Жаночыя зборныя Беларусі і Расіі па баскетболе сустрэліся ў Мінску ў рамках Кубка Сямёна Халіпскага. Два спаборніцкіх дні, як гэта звычайна бывае ў жаночым баскетболе, атрымаліся насычанымі на разнастайныя эмоцыі.
У першы дзень турніру беларуская зборная стартавала рашуча і ўпэўнена, у першай палове матчу вырвашыўся наперад. Але ў другой палове перавагу заваявалі расіянкі і больш яе не аддавалі. Матч скончыўся вынікам 82:61 на карысць расійскай зборнай.
«У першай палове матчу трымалі свой шчыт, гулялі на роўных, вялі ў ліку, аднак як толькі сталі даваць забіваць свабодныя, як толькі перасталі стрымліваць больш магутную пярэднюю лінію расіянак, пачаліся праблемы. Сталі спрабаваць іх даставаць, сталі спяшацца, сталі рабіць памылкі. Бадзёра пачалі, але ў другой палове не патрапілі ў адказ: калі нам тры прылятае, хочацца адказаць той жа траячкай, а ў нас па выніку 2 з 17. Хацелася б іншага выніку, але пакуль як ёсць. Для таго, каб ісці наперад і найграваць моладзь, трэба гуляць на міжнародным узроўні, таму для нас важныя гэтыя матчы», — адзначыў у размове з журналістамі трэнер жаночай зборнай Беларусі Аляксей Пынцікаў.
На другі дзень у беларускую зборную верылі яшчэ мацней. І дзяўчаты не падвялі сваіх аматараў, якіх на трыбунах сталічнага Falcon Club было нямала. На гэты раз беларускі свайго не ўпусцілі і вынік 81:71 таму пацверджанне.
«Вялікі дзякуй трба сказаць нашым вядучым гульцам. Гэта нават не проста праца над памылкамі, гэта шалёнае жаданне паказаць, што яны здольны паказаць вынік. І што нямалаважна, усе 12 выходзілі на пляцоўку і ўносілі свій уклад у агульны вынік», — падвёў вынік гульні Аляксей Пынцікаў. Па яго словах, расійская зборная, нават няглядзячы на адхіленне ад міжнародных стартаў, адна з наймацнейшых у Еўропе. Таму гуляць з імі вельмі важна. Аляксей Пынцікаў заўважыў, што ў нацыянальнай зборнай Беларусі ўзялі курс на амаладжэнне саставу. Нават у гэтым матчу свой уклад унеслі Марья Бойка і Марыя Ляскоўская, якім у гэтым годзе толькі споўніцца 18 гадоў.
Гулец зборнай Беларусі Юлія Васілевіч падкрэсліла, што ў першай гульні было шмат памылак, якія баскетбалісткі мінімізавалі ў другой. «Другі матч мы гулялі больш камандна і вынік на табло. -адзначыла яна. — Я вельмі рада, што мы сустрэліся тут. Я вельмі сумавала па роднай пляцоўцы, па родных сценах, па гледачах, па зборнай. Дома заўсёды добра. І я вельмі рада, што Беларуская федэрацыя баскетболу змагла арганізаваць такі прэстыжны турнір і мы ўсе разам сабраліся і згулялі класныя матчы».
У рамках Кубка Халіпскага з вялікага спорту праводзілі гульца нацыянальнай жаночай зборнай Вольгу Зюзькову. Яна ўваходзіла ў склад зборнай, якая на Алімпійскіх гульнях 2016 года заняла дзявятае месца. Вольга Зюзькова — фіналістка чэмпіянатаў свету і Еўропы. У сваёй кар’еры выступала за клубы Беларусі, Літвы і Узбекістана. Дзевяціразовая чэмпіёнка Беларусі і шматразовая ўладальніца Кубка Рэспублікі Беларусь. Чэмпіёнка Балтыйскай Жаночай Баскетбольнай Лігі 2015 года ў складзе баскетбольнага клуба «Цмокi-Miнск». Чэмпіёнка Еўрапейскай Жаночай Баскетбольнай Лігі 2021 года ў складзе баскетбольнага клуба «Гарызонт». Удзельніца Еўракубкаў ФІБА. Неаднаразова прызнавалася лепшай абаронцай Чэмпіянатаў і Кубкаў Рэспублікі Беларусь.
«Асобныя словы падзякі хацела б сказаць тым людзям, якія ў свой час паверылі ў мяне і да гэтага часу вераць, толькі ўжо крыху ў іншым амплуа. Я вельмі радая і ганаруся, што ў сваім жыцці мне прыйшлося абараняць нашу краіну і выступаць за зборную Беларусі на міжнародных спаборніцтвах. Дзяўчынкам з каманды хацелася б пажадаць цярпення, удачы і, вядома ж, максімальная колькасць новых перамог!», — сказала Вольга Зюзькова.
Фота Лізаветы ГОЛАД.