Галоўная прыгажуня краіны заззяла пад захопленыя апладысменты маленькіх і дарослых мінчан, а таксама гасцей сталіцы. Адначасова з гэтай падзеяй у Мінску запрацавала светлавая ілюмінацыя. І 28 святочных ялінак, якія таксама ўпрыгожваюць сталіцу да Новага года, засвяціліся яркімі агнямі на цэнтральных раённых пляцоўках.
У гэтым годзе эфектная 30-метровая ёлка ўпрыгожана залатымі і сярэбранымі шарамі, а таксама дызайнерскімі элементамі, якія дзякуючы сваёй графіцы выглядаюць аб’ёмнымі і жывымі. Вакол ёлкі ўстаноўлены аркі, якія сімвалізуюць 12 месяцаў у годзе, кожная з якіх таксама дэкараваная яркімі цацкамі.
Як расказалі на прадпрыемстве «Мінгарсвятло», галоўная ёлка ўпрыгожаная 128 гірляндамі рознай даўжыні. Працягласць сеткі ілюмінацыі на навагодняй ёлцы — 3,3 км, або 22 тыс. светлавых элементаў, якія інтэграваныя ў адзіную складаную сістэму, што забяспечвае выкананне розных сцэнарыяў, якія запраграмаваны майстар-кантролерам, устаноўленым на ёлцы.