Top.Mail.Ru
232

У Мінску прадставілі кнігу «Мая Плісецкая» да 100-годдзя легендарнай балерыны

Адсюль паходзілі яе бацькі. Пра гэта паведаміў аўтар Мікалай Ефімовіч, старшыня тэлерадыёкампаніі Саюзнай дзяржавы, які і сам мае беларускія карані. 


Сёлета ў лістападзе адзначалася 100-годдзе зоркі сусветнага балета. І да гэтай даты Міхаіл Ефімовіч падрыхтаваў фільм (дэманстраваўся ў рамках кінафестывалю «Лістапад») і біяграфічную кнігу, якая выйшла ў серыі «Жыццё знакамітых людзей». Аўтар быў не проста знаёмы з Маяй Міхайлаўнай, ён кантактаваў з ёю цягам дваццаці гадоў. Гэта другая яго кніга пра выдатную артыстку, якая стала сімвалам савецкага балета.


У кнізе ёсць нататкі пра дзяцінства Маі Плісецкай, якія рабіла яе цётка, артыстка Лізавета Месэрэр. Ёсць лісты самой гераіні да сяброў юнацтва. Кніга не пра балет, а пра чалавека, — падкрэслівае аўтар, якога падтрымаць падчас прэзентацыі прыехалі вядомыя расійскія журналісты Віталь Траццякоў і Уладзімір Мамантаў, у якіх ёсць свае ўспаміны пра легендарную артыстку. Таксама як і ў зоркі беларускага балета Інесы Душкевіч, якая сутыкалася з Маяй Міхайлаўнай падчас гастроляў, і ў артысткі Вялікага тэатра Беларусі Ганны Фокінай, якую калісьці Плісецкая благаславіла на выступленне ў галоўнай партыі ў «Кармэн-сюіце», якую Радзівон Шчадрын стварыў менавіта дзеля сваёй каханай жонкі. Шмат якія цікавыя факты з яе біяграфіі выкладзены ў кнізе, якая павінна паступіць у продаж у нашай краіне. 

— Што да каранёў Маі Міхайлаўны, то сувязь з Беларуссю сапраўды ёсць, — адзначыў Міхаіл Ефімовіч. — Мама балерыны з Вільні, а яе бацькі — з мястэчка Далгінава, што пад Вілейкай. 

Тата нарадзіўся ў Гомелі. Бацькі Міхаіла Плісецкага збіраліся з маленькім дзіцем з’язджаць у Амерыку ў пошуках лепшага жыцця, як шмат хто ў царскай Расіі. Ужо афармляліся дакументы, але трэба было праходзіць медкамісію, бо наперадзе чакаў доўгі няпросты шлях. Дзядуля Маі Міхайлаўны быў не вельмі здаровы, яму не далі дазвол. Так сям’я засталася ў Гомелі. А калі б яны з’ехалі, то Міхаіл не сустрэў бы Рахіль — яны пазнаёміліся ўжо ў Маскве. Нарадзілася Мая. У кнізе я больш пісаў пра жыццё зоркі, якой яна была. І сапраўды ёсць унікальныя факты. Было такое, што яна збіралася звесці рахункі з жыццём, у адным лісце пісала: «Мне тошна...» Яе не ўзялі на першыя гастролі ў Лондан. А гэта быў для яе выхад на сусветную сцэну. Ёй ужо было сумнавата, хацелася прасторы... Шмат усяго ў жыцці было. І ўпершыню (я выпадкова знайшоў гэты архіў) друкуецца ліст яе сваякоў пасля выхаду яе скандальных мемуараў. Сваякі — гэта дзве вялікія яўрэйскія сям’і. Усе вельмі хацелі пагрэцца ў промнях святла, калі Мая заззяла як зорка. Яны лічылі, што гэта і іх жыццё таксама. А яна так не лічыла. Вельмі складаныя былі адносіны са сваякамі, акрамя адной стрыечнай сястры па бацькоўскай лініі, якой цяпер 98 гадоў. Я з ёй сустракаўся, яна сказала: «У Маі заўсёды было альбо белае, альбо чорнае»...

Мо таму і стала легендай, што была па сутнасці бескампраміснай. Калі мастацтва — то мастацтва. А калі майстэрства — толькі найвышэйшае. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Чытайце таксама: Прэзентацыя кнігі «Пісьменніцкія вандроўкі» адбылася ў Мінску

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю