Сярод удзельніц – інжынеры, урачы, педагогі... Кожная з іх – жывы прыклад таго, як можна спалучаць прафесію, хатнія клопаты і выхаванне дзяцей, застаючыся прыгожай і натхнёнай, бо мацярынства – гэта самы модны трэнд на ўсе часы.
Адна з удзельніц конкурсу Ізабэла Кудрова, мама чацвярых дзяцей, інжынер па ахове працы на МАЗе і прадстаўніца Заводскага раёна, прыйшла з усёй сям'ёй. Яна расказала, што ідэя ўдзельнічаць у конкурсе нарадзілася невыпадкова: дзеці Ізабэлы цікавяцца спартыўнымі танцамі, плаваннем, вучацца ігры на скрыпцы – і нярэдка займаюць прызавыя месцы на міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Жанчына прызналася, што ёй хочацца не толькі развіваць дзяцей, але і сваім прыкладам паказваць ім, што жыццё – гэта заўсёды рух наперад.

«Я заўжды стараюся быць для іх прыкладам. Калі дзеці бачаць, што я не спыняюся, што вучуся новаму, што я смелая – яны таксама становяцца такімі. Нашы ўчынкі – найлепшае выхаванне», – лічыць Ізабэла.
- На конкурсе яна прадставіла свой талент – ігру на скрыпцы. У выкананні канкурсанткі гучалі мелодыі, у якіх чуліся і гонар, і пяшчота, і сіла мацярынскага сэрца. А яшчэ яна вынесла на суд журы сямейны смятанны пірог, які разам з ёй заўсёды гатуюць усе чацвёра дзяцей. «У нас пакуль няма духоўкі, але ёсць патэльня, і гэта страва заўжды атрымліваецца асаблівай, бо яе гатуюць усе разам», – падзялілася гаспадыня.
Сярод удзельніц вылучалася Алена Жураўлёва – маці пяцярых дзяцей, якая растлумачыла, чаму вырашыла далучыцца да праекта: «Год беларускай жанчыны – значная падзея. Нам прапанавалі паказаць сябе ў трох вобразах: маці, прафесіянала і творчай асобы. Мы хацелі данесці: шматдзетная маці – гэта сіла, прыгажосць і натхненне». Жанчына таксама адзначыла, што ордэн Маці – не фармальнасць, а сапраўднае прызнанне штодзённага подзвігу.
Кожная ўдзельніца – асобны сусвет, дзе пераплятаюцца прафесія, мацярынства і творчасць. Так, Аксана Пабедаш з Савецкага раёна – урач-рэабілітолаг, які вяртае людзям радасць руху, а дома яе чакаюць шасцёра дзяцей. Чатыры дачкі і два сыны. Іх граматы і дыпломы – найлепшае пацвярджэнне таго, што маміна энергія працуе на поўную сілу. На конкурсе Аксана паказала тры грані: прафесію, дзіцячыя поспехі і песню пра Беларусь, якую выканала, па яе словах, ад сэрца. Галоўная яе мэта – каб дзеці раслі патрыётамі, каб любілі свой край, свае карані. Старэйшай дачцэ – 31, малодшай – 9. Розніца вялікая, але ў сям'і цэняць адно аднаго і ганарацца кожным крокам.

Вікторыя Гасанава – маці шасцярых сыноў, загадчыца крамы ў Маскоўскім раёне сталіцы. Яна шчыра прызнаецца: сумяшчаць працу і дом – няпроста. Але ў яе ёсць надзейны тыл: муж Руслан, старшы майстар ліцейнага цэха на МАЗе, і старэйшыя хлопцы, якія ўжо самі забіраюць малодшых з садка. «Без іх я не справілася б, яны – мая апора», – гаворыць яна.
Яшчэ адна яркая постаць імпрэзы – Вольга Камзова з Бабруйска, маці траіх дачок, старшыня мясцовай асацыяцыі шматдзетных бацькоў і кіраўнік сямейнага клуба. Яна пераканана: з нараджэннем дзяцей жыццё не звужаецца да кухні і падгузкаў – наадварот, яно набывае новую глыбіню і сэнсы. Яе актыўная пазіцыя – жывы доказ таго, што маці можа быць і грамадскім лідарам, і натхняльніцай для іншых.

Старшыня праўлення нагадала пра дзяржаўную падтрымку: 11 відаў дапамог, трохгадовы дэкрэт, сямейны капітал, ільготы на жыллё... Дзякуючы гэтаму, колькасць шматдзетных сем'яў у Мінску расце. Сёння ў сталічнай арганізацыі пад кіраўніцтвам Таццяны Краўчанка іх каля 700–800. Конкурс прайшоў у цёплай атмасферы, а галоўнай узнагародай для ўдзельніц стала магчымасць падзяліцца сваімі гісторыямі. Арганізатары падкрэслілі: мацярынства не спыняе, а натхняе, і тры вобразы – жонкі, маці, працаўніцы – насамрэч адзін цэлы вобраз сілы і прыгажосці.

Надзея ЗУЕВА
Фота Ксеніі ЛІННІК