Top.Mail.Ru
71

У Мінску інвестарам даступна больш за 90 пляцовак для стварэння бізнесу

Клімат спрыяльны


У Беларусі сапраўды створаны спрыяльны бізнес-клімат. Прыватныя ініцыятывы працуюць у тым ліку ў цеснай звязцы з дзяржаўнай падтрымкай. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку прадугледжвае, што яшчэ адным апорным пунктам для тэхналагічнага развіцця краіны стане менавіта бізнес, паведамляе «Першы інфармацыйны».

У нашай краіне створана ўсё, каб кожны рубель інвестыцый рабіў максімальны ўклад у рост эканомікі і, як следства, павышэнне якасці жыцця беларусаў. Толькі ў Мінску інвестарам даступна больш за 90 інвестыцыйных пляцовак для стварэння бізнесу.

Варыянты для прапановы патэнцыяльным інвестарам існуюць на тэрыторыі кожнага раёна сталіцы, але найбольшая іх колькасць засяроджана ў Заводскім раёне. Акцэнты на аб’ектах, якія будуць прыносіць значную карысць для горада і ў цэлым краіны.

— На бізнес-партале Мінска размешчаны 94 інвестыцыйныя пляцоўкі для бізнесу. Пляцоўкі з розным функцыянальным прызначэннем, пачынаючы ад вытворчых, заканчваючы пляцоўкамі для размяшчэння аб’ектаў крокавай даступнасці, такіх як гандлёвых, спартыўных аб’ектаў, фізкультурна-аздараўленчых, — паведаміў старшыня Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Віктар Гуцько.

Мінск цікавы ў многіх кірунках: як у сферы жылой забудовы, так і ў прамысловай частцы. Такія пляцоўкі падлягаюць трансфармацыі пад стварэнне новых значных аб’ектаў. На бізнес-партале Мінска публікуецца ўся актуальная інфармацыя аб сталічных інвестпляцоўках.

— У цяперашні час Банк развіцця стаў цэнтрам кампетэнцый па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, — адзначыў начальнік філіяла Банка развіцця ў Мінску Яўген Губейка. — Назапашаны вопыт і экспертыза супрацоўнікаў Банка развіцця дазваляе на сённяшні дзень любым суб’ектам гаспадарання, любой формы ўласнасці рэалізоўваць маштабныя праекты і важныя для краіны ініцыятывы.

Спецыялісты адзначаюць, што попыт на фінансаванне ёсць. На працягу 2025 года па Мінску і Мінскай вобласці Банкам развіцця заключана 13 інвестыцыйных крэдытных дагавораў агульнай сумай фінансавання каля 370 мільёнаў беларускіх рублёў.

— На працягу 2025 года па дзеючых крэдытных дагаворах і па новых крэдытных дагаворах прадастаўлена каля 450 мільёнаў беларускіх рублёў. Уведзена ў эксплуатацыю пяць новых аб’ектаў. Гэта аб’екты ў сферы цяплічнай гаспадаркі, малочнатаварны комплекс, перапрацоўка малака, фармацэўтычная вытворчасць і арганізацыя вытворчасці аснасткі для прадпрыемстваў здабыўнай прамысловасці, растлумачыў Яўген Губейка.

Бізнес-клімат нашай краіны падтрымлівае і моладзь. Гэты прынцып у Беларусі выконваецца няўхільна. Свежыя ідэі і нестандартны падыход дазваляюць стварыць сектар эканомікі, які дынамічна развіваецца.

— На працягу досыць доўгага перыяду часу можна атрымліваць і фінансавую падтрымку. Такімі прыкладамі з’яўляюцца гранты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы адукацыі, навукі, маладзёжнай палітыкі, культуры, а таксама конкурс маладзёжных ініцыятыў і іншыя розныя ініцыятывы, дзе вы ў прынцыпе можаце рэалізаваць свае праекты, сваю ідэю, — падкрэсліла ўладальнік гранта Прэзідэнта Беларусі ў 2025 годзе Дар’я Паўлоўская.

Акрамя таго, з 1 лютага ў Беларусі субсідыі ад дзяржавы на арганізацыю сваёй справы выраслі амаль да 10 тысяч рублёў.

Эфектыўныя рашэнні

У 2025 годзе рэзідэнты Мінскага тэхнапарка выпусцілі прадукцыі на 600 мільёнаў рублёў

Мінскі тэхнапарк удасканальваецца і пашырае свае плошчы. Лакацыя на Партызанскім праспекце ў сталіцы цяпер працуе на поўную моц.

Трансфармацыя індустрыяльнай спадчыны Мотавелазавода пачалася пяць гадоў таму. Тады цэхі перабудавалі на інавацыйны лад. Увесь цыкл рэканструкцыі стаў горадабудаўнічым рыўком для Мінска. Больш за 27 гектараў і 22 будынкі ўтварылі адзіную сістэму тэхнапарка. Справіліся на чатыры гады раней за план.

У індустрыяльным кластары цяпер 40 рэзідэнтаў. Льготная арэнда, падатковыя прэферэнцыі, кааперацыйныя сувязі — такі бізнес-клімат у плюс да развіцця інавацыйных ідэй.

У 2025 годзе рэзідэнты Мінскага тэхнапарка сумарна выпусцілі прадукцыі больш чым на 600 мільёнаў рублёў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю