Чакана Валіханава: у 21 год малады таленавіты казах стаў членам Рускага імператарскага геаграфічнага таварыства, заклаўшы фундамент для сучаснага Цэнтральна-Азіяцкага ўсходазнаўства. Ён вывучаў побыт і гісторыю народаў Казахстана і Цэнтральнай Азіі, падтрымліваў сувязь з аўтарытэтнымі рускімі навукоўцамі і дзеячамі культуры. 


Філасофія адносін такіх унікальных зорак заўжды выбудоўваецца на павазе да іншых народаў, іх культуры. Жыццё Чакана Валіханава з’яўляецца прыкладам адданасці навуцы і патрыятызму. Навуковец апярэджваў свой час, яго спадчына і сёння не губляе актуальнасці. Пра гэта гаварылі ў сваіх выступленнях Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эрбол Султанбаеў, дацэнт гістарычнага факльтэта Белдзяржуніверсітэта Алег Перзашкевіч. 


Член рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з Парламентам Рэспублікі Казахстан Сяргей Давыдаў заўважыў, што Беларусь і Казахстан аб’ядноўвае ўзаемная павага да суверэнітэту і традыцыйных каштоўнасцяў, актыўнае ўзаемадзеянне ў справах СНД, АДКБ і эканамічным супрацоўніцтве. Сувязі ў эканоміцы і вытворчасці няспынна пашыраюцца, рэалізуюцца праекты ў прамысловасці і аграпрамысловым комплексе. Мостам, які яшчэ больш умацоўвае сувязь нашых народаў на ўзроўні гістарычнай памяці і духоўных каштоўнасцяў, з’яўляюцца адносіны ў галіне культуры. Таму спадчына Чакана Валіханава выходзіць за рамкі геаграфічнай і этнаграфічнай меж. 


Не толькі ўспаміны пра славутага навукоўца гучалі ў зале Дома дружбы. Тут была разгорнута выстава графікі — унікальных малюнкаў пра традыцыйныя казахскія народныя святы, абрады. Кожны малюнак суправаджаўся тэкстам з расповедам пра жыццё простых людзей, якое ў свой час плённа вывучаў Чакан Веліханаў. 


Мілагучныя акорды народных інструментаў дапаўнялі атмасферу гэтага вечара. Фантазіі на тэму народных мелодый Казахстана выконваў ансамбль Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю