Top.Mail.Ru

У Мінску падлеткі дапамаглі затрымаць п’янага хулігана

На разгляд у суд накіравана крымінальная справа ў дачыненні да 37-гадовага раней неаднаразова судзімага гараджаніна, якога абвінавачваюць у здзяйсненні злоснага хуліганства, паведамляе «Минск-Новости».


Будучы ў стане алкагольнага ап’янення, абвінавачаны зайшоў у прадмаг на бульвары Шаўчэнкі і паспрабаваў выкрасці чатыры бутэлькі віскі. Касір заўважыла гэта і сказала вярнуць тавар на месца. Фігурант, выказаўшыся нецэнзурна ў яе адрас, сышоў і стаў піць на вуліцы алкагольны напой, які быў у яго.

Сведкамі здарэння сталі двое падлеткаў 15 і 18 гадоў. Заўважыўшы, што мужчына неўзабаве зноў накіраваўся ў магазін, яны рушылі ўслед за ім і папярэдзілі касіра. Тая націснула трывожную кнопку і зачыніла ўваходныя дзверы на ключ.

Зламыснік спалохаўся, пачаў біцца аб шкленне дзвярэй галавой, нанёс па іх некалькі ўдараў нагой. Падлеткі таксама паспрабавалі не даць хулігану ўцячы, але той, разбіўшы шкло, выбраўся праз праём на вуліцу. Там ён пачаў выкрыкваць у адрас хлопцаў розныя пагрозы і абразы, замахваўся ў іх бок, пасля чаго стаў уцякаць. Адзін з падлеткаў пачаў яго пераследваць, а другі застаўся чакаць прыезду міліцэйскага нараду.

Падазраванага неўзабаве затрымалі, у дачыненні да яго распачалі чарговую крымінальную справу. Сума нанесенага ім гандлёваму пункту ўрону склала больш за 350 рублёў.

— Абвінавачаны нідзе афіцыйна не працаўладкаваны, раней неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, у тым ліку за ўчыненне аналагічных злачынстваў, мае не знятую і не пагашаную ва ўстаноўленым законам парадку судзімасць, — пракаменціраваў намеснік пракурора Цэнтральнага раёна Віктар Шубіч. — Яму прад’яўлена абвінавачанне ў наўмысных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, якія суправаджаюцца пагрозай прымянення насілля і пашкоджаннем чужой маёмасці, учыненых паўторна (злосным хуліганстве), гэта значыць, у злачынстве, прадугледжаным ч. 2 арт. 339 КК, санкцыя якой — аж да шасці гадоў пазбаўлення волі. Віну грамадзянін цалкам прызнаў, у зробленым раскаяўся. Згодна з заключэннем эксперта, ён мае патрэбу ў прымусовым лячэнні ад хранічнага алкагалізму і наркаманіі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю