Прадстаўнікі ўсіх гарадоў-герояў Беларусі і Расіі сабраліся гэтымі днямі ў Мінску. У нашай краіне праходзіць маладзёжны форум «Нашчадкі Вялікай Перамогі», які прымеркаваны да 80-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Каля паўсотні ўдзельнікаў з Мінска, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Валгаграда, Мурманска, Смаленска, Тулы, Керчы, Новарасійска, Севастопаля і Брэста не толькі пазнаёмяцца з памятнымі мясцінамі Беларусі, такімі як Хатынь, Курган Славы, Брэсцкая крэпасць, але і раскажуць пра гераічнае мінулае свайго горада, падзеляцца асабістым вопытам работы па захаванні гістарычнай памяці. Мерапрыемства арганізавана Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі.
Вітаючы маладых людзей, старшыня ФПБ Юрый СЯНЬКО нагадаў, што Вялікая Айчынная вайна пакінула і шмат перамог нашых суайчыннікаў, і, на жаль, шмат сумных падзей для Беларусі і Расіі. Народы нашых краін маюць агульныя карані, агульную гісторыю, агульнае разуменне, што сёння неабходна адстойваць і абараняць.
— Падчас Вялікай Айчыннай вайны Беларусь першая з усіх саюзных рэспублік прыняла на сябе ўдар фашыстаў, перажыла найцяжэйшыя 1133 дні акупацыі. Наша краіна была амаль цалкам разбурана. Жанчын, дзяцей, старых сотнямі тысяч забівалі, зажыва спальвалі проста за тое, што яны жылі на сваёй роднай зямлі. Перажыўшы ўсё гэта, наш народ на генетычным узроўні засвоіў: нацызм — гэта абсалютнае зло. Менавіта таму ў нашай краіне на дзяржаўным узроўні забяспечваецца абарона гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Больш за тое, гэта норма ўнесена ў Канстытуцыю нашай краіны, прыняты законы аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму і генацыдзе беларускага народа, — адзначыў Юрый Сянько.
Ён дадаў, што падзеі, якія сёння адбываюцца ў свеце, пацвярджаюць: гісторыя сапраўды цыклічная.
— На жаль, мы бачым, што ў шэрагу краін ізноў пачынаюць распаўсюджвацца і нават падтрымлівацца ідэі нацызму. Бачым, як наўмысна скажаецца праўда пра Вялікую Айчынную вайну, як катаў спрабуюць зрабіць героямі, а праўду пра сапраўдных герояў пахаваць разам са сведкамі тых страшных падзей. Хоць 80 гадоў таму не толькі Савецкі Саюз, але і ўвесь свет быў упэўнены, што перамагаў зло. На Нюрнбергскім працэсе даказана: менавіта гітлераўская Германія развязала Другую сусветную вайну, былі асуджаны галоўныя нацысцкія злачынцы, прызнаны злачыннымі шэраг арганізацый і тыя, хто ў іх служыў. А самае галоўнае — злачыннай была прызнана сама ідэалогія нацызму, — падкрэсліў Юрый Сянько, дадаўшы, што сёння заходні свет робіць усё, каб перапісаць гэту задакументаваную і пацверджаную фактамі гісторыю.
Ён звярнуў увагу, што ў заходніх краінах знішчаюцца помнікі воінам-вызваліцелям, падтрымліваюцца неанацысцкія фарміраванні, ушаноўваюцца людзі, якія асабіста вінаватыя ў масавых забойствах, і ў цэлым праводзіцца палітыка, калі заходнія краіны зноў спрабуюць падпарадкаваць сабе іншыя дзяржавы.
— Менавіта з гэтай мэтай развязваюцца войны, арганізоўваюцца «каляровыя рэвалюцыі», уводзяцца санкцыі. І наўрад ці тыя, хто праводзіць такую палітыку, адмовяцца ад гэтых ідэй. Тыя ж краіны Заходняй Еўропы стагоддзямі жылі за кошт падпарадкавання іншых дзяржаў. І цяпер, няхай і іншымі метадамі, імкнуцца да таго ж, — удакладніў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, дадаўшы, што сёння не ўсе маладыя людзі ведаюць праўду пра тую трагедыю, якую перажылі нашы народы падчас Вялікай Айчыннай вайны. Улічваючы гэта, рабоце па захаванні гістарычнай памяці ў апошнія гады ў нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага.
У важнасці захавання гістарычнай памяці пераканана і ўдзельніца форуму з Масквы Аляксандра МАЗУР.
— Галоўнае — мы павінны перадаваць нашым дзецям і ўнукам тыя цяжкія эмоцыі, каб яны разумелі: не проста так дадзена мірнае жыццё на Зямлі, трэба шанаваць і паважаць гісторыю. 2 красавіка — Дзень яднання нашых брацкіх народаў, якія змаглі плячо ў плячо зрабіць каласальны ўнёсак у Вялікую Перамогу, за якую мы, новыя пакаленні, ім вельмі ўдзячныя. Калі гартаеш падручнікі па гісторыі, ты проста чытаеш літары. А тут хлопцы і дзяўчаты на свае вочы адчуюць дух патрыятызму і гонару — за прадстаўленне свайго горада-героя, сваіх гераічных продкаў, родных і блізкіх. Менавіта па такую атмасферу сюды прыехала я. І мая мара — убачыць Брэсцкую крэпасць — неўзабаве здзейсніцца.
Сяргей ШАБАШОЎ, дэлегат з Керчы, у нашай краіне ўпершыню і таксама мае вялікае жаданне больш даведацца пра гістарычныя месцы.
— Я паглядзеў фільм пра Брэсцкую крэпасць. У нас плануецца туды экскурсія, якую я з хваляваннем чакаю. Ведаю, што Мінск з’яўляецца горадам-героем, а Брэсцкая крэпасць — адзіная крэпасць, якая атрымала званне крэпасці-героя. Вельмі рады, што ўдасца пабываць у іх.
Форум завершыцца 4 красавіка. Кожнай дэлегацыі гарадоў-герояў будзе ўручаны сімвалічны знак са жменькай зямлі з усіх гарадоў-герояў Беларусі і Расіі. Завяршальным акордам стане пасадка Алеі Памяці гарадоў-герояў у сталічным Парку Перамогі.
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА