Top.Mail.Ru

У Мінску прапануюць абмеркаваць рэканструкцыю парку Чалюскінцаў

У Мінску на грамадскае абмеркаванне вынесена архітэктурна-планіровачная канцэпцыя рэканструкцыі парку імя Чалюскінцаў. Адпаведная інфармацыя размешчаная на сайце адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы, паведамляе БелТА.



Мэтай рэканструкцыі з’яўляецца добраўпарадкаванне тэрыторыі ў адпаведнасці з дзеючымі нарматыўнымі патрабаваннямі, з улікам планіроўкі прылеглай тэрыторыі, існуючых падыходаў і пад’ездаў, а таксама зялёных насаджэнняў.

Згодна з праектам, плануецца ўзвядзенне пляцовак для размяшчэння нестацыянарных міні-кафэ і гандлёвых павільёнаў, іх устаноўка з падключэннем да сетак водазабеспячэння, водаадвядзення і электразабеспячэння. 

У планах — аздабленне кас па продажы білетаў, устаноўка малых архітэктурных формаў і стварэнне бесперапыннага ўніверсальнага безбар’ернага асяроддзя, адаптаванага для асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Прадугледжана ўпарадкаванне пляцовак (у тым ліку падмуркаў) і пракладка інжынерных камунікацый.

У парку хочуць устанавіць новыя атракцыёны наўзамен тых, якія выпрацавалі нарматыўны тэрмін службы, замяніць ліхтары вонкавага асвятлення па цэнтральнай алеі, зладзіць кантэйнерныя пляцоўкі для збору смецця на месцы існуючых і ўстанавіць дзіцячы гульнявы комплекс на месцы старога.

Грамадскае абмеркаванне праходзіць з 5 па 19 лютага ў электронным выглядзе. Прэзентацыя аб’екта таксама будзе праводзіцца ў электронным фармаце на афіцыйным сайце адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска ў раздзеле «Грамадскія абмеркаванні». Там жа размешчана інфармацыя пра спосабы падачы заўваг і прапаноў. Акрамя таго, матэрыялы праекта ў друкаванай форме будуць даступныя ў вестыбюлі будынка адміністрацыі Першамайскага раёна.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю